Суд Заводзкага раёну Менску 6 траўня аштрафаваў старшыню Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку, а таксама актывістаў Вольгу Маёраву і Дзяніса Красачку.
Іх абвінавацілі ў раздачы інфармацыйных матэрыялаў ля прахадной Менскага аўтазаводу 14 красавіка.
Лябедзьку пакаралі штрафам 50 базавых велічынь (10,5 млн рублёў), Маёраву і Красачку — штрафамі па 30 базавых (6,3 млн рублёў).
У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Анатоль Лябедзька сказаў, што ўпершыню за раздачу інфармацыйных матэрыялаў людзей прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасьці.
«Створаны вельмі небясьпечны прэцэдэнт. Мы гэта наўпрост зьвязваем з выбарчай кампаніяй. Для нас яна фактычна пачалася менавіта сёньня. І пачалася з таго, што ўлада спрабуе адлучыць нас ад грамадзянаў, ад выбаршчыкаў. Відавочны палітычны падтэкст таго, што сёньня адбылося. Можна пачуць тысячу заяў ад Лукашэнкі і Ярмошынай, што яны нешта зьбіраюцца рабіць падчас выбарчай кампаніі ў бок лібэралізацыі, але сёньня судовыя працэсы перакрэсьліваюць абсалютна ўсе заявы. Бо нам фактычна ўводзяць забарону на камунікацыі зь людзьмі.
Ва ўсіх трох рашэньнях запісана, што наша віна палягае ў тым, што мы раздавалі інфармацыйныя матэрыялы, улёткі з крытыкай улады і ўраду. З гэтага мы бачым, што адменена дзеяньне прыкладна шасьці артыкулаў Канстытуцыі, кінуты ў сьметнік Закон аб палітычных партыях. Ярка акрэсьленая палітычная матывацыя. Затыкаюць рот і спрабуюць, каб у гэтыя месяцы мы не працавалі зь людзьмі і не вылазілі са сваіх офісаў.
— То бок раздачу інфармацыйных матэрыялаў вы згорнеце?
— Будзем думаць пра новыя формы. Я сказаў у судзе, што мы недзе 500 разоў учора раздавалі інфармацыйныя матэрыялы. І будзем раздаваць заўтра і пасьлязаўтра. Бо на нашым баку Канстытуцыя і проста здаровы сэнс. Інакш трэба распусьціць палітычную арганізацыю. У залі былі прадстаўнікі амбасадаў Вялікай Брытаніі, Швэцыі і ЗША. Гэта важныя краіны для Беларусі. Таму лепш адзін раз убачыць на свае вочы, чым тысячу разоў пачуць Ярмошыну ці Лукашэнку.
— Але па якім артыкуле вас аштрафавалі?
— Фармальна было сказана, што раздача ўлётак — гэта пікет. Але гэта палітычная шызафрэнія. Бо ў якасьці экспэрымэнту можна адысьці трыста мэтраў ад будынку і ўбачыць людзей, якія раздаюць інфармацыйныя матэрыялы. Тысячы людзей гэтым займаюцца. Мы нічога не парушалі. У нас былі дзьве ўлёткі — за адстаўку ўраду і па мэдыцыне. Тое, што яны прыраўнялі раздачу ўлётак да пікету, гэта палітычная шызафрэнія.
14 красавіка актывісты АГП раздавалі інфармацыйныя матэрыялы з патрабаваньнем адстаўкі ўраду і Лукашэнкі, а таксама «За даступную і якасную мэдыцыну».