Вышыванка, БРСМ і што зьмяняецца ў Беларусі

Севярын Квяткоўскі

– Дык калі заўтра БРСМ ачоліць кампанію за беларускую мову, мне адмовіцца ад беларускай мовы?

Так я рэагую на «фэ» майго знаёмага з нагоды таго, што «Арт Сядзіба» прапануе БРСМ дапамогу ў арганізацыі «Дня вышыванкі».

Калі «Арт Cядзіба» запусьціла тэму вышымаек, я спачатку паставіўся скептычна, бо для мяне гэта тэма БССРаўскай адметнасьці ў «саюзе рэспублік». Я не адразу падумаў, што мае школьныя часы і школьны часы арт-сядзібаўцаў досыць розьніліся. Дый кантэксты капітальна зьмяніліся.

Тое, што цяпер улада перахапіла ініцыятыву арт-сядзібаўцаў – гэта не вяртаньне ў БССР зь яе выразнымі савецка-партыйнымі ідэалягічнымі пасыламі.

Гэта дэ-факта прызнаньне нацыянальнага як важнага. Гэта кампрамісны крок. Адзін крок да нацыянальнай сымболікі. Крок, які, хутчэй за ўсё, ня будзе зроблены пры кіраваньні Лукашэнкі. Але прызнаньне «вышыванкі» – псыхалягічная падрыхтоўка да нацыянальнай сымболікі.

Аляксей Квяткоўскі: – Каб захапіць нейкі рух, яго трэба ўзначаліць, або неяк быць падобным на яго. Менавіта для гэтага вышыванкі і крадуць для сябе. Захапіць і перахапіць, каб потым мы плявалі на вышыванкі падобныя на форму БРСМ.

Я б разумеў падобны клопат, калі б вышыванкі раскруціў сам БРСМ, а ня некалькі хлапцоў зь невялікай грамадзкай ініцыятывы «Арт Сядзіба».

Але ў БРСМ нічога не атрымаецца з «захапіць, ачоліць, спаганіць». Каб ачоліць рух, трэба каб рух зьявіўся. А рух з нацыянальным арнамэнтам зьявіўся зьнізу. І так паўтараецца ўжо які раз. Дзяржава не прадукуе сваіх ідэяў, а старыя савецкія не працуюць на новых людзей, тых, хто ня памятае БССР і ня счытвае знакі, якія дзяржава ім шле.

Дзяржава ўвесь час адстае на два-тры крокі. То ў 2010 капіююць кампанію «Будзьма беларусамі!», калі Міністэрства культуры запускае сваю падобную кампанію «Беларусь – гэта мы!» То крыху пазьней пачынаюць асьцярожна, а пасьля актыўна і дагэтуль дыскутаваць тэму нацыянальнай ідэі ў дзяржаўных СМІ. Цяпер вось перахоп ініцыятывы з вышыванкамі.

Дый хто сказаў, што ў дзяржаўных структурах працуюць адны прыстасаванцы і недабразычліўцы беларушчыны? ).

Я ня раз трапляю ў дыскусіі, дзе на пазытыўныя прыклады зьменаў у грамадзтве сьцяной стаюць нязьменныя аргумэнты: дзяржава толькі дазволіла і ў кожны момант забароніць; дзяржава перахопіць; пакуль Лукашэнка пры ўладзе, нічога ня зьменіцца.

Андрей Розум: – Шкада, што не зьмяняюцца тыя, хто ўпарта адмаўляе саму магчымасьць пераменаў без папярэдняй зьмены ўлады.

Я такіх людзей для сябе клічу «лукафаталістамі». Уявім, што беларускае грамадзтва складаецца выключна з лукафаталістаў. Усе 22 гады яны нічога ня робяць, аргумэнтуючы сваю пасіўнасьць тым, што «ўсё роўна нічога ня зьменіцца, пакуль гэты пры ўладзе». І вось здрасьце – «гэтага» няма. І што зьмяняецца, калі ўсё стаяла закансэрваваным столькі гадоў?

На Лукашэнку ціснуць зьнешнія фактары, на дарадцаў Лукашэнкі ўплываюць унутраныя працэсы зьнізу. Расьце новая генэрацыя, якая 22 гады таму пешшу пад стол хадзіла. Так, яны ня памятаюць Менскую Вясну-96, Плошчу-2006 і Плошчу-2010 засьпелі дзецьмі, падлеткамі ці юнакамі.

Ulia Liashkevich: – А я памятаю, як мне шэраг вартых мужоў даводзілі, што вышыванкі ня пойдуць далей за гета. Цяпер цалкам адмаўляюся вяртацца да той размовы.

Я ў сваю чаргу меркаваў, што вышыванкі будуць рэпрэсаваныя. Бо гэта відавочны кампрамісны варыянт пазначэньня свайго нацыянальнага беларускага. Тое, што замест рэпрэсій з боку дзяржавы пайшло жаданьне перахапіць ініцыятыву, азначае, што тэма свайго нацыянальнага апанавала значна большую колькасьць людзей, чым статыстычная пагрэшнасьць.

Людзі зьмяняюцца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.