Беларусь прадае 60 прадпрыемстваў. «Гэта зусім ня значыць, што купяць», — прадстаўнік аднаго з «лотаў»

Беларусь плянуе прадаць сёлета на аўкцыёнах і конкурсах 60 прадпрыемстваў.

Пра гэта праз афіцыйныя мэдыі паведамляе беларускі Камітэт па дзяржаўнай маёмасьці. У сьпісе значацца прадпрыемствы дзесяці міністэрстваў і канцэрнаў, у тым ліку міністэрстваў архітэктуры і будаўніцтва, прамысловасьці, энэргетыкі, транспарту і камунікацыяў, сельскай гаспадаркі і харчаваньня, канцэрнаў «Беллеспаперапрам», «Беллегпрам».

У пералік прадпрыемстваў, прапанаваных на продаж, трапілі такія буйныя акцыянэрныя таварыствы, як «Гомельскі радыёзавод», «Карал», «Кіраўнічая кампанія холдынгу „Гарызонт“», «Віцебскдрэў», «Івацэвічыдрэў», «ФанДОК» у Бабруйску, «Папяровая фабрыка „Спартак“» у Шклове ды шэраг іншых.

Для рэалізацыі Дзяржкаммаёмасьць прапануе ў бальшыні згаданых прадпрыемстваў 100 адсоткаў акцыяў, якімі валодае дзяржава.

На Гомельскім радыёзаводзе не хаваюць зьдзіўленьня, што дзяржава выстаўляе іх на продаж.

«Прадпрыемства наша працуе з прыбыткам. Заказамі, прынамсі на бліжэйшы час, мы забясьпечаныя. Людзі маюць заробкі. Каму нас і навошта прадаваць?», — выказвае зьдзіўленьне адзін з намесьнікаў дырэктара прадпрыемства.

Радыёзавод быў заснаваны ў 1969 годзе як прадпрыемства абароннага кірунку дзеля вытворчасьці радыёлякацыйных сыстэмаў. Перажыўшы чвэрць стагодзьдзя таму канвэрсію й значнае скарачэньне пэрсаналу, прадпрыемства асвоіла выпуск рознай тэхнікі для сельскай гаспадаркі, харчовай прамысловасьці. Прыкладам, дажджавальныя ўстаноўкі, машыны для ўборкі капусты, прамысловыя мясарубкі. Прыдаўся й ранейшы навукова-тэхнічны патэнцыял — тут сталі рамантаваць зэнітна-ракетныя, артылерыйскія і радыёлякацыйныя сыстэмы.

Выстаўляючы на продаж радыёзавод, дзяржава, аднак, зацікаўленая ў захаваньні існуючых відаў дзейнасьці — капітальнага рамонту і мадэрнізацыі спэцтэхнікі, вытворчасьці сельгастэхнікі ды тавараў шырокага ўжытку. Яшчэ адна ўмова — захаваньне пэрсаналу, цяперашняга памеру заробку, а таксама мадэрнізацыі вытворчасьці на суму 2,5 мільёна даляраў цягам шасьці месяцаў з моманту куплі-продажу акцыяў.

Кіраўнік ААТ «Карал» Аляксандар Аўчароў, у сваю чаргу, кажа, што не гатовы камэнтаваць рашэньне Дзяржкаммаёмасьці. Паводле прынцыпу: прадаюць — добра, не прадаюць — таксама няблага.

Раней завод «Карал» таксама належаў да абароннага комплексу былой савецкай імпэрыі. На ім працавала звыш трох тысяч чалавек. З таго часу нашмат зьменшылася колькасьць працаўнікоў, зьмяніўся асартымэнт прадукцыі. Тут вырабляюць з кварцавага шкла трубы, колбы, стрыжні, мэталашкляныя карпусы для паўправадніковых прыбораў, кандэнсатары, дыёды, разнастайныя сьвяцільнікі, сувэніры з крышталю.

Адзін з працаўнікоў прадпрыемства гэтак кажа наконт прапановы Дзяржкаммаёмасьці інвэстарам набыць усе акцыі АТТ «Карал»:

«Што прапануюць, зусім не азначае, што нас купяць.

Ужо гады два ці тры наша прадпрыемства ў сьпісе на продаж. Нас прадаваць могуць яшчэ не адну пяцігодку.

Калі раней намі цікавіліся некаторыя неблагія расейскія арганізацыі, то цяпер Расея ў такім стане, што хоць бы яна сама сябе пракарміла й падтрымала. У Расею ідзе звыш 70 адсоткаў нашай прадукцыі. Але Расея, паўтараю, прасела з-за вайны і санкцыяў, і нашы ранейшыя расейскія спажыўцы купляюць у два і нават у тры разы менш нашай прадукцыі».

Беларускі бок выстаўляе ўмовы, каб патэнцыйны пакупнік акцыяў уклаў цягам году ў разьвіцьцё «Карала» мільён эўра, не скарачаў цягам трох гадоў колькасьць працаўнікоў і забясьпечыў прыбытковасьць.

Поўныя пакеты акцыяў і радыёзаводу, і «Карала» ўжо летась выстаўляліся на продаж. І ня толькі яны. Інвэстарам прапаноўвалася купіць таксама акцыянэрныя таварыствы «Сьветлагорск-Хімвалакно», «Мазырскі сьпіртагарэлачны завод». Заяўлена было наконт продажу 99,8 адсотка акцыяў АТТ «Завод вымяральных прыбораў» і 97,2 адсотка акцыяў АТТ «ПрамЛінкс». Аднак тады набыць прадпрыемствы ахвочых не знайшлося. Таму цяпер іх выстаўляюць на продаж чарговым разам.