Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нічога не магу з сабой зрабіць: балалайкі не люблю. Не таму, што існуюць, а таму, што навязалі ў якасьці беларускага народнага інструмэнту. Паводле памераў – самага істотнага.

У нас у Горадні па вечарах пад сьценамі былога рэстарану «Беласток» грае трыё: саксафон, акардэон і вялізная балалайка. Ніякі ня фольк. Сучасныя людзі з прыемнымі эўрапейскімі мэлёдыямі. Але нічога не магу з сабой зрабіць праз гэты самы інструмэнт. У галаве цытата з прачытанага яшчэ ў школе раману пра Астапа Бэндэра: «В витрине стояли свежесрубленные балалайки величиной с избу». Анэкдатычна. Але пры чым тут беларусы? Бацька ўспамінаў, што ў іхняй вёсцы былі дзьве ці тры скрыпкі і гармонік. І ніводнай балалайкі. Вёска была на дванаццаць хат усяго. І гэта на беларускім усходзе.

Днямі трапіў на канцэрт народных гуртоў, што прыехалі выступаць у Горадню з усёй вобласьці. І прастаяў перад вулічнай сцэнай да самага канца. Зьмяшаныя пачуцьці, але наогул станоўчыя. Каб не спадабалася, то сышоў бы раней. Засмучалі напачатку толькі балалайкі. Менавіта гэтыя вялізныя, самы бачны на сцэне інструмэнт. Перш мне здалося, што ёю належыць карыстацца па ўмовах конкурсу, што яе перадаюць па чарзе, а сама яна адзіная, скажам, з абласной установы культуры. Але неўзабаве я пераканаўся, што кожны гурт выцягвае на сцэну сваю. Усе ансамблі мелі сваю ўласную аграмадную балалайку! Апроч аднаго. Ён выступаў у канцы і прыехаў з Гудаў каля Ліды. І вылучаўся з астатніх вопраткай. Яна была выкананая ў шляхецкім стылі.

У мяне ў галаве ўзьнікалі карціны савецкага мінулага: дзе-небудзь у Барысаве, апроч піяніна ды іншых інструмэнтаў, выраблялі вялізныя балалайкі, якімі затаварыліся. Ня ведалі куды падзець. Народ не купляе! Куды яе, такую гаргару? А выпускаць трэба, плян спушчаны з Масквы. Вялізная балалайка — фальклёрны гонар рускага народу! І ў міністэрстве культуры на тэрміновай нарадзе вырашаюць затавараныя гаргары разьмеркаваць па ансамблях народных сьпеваў, а іх у нас, таварышы, сотні! Возьмем, напрыклад, адну з абласьцей, Гарадзенскую. У ёй, як вядома, сямнаццаць раёнаў, у кожным раёне пры сельскіх дамах культуры павінен быць такі ансамбаль. Значыць, адна Гарадзенская няхай бярэ ня менш за сто пяцьдзясят штук! Трэба дапамагчы фабрыцы пачысьціць запасы. Так і запішам. А то Расея чагось ня хоча браць нашы балалайкі апошнім часам, мала сьпявае. А плян ёсьць плян…

Але мне ўдалося настроіцца на галоўнае: слухаць сьпевы. І хачу сказаць: не было аднолькавых гуртоў, сьпявалі па-свойму. Некаторыя – польскія ды ўкраінскія песьні. Часамі я адчуваў сапраўднае ўзрушэньне. На ўзроўні эмоцый адчуваў, які ўплыў на нас можа рабіць песьня на роднай мове, тым больш зважаючы, што мова гэтая ў дзяржаве на правах падчаркі. Другое: гэта ж адчувалі людзі навокал, яны адчувалі, скажам, патрыятычны ўздым. Здымалі на відэа, часам танчылі, стараліся падпяваць, крычалі брава. І яшчэ: пастаянна каля сцэны танчыла пад музыку дзятва. Карацей, гэта было сьвята беларускіх пачуцьцяў. Беларусы атрымалі нячастую нагоду ўспомніць, што яны сапраўды беларусы.

І ў такіх умовах вялізныя балалайкі не раздражнялі. Пагатоў я бачыў, як старанна выкарыстоўваюць тры струны музыкі. Артыстычна, зухава. Адзін быў папросту Роджэр Гловэр на басе з Deep Purple.

Што датычыць строяў, то ўсе былі разнастайныя. Мне, канечне, бліжэй проста кашулі з арнамэнтам, набліжаныя да вясковых. Але мне таксама падумалася, што ня варта раздражняцца на «красівасьць» некаторых узораў. Бо знаўцы вельмі рашучыя бываюць: гэта псэўданародныя строі! Такіх быць не павінна! Але калі падыходзіць больш лагодна: колькі мадэльеры цяпер выкарыстоўваюць фальклёрныя матывы, арнамэнт, вышыванкі? Хіба гэта заганна, хіба забаронена? Не. Інакш можна абурацца хлопцам у народнай кашулі і ў джынсах. Спакайней трэба. Зразумела, што аўтэнтычны выгляд адзеньня абавязкова неабходны тым, хто выконвае аўтэнтычныя беларускія сьпевы. А іншыя няхай часам маюць строі «з фантазіяй», ніякага страху, па-мойму, няма. Сьпяваюць жа яны па-беларуску!

Раскрыю маленькі сакрэт: канцэрт адбыўся на беларускім падворку ў гарадзенскім парку Жылібэра. Побач працаваў цір. У перапынках паміж нумарамі, было чутно, як кулі трапляюць у мішэнь. Што ж, абстаноўка была крыху беларуская «партызанская». Адно на ціры былі напісаныя назвы сучаснай зброі.

Але вернемся пры канцы да нашых бараноў. Дык што такое балалайка? Рускі народны інструмэнт, які стаў сымбалем рускага народу, Расеі. Гэта самы вядомы рускі музычны інструмэнт. Хрэстаматыйная фраза аб рускіх зь песьні вядомага заходняга гурту: «Drinking vodka, playing balalaika». А што такое вялікая балалайка? Гэта замяняльнік кантрабасу, мае даўжыню адзін мэтар семдзесят сантымэтраў. Значыць, балалайка-гігант замяняе рускім басэтлю, якая мне так падабаецца. У адным гурце, зноў жа – у тым, што выглядаў на шляхту, басэтля была.

Першая пісьмовая згадка наконт балалайкі знойдзеная ў дакумэнце «стралецкага прыказу» за 1688 год. Наступная – у зьвязку з бойкай у кастрычніку 1700 году: «По свидетельству ямщиков Проньки и Алексея Баяновых, дворовый человек стольника воеводы К.П.Козлова И.Пашков гонялся за ними и «бил их балалайкой». Такая, братка, гістарычная праўда. А ты кажаш – беларускі народны інструмэнт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG