Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Арт Сядзіба прапануе БРСМ дапамогу ў арганізацыі «Дня вышыванкі»


Павал Белавус

Павал Белавус

БРСМ зноў зьбіраецца выкарыстаць ідэю «Арт Сядзібы» ў сваім мерапрыемстве: дзяржаўная арганізацыя правядзе 2 ліпеня пад Палацам спорту «Дзень вышыванкі». Такім чынам арганізацыя выконвае пастанову Саўміну.

Акцыі з такой назвай з 2014 году ладзіла «Арт Сядзіба» — незалежна ад дзяржавы і без усялякай дзяржаўнай падтрымкі. «Арт Сядзіба» вырашыла не змагацца з плягіятам, а дапамагчы БРСМ зрабіць акцыю цікавай, распавядае карэспандэнту Свабоды дырэктар «Арт Сядзібы» і стваральнік крамы Symbal.by Павал Белавус.

Расейскамоўная «вышиванка» ад дзяржавы

Новая ўніформа БРСМ — «вышымайкі» зь нехарактэрным для Беларусі арнамэнтам

Новая ўніформа БРСМ — «вышымайкі» зь нехарактэрным для Беларусі арнамэнтам

І назва, і канцэпцыя «Дня вышыванкі» ад БРСМ падобная да «Дзён вышыванкі», якія раней рабіла «Арт Сядзіба», але «Арт Сядзібе» нават не прапаноўвалі далучыцца да БРСМ. У праграме сьвята БРСМ — выстава-продаж вырабаў народных майстроў, фольк-кірмаш, дэфіле ў касьцюмах з нацыянальным арнамэнтам, выступы музыкаў, дыскатэка, раздача вышываных стужак і шэсьце ўдзельнікаў сьвята пад чырвона-зялёнымі сьцягамі.

«Мы прыйшлі да высновы, што з аднаго боку нядобра, што ўсе нашы ідэі БРСМ, груба кажучы, крадзе, з намі не пракансультаваўшыся, не спытаўшы, не прапанаваўшы нешта рабіць разам, — кажа Свабодзе Белавус. — Так было з акцыяй „беларуская стужка“, калі мы запусьцілі той хэштэг і раздачу стужак. Цяпер БРСМ перад прэзыдэнцкімі выбарамі рабілі раздачу, толькі з хэштэгам #вышиванка на расейскай мове. Цяпер яны ладзяць тое ж пад „Дзень вышыванкі“.

БРСМ зрабіў сваёй уніформай „вышымайкі“

Учора, таксама не спытаўшы, зрабілі плякат пад конкурс, каб людзі рабілі сэлфі ў вышыванках з хэштэгамі #вышиванка і #брсм, і з шасьці фота на плякаце два з нашай прадукцыяй, узятыя з нашых сацсетак і сайту. Пра гэта мы даведаліся, проста ўбачыўшы гэта ў сацсетках БРСМ. Гэта выглядае даволі дзіўна».

Вышып’яна і яшчэ 5 ідэяў для БРСМ

Спантанны «карагод вышыванак» на Дні гораду ў Віцебску

«Са свайго боку я зьвярнуўся ўчора ў праектны аддзел БРСМ, які займаецца арганізацыяй гэтага мерапрыемства, — працягвае Белавус. — Я прапанаваў: мы ў „Арт Сядзібе“ гэтым займаемся, у нас ёсьць аўдыторыя, якой гэта цікава, дык давайце зробім сваю зону актыўнасьці. Сёньня-заўтра чакаем адказу.

Мы нават ня супраць пасупрацоўнічаць, далучыцца ды паказаць, што добра такія ініцыятывы разьвіваць. Галоўнае — не ператвараць іх у агратрэш. І што ня трэба браць, не спытаўшы. Гэта непрыгожа. Але што ж зробіш, калі па-іншаму яны, мабыць, і ня ўмеюць. Паглядзім, ці бачаць яны ў нас ворагаў альбо небясьпечных асобаў, ці пойдуць на кантакт».

Вестка для БРСМ: бяз мовы вышыванка — музэй і нафталін

Так, «Арт-сядзіба» прапанавала БРСМ стварыць «зону натхненьня», у якой будзе выстаўленае «Арт-фано». Гэта фартэп’яна (яго Белавус у жарт называе «вышып’яна»), на якім 25 чэрвеня ў Верхнім горадзе граў Пётар Клюеў, а мастачка Юлія Нявейка размалёўвала яго (фартэп’яна) у нацыянальным стылі. На «Арт-фано» прапануюць зладзіць музычны маратон вядомых музыкаў і «вольнае піяніна», а таксама працягнуць размалёўваць музычны інструмэнт.

Таксама прапануецца зона «Натхненьне словамі», у якой паэты будуць чытаць вершы, а барды — граць свае сьпевы, зона «Натхненьне гульнямі», у якой можна будзе пагуляць у беларускія настольныя гульні, у тым ліку «Вежу», зону «Натхненьне арнамэнтам», у якой можна будзе набыць адзеньне з арнамэнтам і малюнкам-выцінанкай.

«Арт-сядзіба» мае ідэі запрасіць Студэнцкае этнаграфічнае таварыства, каб яно вучыла народным танцам, гульням і забавам; правесьці «Сьпеўны сход», у якім пад кіраўніцтвам музыкі Сяргея Доўгушава хорам сьпяваць народныя беларускія песьні.

12 праектаў «Арт-сядзібы» на год

На галоўную сцэну «Арт-сядзіба» прапануе запрасіць свой кавэр-бэнд, гурты Amaroka, Hurma, Lepšy kvas, Navi, Recha і Vuraj.

Прыйдзецца рабіць тысячы «Пагоняў»

Карцінка, якую прапануюць лайкаць у сацсетках

Карцінка, якую прапануюць лайкаць у сацсетках

Тым часам «Арт-сядзіба» і Symbal.by паабяцалі вырабіць столькі камплектаў налепак з гербам «Пагоня», колькі лайкаў зьбяруць посты з анонсам ва ўсіх сацыяльных сетках. На момант публікацыі, празь дзень па старце кампаніі, гэта ўжо амаль тры тысячы лайкаў. «Збор лайкаў» працягнецца да канца чэрвеня.

«Мы спадзяемся, што будзе ня менш за 5000 лайкаў і рэпостаў, — падлічвае Белавус вынікі першых дзён. — Калі будзе 10 тысяч, давядзецца рабіць 10 тысяч. Налепкі адмыслова зробленыя з вінілу, зь лямінацыяй, каб пад сонцам ці ад вільгаці ня трацілі выгляду».

Дзе бяруць цішоткі з «Пагоняй»?

У набор меркавана ўвойдуць 6 стыкераў розных памераў: вялікія для аўто і ровараў, сярэднія для ноўтбукаў і пляншэтаў, маленькія для тэлефонаў і нататнікаў. Забраць іх можна будзе на «Арт Сядзібе» ці замовіць па пошце. Да акцыі ўжо прапанаваў далучыцца рух «За свабоду»: адна з ідэяў у тым, каб распаўсюджваць налепкі на пунктах збору подпісаў за патэнцыйных кандыдатаў у парлямэнт. Таксама Белавус заклікае далучацца да акцыі ўсіх ахвочых пабыць спонсарамі.

Гэта таксама сплягіяцяць?

Фота ястрамбельскіх кадэтаў, зь якога пачалася акцыя «Пагоня побач»

Фота ястрамбельскіх кадэтаў, зь якога пачалася акцыя «Пагоня побач»

З аднаго боку, БРСМ паўтарае акцыі #беларускаястужка і «Дзень вышыванкі», зь іншага — удзельніка «артсядзібаўскай» акцыі #БЧБмабіль затрымліваюць за бел-чырвона-белы сьцяг і адбіраюць машыну. Зрэшты, камэрцыйныя кампаніі ўжо таксама падхапілі «вышываныя» ідэі, ідзе трэнд да беларусізацыі.

«Пагоня на майцы, Пагоня на грудзях» — хлапец з патрыятычнай татуіроўкай расказаў пра сябе і канфлікты зь міліцыяй

У інтэрнэце жартуюць, што хутка БРСМ возьме і ідэі «Арт Сядзібы» з нацыянальнай сымболікай, як акцыю #пагоняпобач. Пагатоў, герб «Пагоня» афіцыйна прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Ці могуць жарты пра «бел-чырвона-белы БРСМ» стаць рэчаіснасьцю?

«Калі прывучылі дзяржаву не баяцца вышыванкі і арнамэнту, спадзяемся, атрымаецца ў хуткім часе прывучыць яе паважаць і бел-чырвона-белы сьцяг і „Пагоню“, — мяркуе Белавус. — Калі тыя прапановы, якія мы накіравалі ў БРСМ, ня прымуць, давядзецца нам агітаваць, каб людзі прыходзілі ў цішотках з „Пагоняй“ і бел-чырвона-белымі сьцягамі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG