Сына блогера Жалнова зьмясьцілі ў СІЗА, яму пагражае 3 гады турмы

Аляксей Жалноў, фота 2014 году

Сын бабруйскага блогера Алега ЖалноваАляксей, які адбывае трохгадовае пакараньне ў Наваполацку на «хіміі», ад 21 ліпеня ўтрымліваецца ў мясцовым ізалятары. Па словах Жалнова-старэйшага, ягонаму сыну выстаўленае абвінавачваньне ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня. Аляксею пагражае да трох гадоў калёніі. Жалноў старэйшы намагаецца абскардзіць пастанову, паводле якой Аляксея ўзялі пад варту. Матэрыялы крымінальнай справы перададзеныя ў суд.

«Калі глядзець Крымінальна-працэсуальны кодэкс, то пракурор мае права зьмяніць меру зьняволеньня, узяўшы парушальніка рэжыму пад варту. Але ў тым жа кодэксе напісана, што акрамя законнасьці патрабаваньняў неабходна ўлічваць і абгрунтаванасьць абвінавачваньняў, а яна ня спраўджвалася», — камэнтуе сытуацыю, у якую патрапіў Аляксей, ягоны бацька.

Жалноў-старэйшы лічыць перавод сына з «хіміі» ў ізалятар часовага ўтрыманьня неправамерным і абскарджвае такое рашэньне.

На маю думку, меру ўтрыманьня зьмянілі, бо Аляксей падаў шэсьць скаргаў на дзеяньні сьледчага, і ён такім чынам адпомсьціў яго сыну.

«Аляксей за час знаходжаньня на „хіміі“ ніколі не спрабаваў уцякаць і ў яго не было магчымасьці ўплываць на хаду сьледзтва і на вырак суду. На маю думку, меру ўтрыманьня зьмянілі, бо Аляксей падаў шэсьць скаргаў на дзеяньні сьледчага, і ён такім чынам адпомсьціў яго сыну. Сьледчы парушаў права Аляксея на абарону і адмаўляўся разглядаць ягоныя стараньні, як таго патрабуе закон. Ён пісаў скаргі ў пракуратуру і Сьледчы камітэт».

21 ліпеня ў Наваполацку самога Алега Жалнова затрымалі ў пракуратуры, зьвінаваціўшы ў парушэньні правапарадку. У зьняволеньні ён прабыў блізу гадзіны. Супрацоўніца пракуратуры адмовілася пісаць заяву супраць Алега, і яго вызвалілі. У пракуратуры Жалноў-старэйшы намагаўся высьветліць, дзе знаходзіцца ягоны сын. Сваё наведваньне пракуратуры Алег запісваў на відэакамэру.

Крымінальную справу паводле артыкулу «Ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі» супраць Жалнова-малодшага распачалі ў траўні. Паводле слоў Аляксея за час знаходжаньня на «хіміі» на яго было накладзена шэсьць спагнаньняў. Ён лічыў, што імі яго пакаралі з выдуманых прычынаў.

Жалноў-старэйшы даказвае, што сына асудзілі, а цяпер перасьледуюць на «хіміі» за тое, што бацька выкрываў супрацоўнікаў міліцыі, якія парушаюць закон. Ён рабіў відэаролікі пра парушэньні закону міліцыянтамі і выкладаў іх у інтэрнэт. Спроба зьняць адно з такіх парушэньняў скончылася затрыманьнем Жалновых і судом.

Паводле Жалнова-малодшага, яго абралі на ролю фігуранта справы таму, што ён меў судзімасьць, а гэта абцяжарвае правапарушэньні. Сваёй віны Аляксей не прызнаў. Ён таксама лічыць, што суд яго пакараў, бо ягоны бацька робіць відэаролікі пра міліцыянтаў.