Дзьве душы. Год 2016

Уінслаў Гомэр, «Хлопцы на выгане» (1874).

Красавік! Дзень адолеў ноч, сонца набрыняла цяплом, паглыбелі выбоіны асфальту, паднялася расада на падвоканьнях кватэр. Ачуняла другая душа: пацягнулася да зямлі, ад зімовага, віртуальна-бюракратычнага існаваньня сярод чужых сэнсацый — да сваіх, будзённых рытуалаў-клопатаў пра будучы ўраджай. І чым далей адплываеш ад сярэдзіны жыцьця, тым ясьней разумееш — зямля ніколі не адрыне цябе, але прыме і зразумее любым, якім бы ты ня быў.

Тое, што ў беларуса ёсьць дзьве душы — сучасна-урбаністычная і старая, вясковая — не загана, а наканаваньне. Бо як ніколі мы цалкам не аддамося ўсходняму ці заходняму Цмоку, так ніколі не зрачомся адвечнага шляху зямлі дзеля ракавых новаўтварэньняў гарадоў.

Васіль Аўраменка


Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org