Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская арнамэнтальная вышыванка супраць расейскай георгіеўскай — ці, як яе яшчэ пагардліва называюць, калярадзкай — стужкі. Беларускі рок і этнамузыка супраць расейскага гэтак званага шансону, а насамрэч супраць сьпеваў крымінальнікаў. Ці не вядзецца апошнімі гадамі ў Беларусі вайна стыляў? Як адбываліся такія войны ў беларускай гісторыі? Нарэшце, ці магчымая перамога беларускага стылю над расейскім?

Гутарка Вячаслава Ракіцкага з этнакультуролягам, мастаком Тодарам Кашкурэвічам.

— Насамрэч, Тодар, ці мы маем справу з вайной стыляў, ці проста зь іх супрацьстаяньнем? А мо стылі існуюць самі па сабе, аўтаномна, не чапаючы адзін аднаго?

— Вайна ў сваіх мілітарных праявах, як супрацьстаяньне пэўных геапалітычных субʼектаў, адступае. Сучаснымі інструмэнтамі вайны становяцца ідэалягічныя, сэмантычныя, лінгвістычныя, рэлігійныя і іншыя фактары. Дыктатара Кадафі зрынулі не з эканамічных прычынаў, а з стылістычных, кланавых, рэгіянальна-палітычных. Заўсёды пэўная частка грамадзтва здольная пачаць вайну з-за стылістычных, сымбалічных канфліктных непаразуменьняў.

​— Але каб ваяваць, трэба мець тое, за што варта змагацца, а таксама зброю, з дапамогай якой абараняеш сваё. У дадзеным выпадку мы гаворым пра вайну за нацыянальны стыль. Калі патлумачыць вельмі проста, дык нацыянальны стыль — гэта прыхільнасьць да пэўных культурных каштоўнасьцяў, традыцыяў і звычак, укаранёных у нацыянальнай культуры. І вось такое пытаньне — беларусы маюць свой стыль ці не? Часта можна пачуць, што беларусы ня маюць свайго стылю, што яны існуюць як прыдатак нейкага агульнаславянскага, усходнеславянскага ці нават расейскага стылю...

— Па-першае, трэба разьдзяліць стыль этнічны, стыль мужыцкай культуры са старажытнымі індаэўрапейскімі каранямі, і стыль часоў уваходжаньня нашай краіны ў палітычнай якасьці ў сфэру эўрапейскай традыцыі. Чамусьці на стылі этнічным найболей пасьпяховых праектаў, зьвязаных з арнамэнтамі. Зь іншага боку, мы фатальна страцілі арыстакратычную культуру. І вось вяртаньне гэтага стылю, на мой погляд, — найбольшая праблема Беларусі.

Тодар Кашукрэвіч

Тодар Кашукрэвіч

— Напэўна, фармаваўся і разьвіваўся арыстакратычны стыль тады, калі менавіта эліты ачольвалі нацыю? Яны насамрэч разумелі сутнасьць праблемы і сваю ролю ў фармаваньні менавіта нацыянальнага стылю?

— Нашы эліты часоў ВКЛ вельмі добра разумелі тое, што палітычныя рэформы ў краіне, яе палітычная моц зьвязаная ня толькі з прыняцьцем палітычных рашэньняў. Узгадайма факт прыняцьця царкоўнай уніі, якая спачатку задумвалася як палітычная акцыя. Царкоўныя догматы хрысьціянскіх канфэсіяў не былі аж нагэтулькі адрозныя і зразумелыя для паспалітых грамадзянаў ВКЛ. Найбольш істотнай была «старына», гэта значыць — прызвычаенасьць да стылю. «Старыны ня рушыці» — было адным з галоўных прынцыпаў, ідэалягемаў творцаў мадэлі тагачаснага ўладкаваньня дзяржавы. З прыняцьцем рэлігійнай рэформы адбыліся істотныя стылістычныя рэформы — іканаграфічныя, архітэктурныя. Стыль гэтак званага віленскага барока першапачаткова быў рэалізаваны як стыль уніяцкіх бажніцаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Людзі, адказныя за ўпарадкаваньне дзяржавы, уяўлялі сабе зьмену стылістычнага твару краіны як палітычную праблему.

Сафійскі сабор у Полацку (адноўлены ўніятамі)

Сафійскі сабор у Полацку (адноўлены ўніятамі)

— Што зь беларускага стылю ўкаранілася найбольш моцна? Ад чаго беларусы, так бы мовіць, нават на генэтычным узроўні ня могуць адмовіцца нават сёньня?

— Жывучы ў мястэчку, магу сказаць, што асноўны, кансэрвуючы фактар сьвядомасьці беларусаў — фанэтыка. Хоць людзі размаўляюць расейскім слоўніцтвам, але менавіта фанэтыка для іх — знак роднасьці. Цьвёрдыя -ч-, -ш-, -ж-, -шч- нават са стратай мовы захоўваюцца як сваё. На іншым узроўні выглядае парадаксальным, што арнамэнты (вышыванкі, вышымайкі) сталі моднымі нават у асяродзьдзі гламурных маладых людзей. Можна, напэўна, з гэтай нагоды сказаць, што нейкія архетыпы працуюць сёньня і ў моладзевых асяродках.

Будслаў. Парафіяльны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі (барока, XVIII ст.)

Будслаў. Парафіяльны касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Дзевы Марыі (барока, XVIII ст.)

— Калі ў беларускай гісторыі пачалося супрацьстаяньне стыляў? Якое стылістычнае супрацьстаяньне для Беларусі было найбольш працяглым, драматычным, а мо і вызначальным? Чаго прынцыпова не прымалі нашы продкі?

— Нашы продкі — магнаты-фундатары, рэлігійныя дзеячы і інш., ужо на часы 16-га ст. вельмі добра разумелі стылістычны фактар у войнах, геапалітыцы, дзе могуць быць паразы і перамогі. Нездарма перш за ўсё рабіліся захады дзеля стылістычнага рэфармаваньня. Магнаты-фундатары былі неверагодна багатымі людзьмі, але будавалі храмы, вельмі сьціплыя звонку. А вось унутры былі вычварныя барокавыя алтары і іканастасы. Навідавоку іншы эстэтычны стэрэатып, сьвядомая ўстаноўка контрамаскоўскага стылістычнага мысьленьня. Стылістычнае супрацьстаяньне нашай краіны адбывалася выключна з усходнім суседам. Адбывалася стагоддзямі, працягваецца і дагэтуль. Дагэтуль у Беларусі расейская праваслаўная царква працуе на геапалітычныя інтарэсы Расейскай Фэдэрацыі. Працягваецца масавае будаўніцтва праваслаўных храмаў у маскоўскім стылі, залачэньне купалоў.

— Культурная экспансія Расеі ў Беларусі працягваецца. Працэсы шмат у чым падобныя да тых, што адбываліся ў ХІХ стагодзьдзі. Але ж відавочнае апошнімі гадамі і супрацьстаяньне носьбітаў беларускай культуры, нацыянальнага стылю «русскому миру» зь яго рускім стылем.

— Пятая калёна ў Беларусі працуе. Маю дзясяткі прыкладаў, калі шараговыя грамадзяне — прыхільнікі ідэі «русского мира», беларусы ці этнічныя рускія адпрацоўваюць на месцах свае дробныя ролі. Вось адзін прыклад. У маёй альма-матэр, Акадэміі мастацтваў, на юбілей рабіліся псэўдафальклёрныя пастаноўкі зь дзяўчатамі ў какошніках. А рэктар, мастацтвазнаўца Міхал Баразна, у тым ліку спэцыяліст у авангардным мастацтве, скрозь пальцы на гэта глядзеў... Вось вам і стыль у кузьні стылю!

— Сёньня ў барацьбе з маскоўскім стылем на першае месца выйшлі вышыванкі. Чаму за вышыванкі, ці, дакладней, за беларускі арнамэнт так ухапіліся беларускія патрыёты, перадусім маладыя? Ад бездапаможнасьці ў змаганьні за мову? Візуальны стыль прасьцейшы? Ад няверы ў апазыцыйных палітыкаў? Ці мо ўвогуле спрацоўвае інстынкт нацыянальнага самазахаваньня? Страх перад магчымай акупацыяй?

Фота з сацыяльных сетак

Фота з сацыяльных сетак

— Адзначу, што беларускі арнамэнт — адзін з самых старажытных, прыгожых і стылёвых у індаэўрапейскім сьвеце. Я — як, у пэўным сэнсе, дызайнэр і культурны правакатар — магу сказаць, што моду на пэўныя адаптацыі беларускага арнамэнту, дызайнэрскія рэдакцыі і папулярызацыю гэтай стылістычнай тэмы мы запусьцілі яшчэ ў ліхія 1990-я гады. Цешуся з таго. І застануся шэрым кардыналам гэтай плыні, пра каго ніхто ўжо не ўзгадае. Моладзь ухапілася, бо мы змаглі зрабіць з арнамэнтаў — не «калхазанскі» стыль, а стыль са знакам якасьці. Падкрэсьлю, што візуальны стыль больш просты для нацыянальнай ідэнтыфікацыі, чым моўны. Я, напрыклад, паўсюль размаўляю па-беларуску, і мяне нават баяцца, бо я выглядаю на брутальнага фацэта за 50. Што ад яго можна чакаць?.. Вось і маўчаць. А што беднае беларускамоўнае дзяўчо будзе даказваць прадаўшчыцы?! Усё, што яна можа, гэта начапіць сабе на руку стужку з арнамэнтам. Цікавейшы іншы аспэкт закранутае тэмы. А навошта модным, заангажаваным у сучасныя глябалістычныя мадэлі маладым людзям пазыцыянаваць сябе стылістычна як прадстаўніка нейкай нацыянальнасьці? Нацыянальнасьці ў сучасным сьвеце ўвогуле рассыпаюцца, размываюцца. А ў Беларусі гэтымі стужачкамі маладым людзям хочацца пазыцыянаваць сябе як нацыю.

Вячаслаў Ракіцкі і Тодар Кашкурэвіч у студыі Радыё Свабода

Вячаслаў Ракіцкі і Тодар Кашкурэвіч у студыі Радыё Свабода

— Навошта?

— Мая субʼектыўная думка — выяўляць сваю адрознасьць у Беларусі і ў сьвеце. У цэлым як да тэндэнцыі я да гэтага стаўлюся пазытыўна. Час пакажа, дзе было добра, а дзе — ня надта.

— Дык вышыванкі — насамрэч важны складнік нацыянальнага стылю? Не «калхазанства», як кажуць некаторыя?

— Кажуць так тыя, у каго ў саміх ёсьць комплекс. Выкарыстаньне, культываваньне арнамэнтаў, народных строяў у Фінляндыі, Нарвэгіі, Гішпаніі, Баварыі — наадварот, факт нацыянальнай годнасьці. Як мастак, культуроляг магу сьцьвердзіць, што вялікія культурныя, рэлігійныя, цывілізацыйныя рэвалюцыі рабіліся з увядзеньнем новых маральна- этычных нормаў, лікавай формы апісаньня сьвету і візуальнага сымбаля — магендовіда, крыжа, пяціканцовай зоркі, свастыкі ды іншага. Гэтыя ініцыятывы і ў беларускай гісторыі спрацавалі значна мацней, чым палітыкі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG