Аляксея Навальнага сёньня могуць адправіць за краты

Аляксей Навальны

Люблінскі раённы суд Масквы разглядае сёньня пытаньне аб магчымасьці зьмены ўмоўнага пакараньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага на рэальны тэрмін.

З адпаведным прадстаўленьнем у суд зьвярнулася расейская Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў. Там лічаць, што Аляксей Навальны сыстэматычна парушае правілы адбыцьця ўмоўнага пакараньня, да якога яго прысудзілі па так званай справе «Іў Рашэ» у сьнежні 2014 году.

Аляксей Навальны лічыць, што патрабаваньне ФСВП замяніць яго ўмоўны тэрмін на рэальны зьвязанае з выбарамі і нядаўнімі расьсьледаваньнямі Фонду барацьбы з карупцыяй, які ўзначальвае Навальны.

Браты Аляксей і Алег Навальныя ў сьнежні 2014 году былі асуджаныя за крадзеж больш за 26 мільёнаў рублёў у кампаніі «Іў Рашэ» і звыш 4 мільёнаў рублёў у «Шматпрофільнай працэсінгавай кампаніі», а таксама за легалізацыю больш за 21 мільёнаў рублёў. Абодвух прысудзілі да 3 з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Аляксея Навальнага асудзілі ўмоўна. Яго брат Алег адбывае пакараньне ў Арлоўскай вобласьці.

У 2015 годзе ФСВП таксама прасіла зьмяніць Аляксею Навальнаму ўмоўнае пакараньне на рэальнае ў сувязі з парушэньнем ім умоваў выпрабавальнага тэрміну, аднак суд гэтае патрабаваньне адхіліў.