Пачатак 90-х. Галоўны рэдактар буйной маскоўскай газэты заўважае на шкарпэтках чальцоў рэдкалегіі дзіркі. Згадвае, што найлепшыя ў былым СССР шкарпэткі рабіў віцебскі «КІМ»...
Аднак паспрабуй прывезьці іх у Маскву, калі забараняецца вывозіць зь Беларусі амаль усё. Мяжы, вядома, з Расеяй няма. Але куды схавацца ад патрулёў, што прагульваюцца ўздоўж цягнікоў і пільна сочаць за кожным?..
...Ноч, бясконцы сьнег, сьлізкая, ад самога Віцебску, шаша; палюбоўніца адказнага сакратара скурчылася ззаду пад вялізнымі скрынямі са шкарпэткамі; сакратар хвалюецца, ці абмінем патруль...
Дзе тая найвялікшая ў сьвеце газэта? Дзе тыя шкарпэткі? Адно што даношвае мо былы галоўны, бо прыдбаў цэлую скрыню.
Назапашваў на гады.
Сяргей Ваганаў
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org