Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальная сымболіка – БССР-2 больш ня будзе


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Дызайнэр Уладзімер Цэсьлер зрабіў малюнак вышымайкі дваічным кодам, мовай праграмістаў. Назваў свой новы твор «Парку высокіх тэхналёгій 10 гадоў». Мяркую, ўсё больш глыбока. У камэнтах па спасылцы:

Alexandra Fevra – «І ў вышываных кашулях закадаваны сэнс. Так што ідэя двойчы геніяльная».

Пэрыядычна ўзгадваю і распавядаю гісторыю пра міліцыянта, зь якім разам дзяжурыў на выбарчым участку ў 1995. Былі выбары ў Вярхоўны Савет і рэфэрэндум, дзе сярод іншага вырашалася пытаньне сымболікі. У дыскусіі па тэме міліцыянт мне рашуча заявіў: «Ды хоць майткі драныя будуць вісець над Домам Ураду, абы толькі грошы добрыя плацілі!»

Я быў назіральнікам ад Партыі Аматараў Піва, даверанай асобай фронт-мэна Партыі Андрэя Рамашэўскага. А таму меў права на агітацыю на сваім участку. А ўчастак у мяне выдаўся вельмі паказальны – інтэрнаты некалькіх заводаў на вуліцы Надзеждзінскай. Такі сабе сацыяльны анкляў, куды ў 1970-80 мясцовае фуліганьнё хадзіла «біцца з крэстамі».

У інтэрнатах жыў той самы галоўны электарат Лукашэнкі: прыехалыя па лепшае жыцьцё ў горад нядаўнія вяскоўцы. Я заходзіў у фае, каб распавесьці пра свайго кандыдата, мяне абступалі людзі, і пачыналі задаваць стратэгічныя пытаньні.

Пра шляхі разьвіцьця Беларусі, пра тое, што іх – рабочых – можа чакаць, якая пэрспэктыва. Пыталіся і пра сымболіку, якую Лукашэнка прапанаваў зьмяніць. Але. Для мяне было відавочна, што рэч не ў самім абрысе герба і сьцяга, а ў ідэі, якая за імі стаіць.

На маім участку за захаваньне нацыянальнай сымболікі прагаласавала 52%. Можа, зьбег абставінаў, а можа крыху майго ўдзелу, калі я знайшоў патрэбныя словы. Галоўнае, што я вынес з той працы, калі абыходзіў дамы ня толькі па ўчастку, але па ўсёй акрузе, што людзей не цікавілі пэрсаналіі кандыдатаў. Умоўна пыталіся «вы за чырвоных ці за белых»?

Мінуў час, прынцыповыя рэчы засталіся. Вышымайка ад Цэсьлера геніяльная рознымі сэнсамі. Здалёк мы бачым бел-чырвона-белае спалучэньне колераў у стылі вышыванкі. І па вялікім рахунку ня важна што там закадавана, ці не закадавана, а набрана хаатычна. Код ужо перад намі – б-ч-б.

Што зьмянілася – традыцыйны для пасьляваеннай БССР арнамэнт набыў новае гучаньне і стаўся сувязным зьвяном між «чэснымі» і «нячэснымі» беларусамі. Нават Лукашэнка надзеў вышымайку, але – увага! – сіняга колеру.

Відавочная ўлоўка дзеля кампрамісу, бо зразумела, што арнамэнт, арыгінальны ці стылізаваны, дэ-факта замяняе паўзабароненую ад траўня 1995 году нацыянальную сымболіку.

Цяпер дзяржава, чытай – Лукашэнка, імкнецца перахапіць ініцыятыву хлапцоў з «Арт-Сядзібы» з вышымайкамі, апанаваць ідэю эксплуатацыі нацыянальнага арнамэнту. Вось і БРСМ плянуе зрабіць «Дзень вышыванкі», вось і ва ўсіх крамах прадаюцца нават шкарпэткі з арнамэнтам. Толькі, мяркую, БССР-2 ужо не атрымаецца.

Дзяржава ўвесь час адстае ад грамадзкіх ініцыятываў. Хто мог падумаць, што пяць хлапцоў з ганянай уладамі па ўсім Менску «Арт-Сядзібы» спародзяць такую хвалю з вышыванкамі і арнамэнтам наагул?

Перад тым у часы росквіту «Будзьма беларусамі!» дзяржава капіявала ініцыятывы грамадзкай культурнай кампаніі. Стварыла сваю кампанію «Беларусь – гэта мы», перахапіла палову лёзунгу «Беларусь – гэта тое, што нас аб'ядноўвае і робіць унікальнымі» ды іншыя заўважныя адно спэцыялістам штукі.

«Хай робяць!» у адзін голас кажуць творцы, якія працуюць з тэмай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ў Беларусі. Зрабіць манаполію на тое, што прыйшло «зь нізоў» не атрымаецца.

Рэфэрэндум 1995 вярнуўся праз дваццаць гадоў перамогай свайго нацыянальнага. А пытаньне сымболікі – гэта пытаньне не эстэтыкі і нават не гісторыі. Гэта пытаньне сваёй дзяржавы тут і цяпер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG