Паэтычны маратон «1000 вершаў пра Віцебск» адбыўся, хоць да тысячы не дацягнулі

У межах фэсту вулічнага мастацтва «На сямі вятрах» адбылася незвычайная акцыя: каля помніка Пушкіну аўтары і чытальнікі-аматары дэклямавалі вершы, прысьвечаныя Віцебску.

Праўда, амбітнай мэты сабраць 1000 пра горад, у якім быў абвешчаны паэтычны маратон, дасягнуць ня ўдалося. На адмысловай старонцы ў Фэйсбуку было паведамлена, што ў апошні дзень збору вершаў, 30 чэрвеня, агульнымі намаганьнямі ўдалося сабраць 619 вершаў. Гэта творы сучасных аўтараў, а таксама ўсіх паэтаў мінулага часу, якія згадвалі Віцебск у сваіх радках. Увогуле ж мэтай маратону было ўшанаваньне памяці Давіда Сімановіча, мясцовага літаратара і грамадзкага дзеяча, які ня проста любіў горад, у якім жыў, але й зрабіў вялікі ўнёсак у мясцовае культурніцкае жыцьцё. Дзякуючы высілкам Сімановіча, у Віцебску быў створаны мэмарыяльны музэй Марка Шагала, ён аддана прапагандаваў творчасьць землякоў — Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча, захапляўся краязнаўствам, правёў тысячы сустрэч з вучнёўскай і студэнцкай моладзьдзю, зьбіраў бібліятэку, якую незадоўга да сьмерці ад анкалягічнай хваробы раздаў па музэях, бібліятэках і прыватных кнігазборах бліжэйшых сяброў...

Папярэдне было абвешчана, што 17 ліпеня, падчас фэстывалю «Славянскі базар», з 10-й да 19-й гадзіны ўдзельнікі будуць чытаць вершы «з фота- і відэасуправаджэньнем». Але насамрэч адбылося па-іншаму: раздрукаваныя вершы разьвесілі на расьцягнутых каля помніка Пушкіну вяроўках на ўзор «фотасушкі», незаплянаваным гукавым суправаджэньнем сталіся выступы самадзейных музыкаў, якія гралі на суседніх фэстывальных пляцоўках.

Адно што маратон насамрэч атрымаўся: свае вершы чыталі і аўтары, і нават усе ахвотныя — варта было зарэгістравацца ў сьпісе арганізатараў і атрымаць паэтычны твор, чытаньне якога можна было пасьпець крыху падрыхтаваць.

Большая частка вершаў, прапанаваных для паэтычнага маратону, была напісана па-расейску. Але гучалі і беларускамоўныя творы. А мясцовае тэлебачаньне зладзіла наўпроставую трансьляцыю імпрэзы. Дарэчы, яе зладзілі каля помніка Пушкіну зусім не з асаблівай прыхільнасьці да расейскай літаратуры. Проста ў гэтым месцы запачаткаваў традыцыю паэтычных чытаньняў сам Давід Сімановіч, пра якога сёньня зь вялікай удзячнасьцю згадвалі віцябляне.