Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларусы ставіліся да дурману?


Дзед зь люлькай. Фота з этнаграфічнай калекцыі Ісака Сербава, 1911–1912 гг.

Дзед зь люлькай. Фота з этнаграфічнай калекцыі Ісака Сербава, 1911–1912 гг.

Што ведалі архаічныя беларусы пра наркатычнае ўзьдзеяньне пэўных расьлінаў на арганізм чалавека? Якія практыкі існавалі з магічнымі зёлкамі і як да іх ставіліся? Што засьведчыў пра гэта беларускі фальклёр?

Наркатычныя, галюцынагенныя расьліны ў народных уяўленьнях — тэма гутаркі з этнакультуролягам Цімафеем Авіліным.

— Зь дзяцінства памятаецца мне, як людзі, ідучы па ягады ў лес, па чарніцы, суніцы, казалі, што ня трэба зьбіраць дурніцы, п'яніцы і нават трэба абыходзіць іх, бо будзе галава балець, дурман будзе. Але ж гэтыя назвы зусім не навуковыя, не батанічныя, так бы мовіць. А якія яшчэ адурняльныя расліны ўзгадваюцца ў народзе?

— Так, гэта праўда, што рэкамэндавалі «акуратна» зьбіраць дурніцы, бо чалавек можа адурнець ад іх паху. Але часам, наадварот, зьбіралі гэтыя ягады, каб варыць, да прыкладу, сочыва. Што тычыцца іншых адурняльных расьлінаў, дык тут цэлы «букет» — гэта такія траўкі, як блёкат, дурман, дурнап'ян, багун, белена, ягады — дурніцы ці буякі (якія яшчэ ў народзе называюць лахачы, бугаі, галубіцы), п'яніцы, а таксама гэтак званыя дурныя грыбы. Казалі пра падобныя ягады: «Мой зяць як наеўся белабонаў, дак думалі, што здурнеў». Увогуле, часта адной народнай назьве расьліны могуць адпавядаць розныя віды траў (гэта, у прынцыпе, распаўсюджаная зьява ў шмат якіх народаў).

Цімафей Авілін

Цімафей Авілін

— Значыць, людзі ведалі наркатычнае ўзьдзеяньне пэўных расьлінаў на арганізм чалавека. Але ці ведалі, што гэтае ўзьдзеяньне шкоднае? Чаму гаварылі — дурная расьліна, а не атрутная?

— Так, гэта вельмі цікавае пытаньне, бо сучасныя тэрміны, зьвязаныя з наркатычным узьдзеяньнем, істотна адрозьніваюцца ад старых, у якія найперш укладвалася разуменьне магічнага ўзьдзеяньня траваў.

У аповедах пра падобныя травы, як правіла, згадваюцца апісаньні зьявы «шаленства», «адурэньня». Вось параўнайце: «Буеніцы ў нас е, да іх ніхто не берэ, ад іх дурны робісься», або «На сьметніку расьце дурнып’ян; семя ў яго — як мак, а зьеш — ашалееш». То бок узьдзеяньне гэтых расьлінаў на чалавека зьвязвалася не з «атручваньнем», а з «адурманьваньнем».

Вядома, абодва ўплывы шкодныя; тым ня меней у дачыненьні да расьлінаў гэтага тыпу прысутнічае яўная дыфэрэнцыяцыя. Чаго вартыя ўжо такія апісаньні: «Я раз дурнап’яну зьеў, дак на сьценку лез»; «Адубянела ад дурнап’яну, ляжыць і не кратаецца».

Дарэчы, падобнае ўзьдзеяньне ўскосна адлюстроўваецца і ў саміх назвах: дурман, дурнап’ян, балабоны (параўнайце: балабо́ніць — ‘балбатаць’), буякі́ (ад буяць — ‘буяніць, шалець’). На народныя веды пра наркатычныя ўласьцівасьці пэўных расьлінаў указаў у сваім слоўніку Іван Насовіч ужо ў апошняй траціне XIX стагодзьдзя: дурні́ца — «ягода, очень похожая на чернику, но имеющая одуряющее, наркотическое свойство. Она сама по себе безвредна, но, ростя между багуном, напитывается наркотическим его свойством». З падобнымі характарыстыкамі тамсама падаюцца такія дурманлівыя расьліны, як дуре́ц, дурнопья́н, белена. Падобныя апісаньні багуну і дурніцы (дурнішнік) прыводзіць на пачатку ХХ стагодзьдзя і этнограф Уладзімір Дабравольскі, дадаючы выказваньні інфарманта: «У яго у галаве багун: тварить неведама што». Тамсама аўтар згадвае пра адмысловае курэньне лісьця блёкату (дурь-трава, ды́бырь, чортовы горлачи), але падкрэсьлівае дадатковыя адмоўныя эфэкты: «при зубной боли сухия листья этого ядовитого растения курят вместо табака до дурноты». А вось пра дурне́ц казалі: «Од нервоў чай заварваюць з дурнецу да пьюць».

Жанчыны зьбіраюць чарніцы. Вёска Чабель Сарненскага павету. Украінскае Палесьсе. 1930-я гады. Фота С. Дваракоўскага

Жанчыны зьбіраюць чарніцы. Вёска Чабель Сарненскага павету. Украінскае Палесьсе. 1930-я гады. Фота С. Дваракоўскага

— Здаўна беларусы вырошчвалі каноплі. І здаўна яны ведалі пра тое, што каноплі, якія вельмі шырока была распаўсюджаныя ў Беларусі, маюць якасьць узьдзеяньня на нэрвовую сыстэму. У фальклёры больш пра наркатычныя якасьці канапель ішла гаворка ці пра іх гаспадарчую вартасьць?

— Пра наркатычныя якасьці канапель у фальклёры, прынамсі з таго матэрыялу, які я маю, нічога няма. Відаць, таму, што той «архаічны» від, які расьце на тэрыторыі Беларусі, ня мае адпаведнай канцэнтрацыі наркатычных рэчываў. Адпаведна, і выкарыстоўваньне было пераважна гаспадарчае. У першую чаргу для вырабу вяровак і палотнаў для рознага тыпу адзеньня: «Ого! Каноплі сеіць карысна: зь іх жа будзіць і пінька ны вяроўкі, і алей з насеньня» або «Ніцянікі зьвязалі з канапляньіх ніцей, проў каноплі» (ніця́нікі — ‘лапці, зробленыя зь нітак’). Ці назва даматканай шэрай тканіны — каноплік. Канешне, каноплі выкарыстоўвалі і ў гастранамічных мэтах, каб зрабіць алей, таксама штосьці падобнае да сьмятаны і малака: «Дзягно — сьмітана такая, таўклі, варылі каноплі, зьбіралі пену перад полымем, дужа смашная». Або глядзіце: «Люблю я кашу з калапні. Шкода, што нільзя ціпер калапню вырошчываць». І нават асобная каша — чамяру́ха — тоўчаныя прасеяныя каноплі, звараныя з сушанымі грыбамі, цыбуляй.

— І ніякіх згадак у фальклёры пра наркатычныя якасьці канапель не было ўвогуле?

— Так, толькі, аднойчы ў слоўніку сустрэлася згадка пра супакаяльныя якасьці канапель: «Багун ат прастуды, чай заварывала. Рвоты былі ад дурніц ці ад багану, дык у каноплі клалісі», але аніяк не галюцынагенныя.

«Люцыя з наднёманскай вёскі Глябовічы, вясковая лекарка, якая мела веды ў батаніцы і народнай мэдыцыне, і Ўланка Снапкова, 17-гадовая дзяўчына зь вёскі Міневічы. Фота з калекцыі пісьменьніцы Элізы Ажэшкі (1841–1910)

«Люцыя з наднёманскай вёскі Глябовічы, вясковая лекарка, якая мела веды ў батаніцы і народнай мэдыцыне, і Ўланка Снапкова, 17-гадовая дзяўчына зь вёскі Міневічы. Фота з калекцыі пісьменьніцы Элізы Ажэшкі (1841–1910)

— А ці вядомыя праз фальклёр наўмысныя дзеяньні, зьвязаныя з такімі зёлкамі?

— Вядомыя, прычым у двух кантэкстах — жартаўлівым і, так бы мовіць, «помсьлівым». Вось дурнап’ян дзеля жарту кідалі ў печ у хаце або ў лазьні: «Нехта патшуціў, кінуў у печку друзеля, у лазьні, то хто мыўся — пап’янелі», «Дур-зелья на печы пасыпалі, бабы паляжалі, падурнелі, на двор павыскоквалі».

А вось якія «помсьлівыя» ўчынкі ўтваралі хлопцы ад «непадзеленага каханьня»: «Каб адмсьціць дзеўцы, што не любіць маладога, трэба яе падкурыць дурцом, дурап’янам, яна тады будзе бегаць, скінуўшы сьвітку, як вар’ятка, на двары».

— А прыгаворы, загаворы?

— Тут залежыць ад кантэксту, бо маглі быць прыгаворы на добры збор расьлінаў. Падчас чытаньня замоваў, відаць, маглі быць нейкія дзеяньні з расьлінамі — такім чынам утвараўся непарыўны кантэкст рытуалу. Што тычыцца адурняльных расьлінаў, дык тут хутчэй прыгавор на засьцярогу ад іх: «Калі йдзеш у дурніцы, трэба казаць: Мы ў балота, багун з балота. I так сказаць тры разы, каб ні балела галава».

— У фальклёры часта можна сустрэць згадкі пра вядзьмарскія мазі. Якія чарадзейныя практыкі ўвогуле зьвязаныя з рознымі расьлінамі-дурманамі? У чорнай, белай магіі выкарыстоўваліся?

— У фальклёрна-этнаграфічных крыніцах XIX стагодзьдзя сустракаюцца апісаньні (папраўдзе кажучы, часам на мяжы літаратурных прыдумак) вядзьмарскіх мазяў, якія робяцца ў тым ліку на аснове траваў. Тут хутчэй праява «чорнай магіі», чым белай. Так этнафальклярыст канца ХІХ стагодзьдзя Мікалай Нікіфароўскі згадваў, што чараўнікі націраюцца мазьзю, у склад якой уваходзяць і адурманьваючыя травы: «аканіт ці барэц, чараміца (беладонна), блёкат, красавіца, багун, ведзьміна трава і іншыя». Звычайныя людзі, якія ёю націраліся, пачыналі «перамяшчацца на розных рэчах — на калу, на бервяне, на качарзе ці вілках, лятае па паветры, скача, весяліцца ў кампаніі моладзі і тут жа бярэ ўдзел у агідных чортавых абрадах (ці назірае за імі), у якіх парадзіруюцца рэлігійныя і наогул усе людзкія дзеяньні». На дзіва, амаль такі самы шэраг траваў быў пазначаны яшчэ раней расейскім археолягам Іванам Забеліным падчас апісаньня «заходніх ведзьмаў», паводле якога, маўляў, ведзьмары і вядзьмаркі націраюцца перад сном мазьзю. Таксама вядомыя практыкі выкарыстоўваньня беладоны ў якасьці сродку «разьвязаць язык» падсуднаму.

Grandfather with a pipe in a series of photographs by Jan Bulgak. 1910

Grandfather with a pipe in a series of photographs by Jan Bulgak. 1910

— Бальшыня наркатычных расьлінаў, зёлак, ягадаў патрабавалі, напэўна ж, асаблівага прыгатаваньня іх, каб узьдзейнічалі на арганізм чалавека. У чыстым выглядзе яны ж пераважна бяскрыўдныя? Ёсьць пра гэта згадкі ў фальклёры?

— У чыстым выглядзе таксама могуць быць шкодныя, таму й засьцерагалі людзей, якія ходзяць у ягады. У сваю чаргу, макавае зерне выкарыстоўвалі як усыпляльны сродак. Калі казаць пра асноўныя практыкі, дык тут на першае месца, відаць, выходзіць падкурваньне гэтых расьлінаў. Зь іншага боку, ёсьць фіксацыі і гатаваньня розных настоек на аснове траваў: настойкі на палыне — «Сделай настойку гарэлки на палыну, дай пи рюмки па две ў день», дурніцах — «З дурніц брат гарэлку гнаў», і нават маку — «Дажа мак дабаўлялі [ў гарэлку]». Аналягічнае прымяненьне маку адзначаецца і на Пскоўшчыне: «Напоить до дурмана, до смерти (наркотическим маковым отваром) «Макам паила, пака убряжалась, и запаил».

«Жанчыны зьбіраюць грыбы». Вёска Шчыткавічы Бабруйскага павету. Фота з этнаграфічнай калекцыі Ісака Сербава

«Жанчыны зьбіраюць грыбы». Вёска Шчыткавічы Бабруйскага павету. Фота з этнаграфічнай калекцыі Ісака Сербава

— Вядома, што на тэрыторыі Беларусі растуць і галюцынагенныя грыбы. Ці апісвалася іх ужываньне людзьмі ў фальклёры?

На гэтую тэму народ яшчэ меней гаварыў. Часам згадваюцца нейкія дурныя грыбы. Вядома, што на тэрыторыі Беларусі растуць грыбы роду Psilocybe, даволі моцныя галюцынагены. Але ў фальклёрных і этнаграфічных запісах даволі рэдка сустракаюцца апісаньні гэтых прадстаўнікоў расьліннага сьвету. У адной з народных легендаў можна знайсьці ўскоснае згадваньне:

«Ішлі адно разу два салдаты з вайны, дый надта булі галодныя, й зайшлі яны на базар, хоць грошай не було.

Прыйшлі, адно бачаць дзьве бабы грыбы продаюць. Падыходзяць яны да бабы дый пытаюць:

— Бабка, а ў вас грыбы не дурныя?

— Не, — кажа бабка.

— Ну дык паджарце нам іх, тады мы ў вас іх купім.

Паджарыла яна іх і падала ім. Яны пад’елі, а расчытвацца німа чым, дый давай поўзаць па полу, крычаць, аб сцены кулакамі біць. Спалохалася баба ды кажа:

— Сыночкі, сыночкі, годзя дзьверы, годзя!

А тыя салдаты ўнурылі головы ў шыпялі(?) дый уцекі ў дзьверы й пабеглі..?

«Ах, здэцца адныя асовічкі булі ў кошыку, а чаму гэтыя грыбы „здурнелі“, сама не знаю. Добра, што Бог мяне ад бяды сьцярог».

Цімафей Авілін і Вячаслаў Ракіцкі ў студыі Радыё Свабода

Цімафей Авілін і Вячаслаў Ракіцкі ў студыі Радыё Свабода

— Ці ўзгадваюцца ў фальклёрных тэкстах людзі, залежныя ад гэтых зёлак? Ці, кажучы сучаснай мовай, наркаманы?

— Не, дзякуй Богу, падобных апісаньняў няма. У людзей хапала й без таго сваіх праблемаў зь іншымі вадкімі рэчывамі дый азартнымі гульнямі, супраць чаго актыўна выступала царква.

— Ці існаваў у народных уяўленьнях культ магічных ці наркатычных зёлак?

— Зь вядомага мне матэрыялу вынікае, што самі гэтыя расьліны ў народным усьведамленьні XIX–XX стагодзьдзяў не ўтваралі аніякага культу (як, да прыкладу, у індзейцаў Паўднёвай Амэрыкі) і маюць хутчэй адмоўныя канатацыі, адмоўныя дадатковыя сэнсы. Людзі ведалі пра такія ўзьдзеяньні расьлінаў на чалавека, але ня вельмі гэтым ведам давяралі. І таму, адпаведна, ня вельмі практыкавалі. У сувязі з «адурмальванымі» ўласьцівасьцямі падобных расьлінаў іх натуральным чынам перадусім зьвязвалі з чарадзействам.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG