Пра ідэі і змаганьне зь імі

Ганна Янкута

Апошнія пару месяцаў у мяне на стале ляжаць дзьве кнігі — «Знахар» польскага пісьменьніка з Глыбоччыны Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча і «Рай даўно перанаселены» Алены Брава. «Знахара» я разам з Марынай Казлоўскай, Марыяй Пушкінай і Марынай Шодай перакладала, (і кніга ўжо нават выйшла), пра раман «Мэнада і яе сатыры», адзін з твораў зборніка «Рай даўно перанаселены» — пісала навуковы артыкул. Калі б я заглыблялася ў гэтыя кнігі паасобку, магчыма, эфэкт ад іх быў бы не такім моцным. Аднак апошнім часам я пастаянна пераключалася з адной зь іх на другую, і дыялёг культур у маёй галаве добра што не ператварыўся ў культурную вайну.

Тыя, хто знаёмы з раманам «Мэнада і яе сатыры», памятаюць, што яго галоўная гераіня Юля, начытаўшыся ў школьныя часы рамантычнай літаратуры (у ангельскай мове ёсьць такое жанравае вызначэньне, як romance, — на нашу мову гэта можа перакладацца як «рамантычны раман»), пачала выбудоўваць сваё жыцьцё згодна з сюжэтамі любімых кніг, шукаючы «сапраўднага», «кніжнага» каханьня. Гэта вельмі фэмінісцкі твор, які паказвае дзеяньне гендарных стэрэатыпаў і іх уплыў на чалавечыя лёсы. Літаратура ў нейкім сэнсе адказная за распаўсюд гэтых стэрэатыпаў, навязваньне жанчынам і мужчынам тых мадэляў паводзінаў, якія пасьля могуць прывесьці да выніку, апісанага ў рамане Алены Брава.

У сваім артыкуле «Як я спрачалася з Артурам Конанам Дойлам» пісьменьніца і перакладчыца Алена Казлова расказала пра свае ўражаньні ад працы з «Прыгодамі Тома Соера» Марка Твэна і апавяданьнем пра Шэрлака Холмса «Срэбны Месяц». Роля жанчын у першым творы — перашкаджаць белым хлопчыкам жыць альбо служыць для іх прызам, у другім — несьці адказнасьць за мужчынскія злачынствы. Аўтарка артыкула, як і Алена Брава ў сваім рамане, упэўненая, што «кніга як пераносчыца ідэй можа ня так ужо і мала», і гэтая думка ўвесь час прымушала мяне глядзець на раман Далэнгі-Мастовіча трошкі з падазрэньнем.

Калі б «Знахар» быў перакладзены на беларускую мову раней і выдадзены накладамі пачатку 90-х, думаю, ён зь вялікай доляй верагоднасьці мог бы аказацца ў руках Юлі, гераіні раману «Мэнада і яе сатыры». Галоўная лінія рамана — гісторыя варшаўскага хірурга, прафэсара Рафала Вільчура, які страчвае памяць і доўга бадзяецца па вёсках пад іменем Антонія Касібы, а пасяліўшыся на млыне, раптам разумее, што можа лячыць людзей — напэўна не забрала б яе ўвагі, затое гісторыя каханьня Лешка Чыньскага і Марысі несумненна б яе зацікавіла. Гэта клясычная love story пра сьціплую дзяўчыну, якую мусяць пакахаць за яе душэўныя якасьці. Пачуцьцё прыходзіць праз выпрабаваньні (цікава, што ні ад Марысі, ні ад Лешка актыўнага змаганьня зь цяжкасьцямі жыцьця не патрабуецца, ім трэба проста адпакутаваць сваё, каб атрымаць жаданую ўзнагароду), гартуецца — і ў фінале чытача чакае добра прадуманы пісьменьнікам і ўзважаны happy end. Цікава, ці запала б гэтая гісторыя ў сэрца Юлі? Яна ж таксама не сумняваецца ў тым, што «права на шчасьце трэба выпакутаваць».

Раман «Знахар» — вельмі чытэльны, больш за тое, гэта сапраўды цікавы твор, з якога мы можам шмат чаго дазнацца пра быт беларускага мястэчка ў міжваенны час. І ўсё ж як сучаснаму чытачу (і асабліва чытачцы) ставіцца, напрыклад, да такога эпізоду?

«Лешак дастаў з кішэні маленькую скрыначку, а зь яе пярсьцёнак з сапфірамі.

— Вось мой абаронны знак, — весела сказаў ён, надзеўшы пярсьцёнак ёй на палец. — Каб памятала, што ты мая непадзельная ўласнасьць.

— Які прыгожы!

— Гэтыя каменьчыкі колеру тваіх вачэй, Марысенька.

Яна доўга прыглядалася да пярсьцёнка, нарэшце адгукнулася са зьдзіўленьнем і захапленьнем у голасе:

— Дык я... заручаная?

— Так, любая, ты мая нарачоная.»

Замужжа, якое найвялікшым жаночым шчасьцем, робіць гэтую самую жанчыну непадзельнай уласнасьцю жаніха — што нам сёньня рабіць з ідэямі, якія ўжо аджылі сваё, аднак якімі поўняцца нашы хатнія бібліятэкі? Безумоўна, мы можам кінуць чытаць кнігі, у якіх утрымліваюцца сэксісцкія, расісцкія, гамафобныя і іншыя такога ж кшталту погляды — але ці не давядзецца нам тады кінуць чытаць увогуле? Разважаючы пра вобраз жанчыны ў клясычнай беларускай літаратуры, Марына Казлоўская піша: «У клясычных тэкстах, вывучэньне якіх прадугледжвае школьная праграма па літаратуры, трансьлююцца традыцыйныя гендарныя стэрэатыпы, дзе роля жанчыны акрэсьліваецца дастаткова банальна: «Ганна завіхалася каля печы» (эсэ «Вучаць у школе: жанчыны пад кантролем»). Пра тое, ці далёка сучасная беларуская літаратура адышла ў гэтым пляне ад клясычнай, я паразважала ў эсэ «Жанчыны вачыма беларускіх празаікаў». Дык што тады прапанаваць для чытаньня Юлі, гераіні рамана Алены Брава «Мэнада і яе сатыры»?

Адзінае выйсьце, якое прыходзіць мне ў галаву ў дадзенай сытуацыі, — гэта адстаронены і ўзважаны падыход да чытаньня.

Адзінае выйсьце, якое прыходзіць мне ў галаву ў дадзенай сытуацыі, — гэта адстаронены і ўзважаны падыход да чытаньня. Можна і трэба ўспрымаць раман «Знахар» як цікавую вострасюжэтную гісторыю пра беларуска-польскае памежжа, як культавы раман свайго часу, што ня можа ня мець на сабе адбіткаў тагачаснага спосабу мысьленьня, і любоўная лінія ў ім — гэта ўсяго толькі адзін з элемэнтаў упрыгожаньня, безь якога раман абысьціся ня мог. «Знахар» — выдатная кніга для летняга адпачынку, яна лёгка чытаецца і можа нават выціснуць сьлязу, і дарослы чалавек цудоўна разьбярэцца, што тут да чаго. Зь дзецьмі і падлеткамі цяжэй. Ня так даўно я рабіла для аднаго выдавецтва пераклад на беларускую мову казак народаў сьвету, і маёй задачай было ня толькі ўласна перакласьці тэксты, але і скараціць іх да пэўнага аб’ёму. Безумоўна, у першую чаргу я скарачала тыя ўрыўкі, у якіх гаварылася пра жаночую дурасьць, бязглуздыя жаночыя капрызы і пра тое, што месца жанчын — «каля печы». У сытуацыі, калі казкі патрабавалі ня толькі перакладу, але і адаптацыі, такое рашэньне падалося мне найлепшым, але ўнівэрсальнага рэцэпту я не ведаю.

Рэдагаваць і адаптаваць клясыку мы, канечне ж, ня можам. Але мы можам з пэўнай доляй асьцярожнасьці ставіцца да тых ідэй, якія трансьлююцца нашымі любімымі кнігамі, аналізаваць іх, спрабуючы зразумець, адкуль карані таго ці іншага вобразу, рабіць аўтару зьніжку з улікам часу напісаньня кнігі (і памятаць пра гэта!) і разам з клясычнымі творамі чытаць сучасную (ня толькі беларускую) літаратуру, у якой галоўная роля адведзеная ня толькі беламу мужчыну сярэдняй клясы і ў якой мы пачуем галасы самых розных людзей — напрыклад, жанчын. А інакш у нашай публічнай прасторы так і будуць зьяўляцца такія прадукты, як нядаўні ролік курсаў «Мова нанова», у якім дзьве дзяўчыны мыюць беларускамоўнай «супэр-зорцы» машыну — і гэта будзе называцца ўсяго толькі «жартаўлівым відэа». Аўтары гэтага роліка, у адрозьненьне ад Тадэвуша Далэнгі-Мастовіча, не апраўдаюцца тым, што гэта было «даўно і няпраўда».