Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму Вайніловіч і Чапскі ня сталі беларускімі героямі?


Тодар Кашкурэвіч

Тодар Кашкурэвіч

Апошнімі гадамі беларускія гісторыкі, краязнаўцы, а разам зь імі і журналісты сталі шмат гаварыць, пісаць пра асобаў, якія ў аддаленым ужо ад нас часе зрабілі вялікі ўнёсак у станаўленьне і разьвіцьцё нацыянальнай культуры, адукацыі, эканомікі, нават у вайсковую славу беларусаў. Пра тых выбітных людзей, якія ня толькі нацыянальнымі героямі ня сталі, а былі ці ў поўным забыцьці, ці на ўзбочыне гісторыі. Дык чаму беларусы адных асобаў зрабілі сваімі героямі, а іншых — не? Чаму лёгка, а мо і прынцыпова, аддалі іх іншым народам? Свае і чужыя, чужыя — свае.

Размова з культуролягам, мастаком Тодарам Кашкурэвічам.

Вячаслаў Ракіцкі: Давайце пачнём размову з канкрэтных асобаў. Прыкладам, з графа Караля Чапскага — гарадзкога галавы Менску. Зь яго прыходам на гэтую пасаду ў 1890 годзе ў жыцьці тады звычайнага губэрнскага цэнтру Расейскай імпэрыі, цяпер сталіцы Беларусі, адбылася культурная і эканамічная рэвалюцыя. Конка, водаправод, тэлефон, бясплатная радзільня, публічная бібліятэка, спартовы комплекс, бровар, дабудаваны гарадзкі тэатар, адчыненыя прытулкі для бедных. Пералічыць усё тое, што пры Чапскім пераўтварыла звычайнае места ў перадавы эўрапейскі горад, немагчыма. Чаму пасьля гэтага ён ня стаў нацыянальным героем? Чаму ў Станькаве, на месцы, дзе ён спачывае, няма нават надмагільля, а ў Менску — помніка? Прычына ў тым, што ягоны род быў выхадцам ці то зь Нямеччыны, ці то з Польшчы? Што ён ня быў тутэйшага паходжаньня?

Тодар Кашкурэвіч: Паходжаньне культурных і палітычных герояў у любой краіне ня мае асабліва вялікага значэньня. Зірнем на любую эўрапейскую краіну. Усюды французы, італьянцы будавалі, размалёўвалі храмы, палацы. Тое ж самае адбывалася і ў Рэчы Паспалітай. Гэта ж самае можна сказаць і пра Масковію. Масква белакаменная была пабудаваная італьянцамі, палякамі. І Пецярбург таксама. Чаго вартая хоць бы архітэктура Растрэлі! Гэта не ўнікальная зьява, а агульнаэўрапейская. Таму паходжаньне Гутэн-Чапскага ня ёсьць прычынай, што ён незаслужана быў забыты ў нашай нацыянальнай прасторы. Істотна тое, што ён прадстаўляў іншае саслоўе і іншы тып нацыянальнай ідэнтычнасьці. Ён быў польскамоўны, хаця і расейскамоўны таксама. Але ня ўпісваўся ў беларускі бальшавіцкі праект.

Графіці з партрэтам графа Чапскага ў Менску

Графіці з партрэтам графа Чапскага ў Менску

Ракіцкі: А чаму забытым стаў Эдвард Вайніловіч, які практычна ў гэты ж самы пэрыяд таксама шмат зрабіў для Менску і Беларусі? Будучы фактычна кіраўніком Менскага таварыства сельскай гаспадаркі, ён вывеў яго ў шэрагі самых эфэктыўных і прагрэсіўных гаспадарчых арганізацыяў Расейскай імпэрыі. У 1905–1910 гадох на свае грошы Вайніловіч пабудаваў у Менску велічны каталіцкі касьцёл Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены, гэтак званы Чырвоны касьцёл. Вайніловіч паводле сваіх каранёў усё ж быў сваім. Мясцовае, беларускае паходжаньне было для яго прынцыповым. І пра свае карані Эдвард Вайніловіч пісаў у мэмуарах, што «род быў мясцовы, беларускі», а ў сваім тастамэнце адзначыў цесную зьвязанасьць з радзімай і народам:

«Вайніловічы не прыйшлі ані з усходу, ані з захаду, а ёсьць карэннымі, мясцовымі, кроў ад крыві, косьць ад косьці таго народу, які калісь хаваў сваіх продкаў у тых курганах, што і цяпер ёсьць на вясковых могілках, і родную зямлю сваёй сахой кроіць».

Мо таму Вайніловіч стаў у гістарычнай пэрспэктыве чужым, што быў неафіцыйным лідэрам карэнных (каталіцкіх і польскамоўных) дваранаў літоўска-беларускіх губэрняў?

Касьцёл сьвятых Сымона і Алены, фундаваны Эдвардам Вайніловічам

Касьцёл сьвятых Сымона і Алены, фундаваны Эдвардам Вайніловічам

Кашкурэвіч: Зноў жа з прычыны станавай, саслоўнай, з прычыны неадпаведнасьці беларускаму бальшавіцкаму праекту. Па-першае, дзьве гэтыя асобы, якіх вы ўзгадалі, гэта асобы позьняга пэрыяду. А можна і палітычных, і вайсковых, і культурных асобаў узгадваць ад пачатку XVI стагодзьдзя, ня кажучы ўжо пра XIX стагодзьдзе, калі ўся патрыятычная літаратура (тутэйшая, літоўская) пісалася на польскай мове. Вось тут і хаваецца праблема. Але мы былі ў Рэчы Паспалітай у хаўрусе з Каронай Польскай шэсьцьсот гадоў. І польская мова, на маё перакананьне, — адна з нашых літаратурных моваў. Гэтаксама як царкоўнаславянская мова для Масковіі ці для праваслаўнай часткі нашай краіны, або як лаціна для Польшчы. Пераважная большасьць польскамоўных творцаў на нашых землях стваралі нашу патрыятычную літаратуру. Такога кшталту літаратуру тут не стваралі заходнерусісты, ці расейскамоўныя творцы беларускага паходжаньня.

Ракіцкі: Вы падкрэсьлілі ролю бальшавікоў у забыцьці гэтых і ім падобных герояў. Так, неўзабаве пасьля Чапскага і Вайніловіча яны запанавалі ў Менску і вынішчалі ўсю, так бы мовіць, панскую культуру, спадчыну эксплюататараў, як яны самі казалі... Але ж ці не бальшавіцкая ідэалёгія працягвала той самы доўгатэрміновы праект Беларусі як часткі Расейскай імпэрыі, ці, калі зьвязваць зь сёньняшнімі рэаліямі, «рускага сьвету»? Быў такі праект?

Кашкурэвіч: Безумоўна. Беларускі праект быў створаны прадстаўнікамі імпэрскіх канцылярыяў Расейскай імпэрыі. Я нават выкажу такое меркаваньне, якое шмат каму падасца спрэчным, што беларускі нацыяналізм і нават антырасейскі выгадны аж дагэтуль і для расейскай ідэалёгіі, і для расейскіх геапалітычных раскладаў. Ніводны кантэкст, зьвязаны зь Літвой, з Рэччу Паспалітай, польскасьцю недапушчальны. Расейскі геній быў настолькі моцны і прадуманы, што пры канцы XVIII стагодзьдзя — пачатку XIX стагодзьдзя яны запусьцілі беларускі вірус і кантралююць яго дагэтуль.

Яшчэ раз падкрэсьлю: беларускі нацыяналізм — гэта нацыяналізм, кантраляваны Расейскай імпэрыяй.

Ракіцкі: Можна з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што Расея спрычынілася да таго, што беларусы адмовіліся, адхрысьціліся ад сваіх польскамоўных герояў, патрыётаў краю, ці спакойна аддалі іх палякам — Адама Міцкевіча, Тамаша Зана, Юзафа Крашэўскага, Станіслава Манюшку ды іншых?

Помнік Адаму Міцевічу ў Наваградку

Помнік Адаму Міцевічу ў Наваградку

Кашкурэвіч: Расеі гэта трэба было зрабіць першым чынам, таму што тыя асобы, пра якіх вы кажаце, стварылі высокага кшталту літаратуру і мастацтва. І абмежаваньне даступнасьці вось гэтай літаратуры для беларусаў, нават для беларускіх нацыяналістаў было іхняй мэтай. Адзінае, што ў гэтай праблеме бянтэжыць беларускіх нацыяналістаў, што гэтыя творы напісаныя не на беларускай мове і што, зь іхняга гледзішча, іх трэба перакладаць на беларускую мову. Я думаю пан Міцкевіч пераварочваецца на небе ад таго, што на ягонай мове тутэйшыя людзі ўжо ня могуць чытаць ягоныя творы — «Дзядоў», «Пана Тадэвуша». Мая прапанова: шаноўныя беларускія нацыяналісты, вучыце польскую мову!

Ракіцкі: Вы хочаце сказаць, што бальшыня вельмі важных асобаў для беларускай гісторыі і культуры выціскаліся з кантэксту тутэйшай, ці беларускай, сьвядомасьці паводле моўнага прынцыпу?

Кашкурэвіч: Моўнага і саслоўнага. Бо беларуская мадэль Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча, мадэль нацыянальная і ідэалягічная, грунтавалася на хлопстве, на культуры мужыцкай, увогуле на саслоўі мужыкоў. Дарэчы, трэба адрозьніваць у іхняй творчасьці польскамоўныя творы ад таго, што яны пісалі для мужыкоў. Гэтае стылістычнае адрозьненьне вельмі паказальнае: там шляхетнасьць, тут хлопская прымітыўная эмоцыя. Беларускія сяляне былі заўсёды апалітычныя, і ў гэтым сэнсе былі неадукаваныя. Больш за ўсё іх цікавіў свой агарод, а не інтарэсы дзяржавы, палітыкі, канфэсіі. Масковія зрабіла стаўку на несьвядомую частку насельніцтва, на сялян. Кіраваць гэтым саслоўем ня надта цяжка. І нават прадстаўнікі шляхты, кшталту Дуніна-Марцінкевіча і Багушэвіча, пазьней і Янкі Купалы зь Якубам Коласам, сталі стваральнікамі вось гэтай бальшавіцкай беларускай нацыі.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Ракіцкі: Францішак Багушэвіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Кастусь Каліноўскі, Янка Купала, Якуб Колас... Хто яны? Чаму менавіта яны сталі героямі?

Кашкурэвіч: Трагедыя гэтых творцаў была зьвязаная з ілюзіяй пабудовы нейкай нацыі на новых сацыяльных прынцыпах. І яны былі змушаныя жыць, здраджваючы сваім перакананьням. Дарэвалюцыйныя вершы Купалы былі рамантычныя, любоўныя, а ў 1930-я гады — бальшавіцкія частушкі. Абсалютны прымітыў, але ім не было куды дзецца. Яны былі пад поўным наглядам, і ім не хапала той моцы, каб перафарматаваць саміх сябе.

Ракіцкі: Сёньня ў новай Беларусі адбываецца відавочны працэс зьбіраньня страчанага, вяртаньня згубленага і нават спробы гераізацыі асобаў, таго вартых. Чаму сёньня перадусім нацыянальная эліта краіны хоча прыняць усіх вартых у свой ганаровы пантэон? Прыкладам, бровар «Аліварыя» і прадпрымальніцкі зьвяз робяць усё магчымае, каб вярнуць імя Чапскага. Касьцёл нават ініцыюе кананізацыю Вайніловіча.

Кашкурэвіч: Кананізацыя Вайніловіча, з майго гледзішча, даволі абсурдная ініцыятыва. Я думаю, ён бы сам скрытыкаваў ініцыятыву ягонай кананізацыі. Чаму гэта адбываецца? Трэба прызнаць, што мы жывём у працэсе перафарматаваньня тутэйшай сьвядомасьці. Сапраўды, за апошнія гады зьявілася вельмі шмат ініцыятыўных маладых людзей, якія дасьледуюць усе тыя праблемы, пра якія мы з вамі гаворым. Мы жывем у такі час, калі гэтыя тэмы трэба прамаўляць, дасьледаваць, а незаслужана забытых герояў трэба вяртаць у сьвядомасьць нашых людзей, нават у сьвядомасьць расейскамоўных патрыётаў нашага краю.

Ракіцкі: А гатовая беларуская нацыя прыняць у свой пантэон гэтых асобаў?

Кашкурэвіч: Я не сацыёляг. Таму маё меркаваньне будзе вельмі суб’ектыўнае. Але, з маіх назіраньняў, вельмі вялікі працэнт беларускага народу, нават расейскамоўных людзей, гатовыя прыняць гэтых новых герояў з той Атлянтыды, якую страцілі.

Ракіцкі: Вось Чапскі ляжыць па-ранейшаму дзесьці ля Станькава пад амаль безыменным курганком. Што і хто перашкаджае паставіць яму хоць бы надмагільле?

Магіла Яна Караля Аляксандра фон Гутэн-Чапскага ў Прылуках

Магіла Яна Караля Аляксандра фон Гутэн-Чапскага ў Прылуках

Кашкурэвіч: Пра перашкоды я б выказаўся ў стылі кансьпіралёгіі. Трэба заўважыць, што праблема беларускай, ужо сфармаванай, нацыі ў пэўнай ступені залежыць ад пятай калёны прарасейска настроеных людзей, альбо нават расейцаў, якія знаходзяцца ва ўсіх структурах — міністэрстваў адукацыі, культуры і ім падобных. Менавіта гэтыя людзі, пятая калёна, робяць вось тыя перашкоды для культываваньня каталіцкай культуры, уніяцкай культуры, шляхецкай, магнацкай, дый увогуле культуры, зьвязанай з Рэччу Паспалітай і Вялікім Княствам Літоўскім. Яны як бы дробныя шрубачкі, але кожны на сваім месцы робіць сваю справу ў інтарэсах Расейскай Фэдэрацыі і дзеля пашырэньня «русского мира».

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG