Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як я спрачалася з Артурам Конанам Дойлам


Анка Упала
Анка Упала

Не сакрэт, што літаратура мае ўласьцівасьць старэць. І гэта тычыцца ня толькі лексыкі, але і ідэй. Многія сучасныя дарослыя пачуваюцца няёмка, спрабуючы чытаць дзецям кніжкі, з якімі пазнаёміліся ў сваім дзяцінстве, і расчаравана адкладаюць іх убок. Чаму? А таму, што гэтыя кнігі, застаючыся фактам гісторыі, больш не актуальныя.

Чарнаскурыя дзеці без асаблівага захапленьня будуць чытаць на хатняе заданьне клясыку, дзе іх аднагодкі падаюцца ў ролях рабоў і рабынь. А я, напрыклад, пераклаўшы з англійскай урывак з «Прыгодаў Тома Соера», далей да гэтай справы астыла. О гэтыя вечныя белыя хлопчыкі-героі, зь якімі адбываюцца ўсе прыгоды (Том), о гэтыя вечныя пасіўныя кніжныя дзяўчынкі, галоўнае прызначэньне якіх — у прыгожай сукенцы быць прызам закаханаму герою (Бэкі). Недалёкая цётка, сьвет якой абмяжоўваецца хатняй гаспадаркай і якая змушае свабодалюбнага хлопчыка датрымлівацца нудных правілаў (Цётка Полі). Такім разьмеркаваньнем гендэрных роляў нас і так шчодра пачастуе большасьць беларускіх літаратурных і публіцыстычных тэкстаў, таму множыць гэтае мноства сваімі перакладамі замежнай клясыкі мне ня надта цікава.

Мужчынацэнтрычная літаратура поўная мужчынацэнтрычным мысьленьнем.

Мужчынацэнтрычная літаратура поўная мужчынацэнтрычным мысьленьнем, у такой рэчаіснасьці людзі жаночага полу зусім ня маюцца на ўвазе. Скажам, вось як разважае разам з Маркам Твэнам Том Соер: «Урэшце Том падумаў, што жыцьцё — не такая ўжо і кепская штука. Несьвядома ён адкрыў вялікі закон, які кіруе чалавечымі ўчынкамі: каб дарослы чалавек ці хлопчык захацеў чагосьці, трэба зрабіць так, каб гэта давалася яму няпроста».

Такія тэксты і такі лад мысьленьня мне як перакладчыцы падаюцца каштоўнымі толькі ў архіўна-гістарычным сэнсе. Як добра аплачаную працу, бадай, рабіць згодна, але выдаткоўваць свой час за бясплатна (як за адсутнасьцю кніжнага рынку ў Беларусі зробленыя мае пераклады) мне ўжо не ахвота. Для сучаснага сьвету хацелася б больш сучасных кніг.

Сучасная беларуская літаратура збольшага ствараецца ўжо састарэлай.

Дарэчы, я мяркую, што менавіта праз ролевую спарахнеласьць і кансэрватызм пэрсанажаў многія нават сьвежанапісаныя беларускія творы ня знойдуць прызнаньня па-за межамі Беларусі. Сучасная беларуская літаратура збольшага ствараецца ўжо састарэлай.
Кніга як пераносчыца ідэй можа ня так ужо і мала. Паўночная Эўропа істотна апярэджвае астатні сьвет у рэалізацыі прававой роўнасьці жанчын і мужчын ня толькі на паперы, але і ў сапраўднасьці бадай не ў апошнюю чаргу дзякуючы таму, што швэдзкая пісьменьніца Астрыд Ліндгрэн стварыла прынцыпова новага пэрсанажа ў літаратуры — дзейную, адважную і моцную дзяўчынку, якая мае ўласную волю, Піпі Доўгуюпанчоху. (На беларускую кнігу пераклаў са швэдзкай Дзьмітры Плакс). На кнігах Ліндгрэн у Скандынавіі вырасьлі дзеці з новым мысьленьнем.

Артур Конан Дойл мне імпануе і даволі прагрэсіўнымі, як для свайго часу, поглядамі.

Зусім нядаўна па-беларуску выйшла другая перакладзеная з англійскай кніга Артура Конана Дойла ― «Нататкі пра Шэрлака Холмса». Агулам я пераклала чатыры апавяданьні пра Холмса, для «Нататак» ― два. Апроч займальнага сюжэту і сымпатычных пэрсанажаў Артур Конан Дойл мне імпануе і даволі прагрэсіўнымі, як для свайго часу, поглядамі.

Напрыклад, у апавяданьні «Срэбны месяц», сюжэт якога будуецца вакол зьнікненьня пародзістага скакуна, мяне зацікавіла тое, як аўтар згадвае цыган. Артур Конан Дойл не сасьлізгвае ў стэрэатып і ня робіць іх саўдзельнікамі злачынства, наадварот ― напачатку апавяданьня паведамляецца, што цыганскія насельнікі Дартмура, дзе прапаў конь, уцягнутыя ў яго росшук. У сярэдзіне расьсьледаваньня інспэктар (а, як вядома, паліцэйскія ня самыя кемлівыя пэрсанажы ў гісторыях пра Холмса) высоўвае вэрсію, што злачынец мог быць у змове з вандроўнымі цыганамі, але ягоная вэрсія ня спраўджваецца. У стыгматызацыі цыган як этнасу Дойл ня ўдзельнічае.

У апавяданьні «Жоўты твар», перакладзеным Аленай Пятровіч, Артур Конан Дойл закранае пытаньне міжрасавых шлюбаў ― і тут аўтар зноў выказвае сябе як прыстойнага чалавека, які не баіцца ісьці насуперак забабонам свайго часу, якія і дагэтуль жывейшыя за ўсіх жывых. Сюжэт раскрываць ня буду, але рэкамэндую купіць кнігу і прачытаць гэтае апавяданьне па-беларуску.

Усё-ткі ў мізагінію Дойл уляпваецца.

У чым я як перакладчыца не сышлася з Артурам Конанам Дойлам як аўтарам дык гэта ў тым, якія высновы робіць Холмс напрыканцы апавяданьня «Срэбны месяц». Высновы не дэдуктыўнага характару, а маральна-этычнага. Паколькі высьвятляецца, што злачынец у гэтай гісторыі ўчыніў сваё злачынства дзеля грошай, бо меў каханку, на якую шмат выдаткоўваў, Холмс прамым тэкстам ускладае адказнасьць за злачынства на яе. Бо давяла ― яна любіла надта дарагія ўборы. Але ані Холмсу, ані чытачам невядома, ці ведала жанчына пра жанатасьць каханка, што менавіта баяў ён ёй пра свае фінансы і ці наагул дзяліўся зь ёй плянамі пайсьці дзеля грошай на крымінал. Карацей, абвінавачваньне несправядлівае, усё-ткі ў мізагінію Дойл уляпваецца (хаця рэдактарка кнігі Кацярына Маціеўская мяне папраўляе ― ня Дойл, а Холмс). І тут я як перакладчыца выцягваю сваю рапіру, а гэта значыць беларускі тэкст, і ссоўваю акцэнт у абвінавачвальнай фармулёўцы так, што прынамсі адказнасьці за ўчыненае злачынства той, хто прыняў рашэньне пайсьці на яго, не пазбаўляецца. У чым вам шчыра прызнаюся і прапаную разабрацца ў гэтым крымінале, прачытаўшы кнігу па-беларуску.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG