Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі зьявіцца афіцыйны Дзень вышыванкі


Нядаўна сваёй уніформай зрабіў «вышымайкі» БРСМ

Нядаўна сваёй уніформай зрабіў «вышымайкі» БРСМ

Ён будзе праводзіцца 2 ліпеня, напярэдадні афіцыйнага сьвята — дня Незалежнасьці. Арганізатарамі Дня вышыванкі выступаюць БРСМ, Міністэрства культуры і Менгарвыканкам.

Пра гэта на прэс-канфэрэнцыі паведаміла начальнік упраўленьня мастацтваў міністэрства культуры Марʼяна Мікалаева.

У праграме Дня вышыванкі заплянавана шэсьце «Пад сьцягам з вышыванкай», акцыя «Гэта наша», падчас якой будуць раздаваць стужкі з вышыванкай.

Таксама ў праграме пазначана дэфіле мадэляў у касьцюмах з элемэнтамі вышыванкі ад беларускіх дызайнэраў і вытворцаў.

Асноўныя мерапрыемствы гэтага дня пройдуць 2 ліпеня з 12 да 23 гадзін на пляцоўцы ля менскага Палацу спорту, паведамляе БелТА.

Паводле Марʼяны Мікалаевай, тэма вышыванкі, якая зьяўляецца «візытоўкай беларусаў і своеасаблівым сымбалем-абярэгам нацыі», стане агульнай мастацкай дамінантай шэрагу культурных мерапрыемстваў.

«Гэтая тэма знойдзе сваё адлюстраваньне ў рэклямнай і друкаванай прадукцыі ўсіх мерапрыемстваў», — сказала прадстаўнік Мінкульту.

Раней Савет міністраў пастановай № 51 зацьвердзіў плян мерапрыемстваў, прымеркаваных да Году культуры. Да дакумэнту, апублікаванага на сайце ўраду, прыкладаецца пералік гэтых мерапрыемстваў, сярод якіх ёсьць і «Дзень вышыванкі».

Пад эгідай «Арт-сядзібы» і Асамблеі НДА ў Менску з посьпехам прайшлі першыя фэстывалі нацыянальнай культуры «Дзень вышыванкі» — у кастрычніку і сьнежні 2014 году.

XS
SM
MD
LG