«Разумелі, што за гэта нас маглі арыштаваць». Тры беларускія газэты, якія выступілі супраць путчу

19 жніўня, у дзень путчу, у беларускія рэдакцыі адно за адным прыходзілі паведамленьні-загады ад ГКЧП. І хоць пранезалежніцкія настроі былі ў шмат якіх рэдакцыях, на наступны дзень з асуджэньнем путчу выйшлі два выданьні — «Народная газета» і «Звязда». Антыпутчысцкі нумар «Знамени юности» зьнялі з друку. Што адбывалася ў тыя дні ў рэдакцыях, Свабодзе распавялі былыя газэтчыкі.

«Народная газета»: Здаў нумар, выпіў шклянку гарэлкі і стаў чакаць, калі па мяне прыедуць

З самай вострай крытыкай ГКЧП 20 жніўня выйшаў нумар «Народнай газеты» — органа Вярхоўнага Савету БССР. Яе рэдактар Ёсіф Сярэдзіч быў у адпачынку. У тыя дні рэдакцыяй кіраваў намесьнік рэдактара Аляксандар Класкоўскі.

«19-га, помню, мы як на іголках сядзелі ў рэдакцыі, — расказаў Свабодзе Класкоўскі. — Не выключалі, што аўтаматчыкі ўварвуцца і тут жа арыштуюць нас. Бо хадзілі чуткі, што стаяць ужо вагоны для тых, хто ў чорным сьпісе — для ўсіх перабудоўшчыкаў».

Аляксандар Класкоўскі

Рэдакцыя газэты разьмяшчалася тады ў Доме ўраду. Класкоўскі кажа, што ўлада ў тыя дні была паралізаваная: усе чыноўнікі хаваліся па кабінэтах, ні ад кога немагчыма было дабіцца інтэрвію, сакратары стаялі ў прыёмных і на сьмерць адбіваліся — баранілі ад журналістаў сваё начальства.

«Усе пазашываліся, каб ня браць на сябе ніякай адказнасьці, — кажа Класкоўскі. — Паводзіны беларускай намэнклятуры былі менавіта такія — „хавайся ў бульбу“. Панаваў настрой, каб ціха пераседзець і паглядзець, на чый бок схіліцца фартуна».

Але рэдакцыя не магла сабе дазволіць ціха пераседзець. Хоць гэта было і рызыкоўна, але ў «Народнай газеце» вырашылі захаваць вернасьць Канстытуцыі і законнаму прэзыдэнту Гарбачову.

У нумары 19 жніўня выйшлі некалькі пастановаў ГКЧП. Іх вырашылі даць, каб чытачы ведалі, што насамрэч адбываецца. У процівагу путчыстам у «Народнай газеце» далі заяву прагрэсіўнай групы дэпутатаў і артыкул Паўла Якубовіча, які на той час быў дэмакратычным публіцыстам і адным зь першых пёраў рэдакцыі.

«Мы бралі на сябе адказнасьць і разумелі, што калі б путчысты перамаглі, гэта былі б арышты, — кажа Класкоўскі. — Закратаваныя вагоны, а можа, яшчэ і горшыя наступствы. Гэта ўжо праз тры дні адлягло ад сэрца, і мы з гумарам узгадвалі той дзень».

Пасьля таго як нумар здалі, Класкоўскі вярнуўся дамоў і патэлефанаваў у друкарню, каб упэўніцца, ці ўсё ў парадку. Яму адказалі, што нумар пачалі друкаваць.

«Я вярнуўся дадому, закурыў, хоць да гэтага некалькі гадоў не курыў. Потым адкаркаваў пляшку гарэлкі. Цэлую шклянку, без закускі. Выпіў і стаў чакаць, што могуць прыехаць да мяне і проста забраць. Потым уключыў прыёмнік, а там рэпартаж з Масквы — зь Белага дому. Белы дом трымаецца, Ельцын адозву напісаў. Стала неяк лягчэй. І падумаў — можа, путчысты яшчэ не перамогуць».

Класкоўскі кажа, што толькі дзякуючы паралічу ўлады «Народную газету» прапусьцілі ў друк. Але 19-га жніўня яшчэ ніхто ня ведаў, як павернуцца падзеі далей.

«Усё было вельмі неадназначна. Гэта цяпер, постфактум, лёгка маляваць сябе героем. Я не малюю сябе героем. Я рыхтаваўся сушыць сухары. Газэта — гэта гістарычны дакумэнт. І калі што, гэты нумар будзе фігураваць на судзе ў абвінаваўчым заключэньні».

«Знамя юности»: Напісалі зварот да вайскоўцаў, паслалі трох карэспандэнтаў у Маскву

Моцны антыпутчысцкі нумар меўся выйсьці ў «Знамени юности» — самай папулярнай газэце таго часу. Афіцыйна яна была органам камсамолу, але фактычна — прагрэсіўнай перабудовачнай газэтай.

Юры Вэльтнэр, рэдактар інтэрнэт-газэты «Беларускія навіны», у той час быў намесьнікам рэдактара «Знамёнкі». 19-га ён быў у адпачынку на лецішчы ў бацькоў. Але калі пачуў па радыё паведамленьне пра путч, сабраўся і паехаў у Менск на працу.

Па тэлетайпе ў рэдакцыю цэлым патокам ішлі літэрныя стужкі — паведамленьні, абавязковыя для друку. Празь БелТА яны ішлі з Масквы.

«Мы вырашылі, што дадзім адно паведамленьне пра стварэньне гэтага камітэту, чаго ён дабіваецца, якія мэты ставіць, — расказаў Свабодзе Вэльтнэр. — Чытач мае права зь першакрыніцы ведаць інфармацыю. А астатні нумар мы дамовіліся падрыхтаваць па ўласным уяўленьні».

Хтосьці пісаў зварот да вайскоўцаў. Сямён Букчын напісаў публіцыстычны матэрыял. Траіх карэспандэнтаў адправілі ў Маскву — на месца падзей. На першую паласу паставілі партрэт Гарбачова — здымак Мікалая Амельчанкі, які ў той час працаваў у «Звязьдзе».

«Мы тады былі адназначна на баку перабудовы, — кажа Вэльтнэр. — Але ня думалі пра наступствы. Гэта ўжо потым, калі ўсё адгрымела, сталі задумвацца, што было б. Прынамсі, страцілі б любімую працу. А тады мы рабілі сваю справу, толькі ў больш экстрэмальных умовах».

Калі нумар быў падрыхтаваны, Вэльтнэр пайшоў дадому. Потым яму патэлефанавалі з рэдакцыі і сказалі, што нумар адмаўляюцца друкаваць. Нібыта з ЦК партыі нехта патэлефанаваў дырэктару друкарні — ці ў само выдавецтва «Беларускі дом друку». Нумар загадалі не друкаваць, бо ён быў «стылёва сыры».

Вэльтнэр лічыць, што нумар затрымалі пасьля таго, як Галоўліт — орган цэнзуры ў Доме друку — перадаў зьмест нумару ў ЦК КПБ. Бязь іхняй візы ў савецкія часы газэты ў друк ня бралі.

«Газэта мела тады самы высокі наклад у Беларусі, і ўладам было ня ўсё роўна, як мы адлюструем у газэце гэтую падзею».

1991. Жнівеньскі путч

Друкарня падпарадкоўвалася наўпрост ЦК КПБ. У рэдакцыі не было ніякай магчымасьці паўплываць на гэтую сытуацыю. А таму 20 жніўня газэта ня выйшла.

На другі дзень частку матэрыялаў, якая яшчэ не састарэла, узялі ў наступны нумар. Карэспандэнты перадалі рэпартажы з Масквы, і 21 жніўня нумар выйшаў без усялякіх складанасьцяў.

«Відаць, нейкі пералом намеціўся ў Маскве, і мясцовыя чыноўнікі пабаяліся ўмешвацца», — кажа Вэльтнэр.

Але ў той жа вечар з той самай друкарні выйшаў антыпутчысцкі нумар «Народнай газеты». Чаму разьвярнулі «Знамя юности»? Вэльтнэр лічыць, што «Знамя юности» выказвалася больш адкрыта, тут называлі рэчы сваімі імёнамі.

«А перасьцярогаў наконт наступстваў у нас не было. Мы былі неяк узбуджаныя гэтай сытуацыяй. Рабілі справу, якую добра ведалі і любілі. Вочы баяцца, а рукі робяць. Гэта ўжо потым сталі разьбірацца ды аналізаваць падзеі таго дня».

«Звязда»: Палітыкі пазьбягалі журналістаў, чакалі, пакуль сытуацыя праясьніцца

Газэта «Звязда», як і ўсе партыйныя выданьні, выйшла 20-га жніўня з загадамі ГКЧП. Адзінае, што адрозьнівала яе, — першая паласа. Справа ад шапкі газэты быў зьмешчаны загаловак: «Краіна ў шоку. Мы ўсе анямелі».

Рэдакцыя беларускамоўнай «Звязды» ў 1991 годзе амаль цалкам выступала за незалежнасьць, расказаў Свабодзе Аляксандар Коктыш, які ў той час быў рэдактарам аддзелу інфармацыі.

«Я ня верыў у гэты путч, — кажа Коктыш. — Яраслаў Чапля, загадчык аддзелу партыйнага жыцьця, зьбіраў у гэтыя дні подпісы за незалежнасьць і супраць путчу. І большасьць калектыву падтрымала незалежнасьць. Я лічу, што „Звязда“ ў той час паводзіла сябе годна».

Аляксандар Коктыш

Словы Коктыша пацьвярджае Валянцін Жданко, дырэктар менскага бюро Радыё Свабода, а на той час карэспандэнт аддзелу палітыкі «Звязды».

«У рэдакцыі сапраўды ўсе былі супраць путчу, усе былі за незалежнасьць, — кажа Жданко. — Але старэйшыя людзі ў кіраўніцтве былі людзьмі асьцярожнымі. Яны памяталі іншыя часы, яшчэ дабрэжнеўскія. Адчувалася, што яны вельмі перасьцерагаліся. А таму асьцярожныя журналісты і палітыкі пазьнікалі на час, пакуль усё праясьніцца».

Валянцін Жданко

Пры гэтым намесьнік рэдактара Міхаіл Міхаевіч прапанаваў паставіць на першую паласу загаловак пра краіну ў шоку.

«Думаю, гэта было асэнсаванае рашэньне ўсіх», — кажа Коктыш.

19-га быў працоўны дзень, і карэспандэнты адправіліся на заданьні. Валянцін Жданко паехаў раніцай у Вярхоўны Савет, каб падрыхтаваць адтуль рэпартаж. Але нікога з палітыкаў там нельга было распытаць пра путч.

«Наколькі цяпер памятаю, было вельмі ціха, — кажа Жданко. — У кабінэтах не было нікога. Там зачынена, там нехта выйшаў».

На выхадзе з крыла, дзе сядзелі дэпутаты ў Доме ўраду, ён сустрэў Дзьмітрыя Булахава, старшыню камісіі па заканадаўстве і сябра прэзыдыюму.

«Ён акурат мусіў ацэньваць падзеі, — кажа Жданко. — Я папрасіў яго ацаніць падзеі. Але ён адказаў вельмі асьцярожна: «Тут трэба думаць, нельга адназначна сказаць».

Калі путч у Маскве праваліўся, у Беларусі пачаліся разборы. Над тымі, хто падтрымаў путч, навісала патэнцыйная пагроза. Таму чыноўнікі, якія баяліся за свае крэслы, вельмі хутка перайшлі на бок дэмакратыі і незалежнасьці.

«Пасьля тых падзей мяне запрашаў намесьнік міністра ўнутраных спраў Віктар Піскароў. Ён тлумачыў, што не падтрымліваў путчу, маўляў, яго ня так зразумелі».

Your browser doesn’t support HTML5

Жнівеньскі путч ГКЧП 1991: як гэта было