Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі вярнуўся на радзіму з Расеі, то вырашыў аздобіць аўто па-беларуску»


«Нямала беларусаў хацелі б далучыцца да беларусізацыі, але пакуль прыглядаюцца», — кажа Свабодзе ўладальнік «зьбеларусізаванага» Dodge магілёўскі будаўнік Віталь Ужанаў.

У Магілёве чырвоны Dodge ужо прыцягвае ўвагу беларускім арнамэнтам і бел-чырвона-белым сьцяжком у салёне. Пабачыць аўто з такім аздабленьнем даводзіцца ня часта. Нямала мясцовых аўтаўладальнікаў аддае перавагу іншым сымбалям — гэтак званым «георгіеўскім» стужкам і атрыбутыцы Расеі, мяжа якой ад Магілёва за сотню кілямэтраў. Машын з такой сымболікай пасьля невялікага перапынку ў абласным цэнтры зноў паболела.

Уладальніка зьбеларусізаванага Dodge завуць Віталь Ужанаў. Малады мужчына — будаўнік. Побач зь бел-чырвона-белым сьцяжком ён возіць і будаўнічую каску.

«Бел-чырвона-белы сьцяжок і арнамэнт увасабляюць сабою беларускую культуру. Гэта тое, што завецца нашым. Імі імкнуся вылучыцца з аўтамабільнай гарадзкой грамады. Часта даводзіцца бачыць машыны з расейскімі сьцяжкамі. Гэта бянтэжыць і гэта няправільна», — адказвае Віталь на пытаньне, навошта ён аздобіў сваю машыну арнамэнтам і нацыянальным сьцягам.

Віталь Ужанаў уладальнікам «прарасейскіх машын»: шукайце дарогі да беларускасьці

Віталь Ужанаў
Віталь Ужанаў

«Беларусы, якія возяць расейскія сьцяжкі, наўрад ці здольныя патлумачыць, навошта яны іх чапляюць, — працягвае суразмоўца. — Яны проста не разумеюць супярэчлівасьці сытуацыі, у якую трапляюць, возячы ня нашу атрыбутыку. Быў жа выпадак у Салігорску, калі кіроўцаў аўтобуса аштрафавалі за тое, што яны начаплялі расейскія сьцяжкі».

Віталь заўважае, што на ягоную машыну празь яе беларускае аздабленьне многія зьвяртаюць увагу. Нават, зазначае ён, у сацыяльных сетках ужо ёсьць фота зь ягонай машынай. «Мне падабаецца, што да майго аўто столькі ўвагі», — прызнаецца суразмоўца.

Паводле падлікаў Віталя, у Магілёве не набярэцца і дзясятка па-беларуску аздобленых машын. «З усімі іх уладальнікамі я знаёмы. Мы адзін з адным кантактуем», — кажа ён.

«Многія лічаць, што Магілёў прарасейскі горад, таму такую колькасьць беларускіх машын, на маю думку, можна лічыць прыймальнай для нашай сытуацыі. Зразумела, што хацелася б, каб іх было болей. І каб больш магілёўцаў шукалі шляхоў да беларускай гісторыі, культуры ды мовы», — зазначае ўладальнік беларускага аўто.

У Расеі беларускага не хапала

Віталю апошнія два гады давялося пажыць і папрацаваць у Расеі. Там, прызнаецца ён, і пацягнула да роднага, беларускага.

«Калі вярнуўся на радзіму, то вырашыў аздобіць сваё аўто па-беларуску», — кажа суразмоўца.

Зьбеларусізаваны Dodge ува ўсёй сваёй красе
Зьбеларусізаваны Dodge ува ўсёй сваёй красе

«Калі я быў у Расеі, у мяне разьвілася пачуцьцё беларускага патрыятызму. У далечыні ад радзімы мне роднага не хапала. У Расеі пачаў наноў вывучаць беларускую мову. Хаця яшчэ кепска на ёй гавару, але я стараюся ёю авалодаць як сьлед. Цяпер чытаю „Людзей на балоце“, каб узбагаціць слоўнікавы запас ды зноў адкрыць для сябе беларускае літаратурнае слова. У Магілёве ёсьць курсы „Мова Нанова“. Я ведаю пра іх, аднак, мне не ўдаецца на іх трапляць, бо працую».

Няўжо каб вярнуцца да беларускасьці, варта ссумавацца па ёй за мяжою?

«Ды не, шмат маіх сяброў, якія не выяжджалі зь Беларусі, узяліся за вывучэньне беларускай мовы, — адказвае Віталь. — Яны ходзяць на тыя ж курсы „Мова Нанова“. У сваёй кампаніі паміж сабою мы гаворым толькі па-беларуску. Гэта і мне дапамагае беларускую мову вывучыць. Палепшыць маўленьне. Такім чынам, у нас ёсьць сваё беларускамоўнае асяродзьдзе».

Да павольнасьці вяртаньня беларусаў да беларускасьці варта ставіцца з разуменьнем. Зашмат было ў Беларусі расейскага

Паводле суразмоўцы, у яго не было канфліктаў з уладальнікамі «прарасейскіх» машын. А вось бацькі, прызнаўся ён, не адразу прынялі ягонае захапленьне беларушчынай. На пытаньне «чаму?» Віталь адказвае, што прычынаў ня ведае:

Каб беларусы пачалі вяртацца да свайго, патрэбнае перадусім іхняе жаданьне.

«Відаць, не падабаецца ім гэта. Яны адарваліся ад сваіх каранёў. Я ж хачу да іх вярнуцца. Каб беларусы пачалі вяртацца да свайго, патрэбнае перадусім іхняе жаданьне».

«Цяпер пачало зьяўляцца нямала рэклямы зь беларускімі арнамэнтам,— працягвае ён. — У продажы ёсьць вышыванкі. Нават нядаўна бачыў шкарпэткі зь беларускім арнамэнтам. Беларусы ўсё ж пакрысе вяртаюцца да беларускага. Вядома ж, хацелася б, каб гэты працэс быў больш актыўны, аднак трэба разумець, што беларусы столькі часу былі пад расейскім уплывам, — пераадолець гэта хутка ня ўдасца. Таму да павольнасьці вяртаньня беларусаў да беларускасьці варта ставіцца з разуменьнем».

«Вядома ж, падзеі ва Ўкраіне далі штуршок гэтаму працэсу, — заўважае Віталь. Ня выключана, пагаджаецца ён, што рух да беларушчыны можа і прыпыніцца. — Нямала беларусаў хацелі б уключыцца ў працэс беларусізацыі, але пакуль прыглядаюцца, бо няўпэўненыя ў трываласьці гэтага руху», — падсумоўвае ўладальнік беларускага Dodge.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG