Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія Mark Formelle вырабіла адмысловую «вышымайку» для Адміністрацыі Лукашэнкі. Арнамэнт на ёй падобны да беларускага ручніка XX стагодзьдзя.

Аляксандар Лукашэнка ў рэпартажы тэлеканала «Беларусь-1» зьявіўся апранутым у белую цішотку зь сінім беларускім арнамэнтам на «прэзыдэнцкім полі» з касой у атачэньні маладых дзяўчат і за рулём трактара з сынам Мікалаем.

Як распавяла TUT.BY кіраўнік аддзелу маркетынгу Mark Formelle Сьвятлана Клімовіч, кампанія вырабіла для Адміністрацыі Лукашэнкі мадыфікацыю сваіх цішотак сэрыі «Vyshyvankees»: у параўнаньні з «сэрыйнымі» на «прэзыдэнцкіх» больш васількоў, ёсьць надпіс «Belarus» на месцы «Vyshyvankees».

«Адміністрацыя прэзыдэнта зрабіла такую замову: порткі, шорты, майкі, касьцюмы, чорныя і белыя шкарпэткі з вышыванку, — кажа Клімовіч. — Майкі замовілі ў розных колерах: белыя і сьветла-шэрыя. Мы прапанавалі нанесьці вышыўкі ў некалькіх колерах, і прэзыдэнт абраў сіні на белым. Быў яшчэ варыянт з гербам Рэспублікі Беларусь, але выбар паў на вышыванку з васількамі».

Замова была аформленая на мінулым тыдні. Выпускаць «прэзыдэнцкія» цішоткі на рынак кампанія не плянуе.

«Нос па ветры Лукашэнка заўсёды ўмеў трымаць»

Арнамэнт на цішотках падобны да традыцыйнага беларускага, хутчэй за ўсё ён з ручнікоў XX стагодзьдзя, распавядае Свабодзе дызайнэр, распрацоўнік аўтарскай вышыўкі і вядучы спэцыяліст майстэрні Elen Carotte Алёна Маркоўка.

«Тое, што мы ўсе рабілі цягам апошніх год, прасоўвалі — мы ведалі, што нам давядзецца ня толькі бізнэс разьвіваць, а сьценку рухаць. І яна рухаецца, — камэнтуе яна зьяўленьне такіх цішотак на Лукашэнках. — Тое, што яны зьявіліся, гэта пайшлі кругі на вадзе, хутка падымецца ўсё.

Ня хочацца пляскаць у далоні Лукашэнку, што ён надзеў гэтую „вышымайку“, але нос па ветры ён заўсёды ўмеў трымаць, падласьціцца пад усё. А тое, што настроі ў грамадзтве менавіта такія, яно бачна, хаця яно і вельмі прыхаванае. Такая беларуская мэнтальнасьць — вельмі цяжка прыжываецца, але вельмі цяжка потым будзе ададраць».

Раней Лукашэнка (ні Аляксандар, ні нехта зь ягоных сыноў) не зьяўляўся на публіцы ў «вышымайках», але зьяўляўся ў вышыванках — і ў тым ліку Аляксандар Лукашэнка апранаў у вышыванкі Бакіева і Пуціна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG