Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пагоня на майцы, Пагоня на грудзях» — хлапец з патрыятычнай татуіроўкай распавёў пра сябе і канфлікты зь міліцыяй


Віталь Сакалоўскі

Віталь Сакалоўскі

Полацкі майстар-будаўнік набіў на ўсе грудзі Пагоню, а на правую руку — беларускі арнамэнт. Як рэагуюць на нацыянальныя татуіроўкі міліцыянты і хлопцы з полацкай трэнажорнай залі, ён распавёў у інтэрвію Свабодзе.

Вы ж прасілі, каб не было правакацыйных маек, вось я бяз майкі хаджу

Свабода публікавала фота 30-гадовага Віталя Сакалоўскага, які прыйшоў на фэст «Купальскае кола» ў майцы з Пагоняй. Калі міліцыянты папрасілі яго зьняць майку, то пабачылі што Пагоня ў яго і на грудзях.

У інтэрвію Свабодзе Віталь распавёў, што міліцыя, насамрэч, не распранала яго. Дагляд там праводзілі ахоўнікі фэсту, а не міліцыянты. І шмат людзей было ў майках з нацыянальнымі сымбалямі. А ён зьняў сваю майку толькі таму, што ў суботу было горача.

«Гэта быў такі жарт. Я проста сустрэў там свайго сябру, аднаго з памочнікаў арганізатараў фэсту. Той спытаў, чаму я галапузы? Я кажу: „Вы ж прасілі, каб не было правакацыйных маек, вось я бяз майкі хаджу“. А потым мяне сфатаграфавалі і напісалі, быццам усё гэта было ўсур’ёз».

Хаця год таму, прыгадвае Віталь, зь ім здарылася менавіта такая сытуацыя. Калі ён прыехаў на фэст «Наш Грунвальд» у майцы з Пагоняй і бел-чырвона-белым сьцягам, да яго зь сябрам падышлі міліцыянты і пачалі гутарку наконт забароненай сымболікі.

Віталь Сакалоўскі кажа, што ў яго ўсе майкі — нацыянальныя

Віталь Сакалоўскі кажа, што ў яго ўсе майкі — нацыянальныя

Як заўжды, хлопцы сталі тлумачыць у адказ, што Пагоня — гісторыка-культурная каштоўнасьць, герб Віцебскай вобласьці і горада Лепеля, пад гэтым гербам Вялікае Княства Літоўскае перамагло ў Грунвальдзкай бітве. Тады адзін зь міліцыянтаў адказаў, што мае прэтэнзіі не да Пагоні, а да бел-чырвона-белага сьцягу на майцы Віталя.

«Я зьняў пры ім майку, і другі міліцыянт пачаў рагатаць. А той, што загадаў мне распрануцца, ня ведаў, што рабіць. Карацей, ён адпусьціў нас і папрасіў апрануць майку».

Я не беларускі Капітан Амэрыка, шмат людзей маюць нацыянальныя татуіроўкі

Віталь Сакалоўскі кажа, што падобныя выпадкі, калі міліцыя загадвае зьняць майку, а потым бачыць тату Пагоня, зусім ня рэдкія. У знаёмага хлопца з Барысава здарылася такая самая гісторыя на фэсьце «Камяніца».

«Чытаеш на ўсіх сайтах і ў суполках, быццам бы я беларускі Капітан Амэрыка. Але мне няёмка перад маімі сябрамі-патрыётамі, якія таксама маюць такія татуіроўкі».

Сваю першую татуіроўку ён пачаў набіваць у 2011 годзе. Прыйшоў да знаёмага майстра і папрасіў набіць Пагоню на левай частцы грудзей — над сэрцам. Вакол герба яшчэ хацеў мець бел-чырвона-белы сьцяг. Але майстар параіў хлопцу зрабіць Пагоню па цэнтры грудзей. Потым з абодвух бакоў ён замест сьцягоў набіў зуброў.

«Сэнс у тым, што Пагоня — сымбаль маёй ліцьвінскай Беларусі, краіны зь беларускай мовай, славутай гісторыяй, — кажа Сакалоўскі. — А зубры — нас мала, як зуброў, але мы абаронім сваю краіну. Я хацеў, каб мая Беларусь заўжды была разам са мной».

Увесну 2016 году Віталь пачаў набіваць арнамэнт на правай руцэ. Дзяўчат з тату-салёну «Mroya» ён пабачыў на тату-фэсьце ў Менску ў 2015 годзе. Яны займаюцца ў тым ліку і арнамэнтальным тату.

«Я хацеў, каб маю другую татуіроўку біў чалавек, які таксама захапляецца беларускай культурай і гісторыяй».

Аснова татуіроўкі ўзятая з кнігі Кацара «Беларускі арнамэнт: Ткацтва. Вышыўка». Калі Віталь Сакалоўскі пачаў набіваць тату, ён стаў вывучаць і сам арнамэнт. Цяпер кажа, што сымбаль сам па сабе ня мае дакладнага значэньня. Ткачыха брала за аснову нейкі арнамэнт, і для кожнай ён мог мець розныя значэньні.

«Тое самае і з маім арнамэнтам. Я рыхтую працу пра яго, бо ён мае асаблівае значэньне для мяне».

Беларусь пачынаецца зь цябе

Каб набіць арнамэнт, Віталь тры разы езьдзіў у Гародню. Зараз ён працуе майстрам-будаўніком у Полацку. Ні грамадзкай, ні палітычнай дзейнасьцю не займаецца, але праводзіць «пасіўнае абеларушваньне»: арганізуе паездкі полацкай моладзі на беларускія фэстывалі і канцэрты ў краіне і за мяжой.

«Дапамагаю людзям сустракацца зь беларускай культурай, — кажа Віталь.

Ягонае другое хобі — трэнажорная заля, куды ён ходзіць тройчы на тыдзень. Два гады, як Віталь Сакалоўскі кінуў піць і паліць, не спажывае фаст-фуду ды ежы з хімічнымі дадаткамі. Ён даглядае за целам, як за «палатном».

«Вось кажуць, што Гасподзь нас стварыў чыстымі, ды навошта гэтыя татуіроўкі? Да свайго цела я стаўлюся як да палатна, зь якога можна зрабіць што заўгодна. Быць тоўстым мне брыдка. І я стараюся быць падкачаным, а татуіроўкі — яны ўпрыгожваюць цела».

Апошняя татуіроўка акурат падкрэсьлівае ягоныя прынцыпы на жыцьцё. Шрыфтом «Берагіня» на руцэ напісана «Беларусь пачынаецца зь цябе».

«Калі хочаш зьмяніць сусьвет, пачні зь сябе. Я пайшоў па гэтым прынцыпе. Мяняць Беларусь ня так і цяжка. Можна стаць ветлівым, вітацца з усімі. Калі важу людзей на фэсты, на флэшцы заўжды маю запісаныя песьні беларускіх гуртоў, якія мы сьпяваем па дарозе».

Віталя цешыць, што ў Беларусі расьце мода на ўсё нацыянальнае, у тым ліку на татуіроўкі ў нацыянальным стылі. Але тут важна, каб мода была асэнсаванай.

«Шмат людзей набіваюць ня ведаючы, што яны азначаюць. Але я супраць такога. Заўжды трэба разумець, што ты робіш».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG