Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багданкевіч: «Да канца году курс можа быць 30 тысяч»


Станіслаў Багданкевіч
Станіслаў Багданкевіч

У перадачы «Інтэрвію тыдня» былы старшыня Нацыянальнага Банку Станіслаў Багданкевіч аналізуе прычыны рэкорднага падзеньня беларускай прамысловасьці, разважае, колькі гадоў можа працягнуцца рэцэсія і чаму ўлады баяцца нешта зрабіць, а таксама заяўляе, што Эўразійскі эканамічны саюз забівае эканоміку Беларусі.

Цыганкоў: Нядаўна былі апублікаваныя афіцыйныя вынікі эканамічнага разьвіцьця Беларусі, паводле якіх эканоміка краіны ў мінулым годзе зазнала фактычна рэкорднае за апошнія 20 гадоў падзеньне. Эканамічны спад склаў амаль 4% валавога прадукту, але аб’ём прамысловай прадукцыі зьнізіўся на 6,6%. Як бы вы ацанілі гэтыя сухія дадзеныя? Ці лічыце вы гэта пачаткам ці праявай сур’ёзнага доўгатэрміновага трэнду, або гэта выключэньне, якім, можа, стане 2015-ты год?

«Эўразійскі эканамічны саюз забівае эканоміку Беларусі»

Багданкевіч: Баюся, што сёньня мы назіраем рэцэсію на доўгі пэрыяд. І гэта зьвязана ў тым ліку з падзеньнем інвэстыцыяў, адставаньнем тэхналёгіяў і адсутнасьцю палітычнай волі для пераадоленьня таго крызісу, у які трапіла эканоміка Беларусі. Мы ня бачым ні зьмены кадравай улады, ні прызнаньня тых памылак, якія былі дапушчаныя ў эканамічнай палітыцы. Ня бачым праграмы разьвіцьця, ніякіх заяў, як пераадолець крызіс. У нас падзеньне ня толькі ў сельскай гаспадарцы, але і ў вытворчасьці. Рэнтабэльнасьць упала на 2%: цяпер 6%, а было 8%. Па ўсіх пазыцыях маюць месца праблемы.

Мы стварылі гэты Эўразійскі эканамічны саюз — выявілася, што гэты саюз забівае эканоміку Беларусі. Падае ўнутры гэтага саюзу і экспарт, і імпарт, і сувязі, рэнтабэльнасьць, і гэтак далей. Мы выйшлі на мінус у зьнешнім гандлі да канца году. У нас усё ж такі быў збалянсаваны гандаль, і таму я не разумеў, чаму ў нас ідзе абвал нацыянальнай валюты, калі зьнешні экспарт і імпарт збалянсаваныя. Цяпер ён аказаўся зь мінусам амаль на 500 мільёнаў даляраў. То бок мы маем тут такое яўнае падзеньне.

Цыганкоў: Калі ў цэлым лічбы падзеньня прамысловасьці (6,6%) выглядаюць ня так катастрафічна, то ў некаторых асобных галінах — машынабудаваньні, трактарабудаваньні — мы бачым падзеньне на 30%, 40%, 50%. Гэта сьведчаньне таго, што гэтая галіна фактычна нежыцьцяздольная? Што яна павінна неяк кардынальна пераарыентавацца?

«Сёньня мы бачым канчатковую гібель тых галінаў эканомікі, якія былі маяком Беларусі»

Багданкевіч: Я баюся, што гэта ўжо глябальнае падзеньне вытворчасьці і яе эфэктыўнасьці ў Беларусі. Яно выклікана тым, што своечасова не была праведзена ні прыватызацыя, ні прыток зьнешняга капіталу, ні тэхналягічных пераўтварэньняў. Проста ўлады чамусьці вырашылі не заўважаць неэфэктыўнасьці, а пакрываць за кошт бюджэту гэтыя неэфэктыўныя галіны, не прымаць глыбінных пераўтварэньняў у іх. Гэта, канечне, памылкі ня гэтага году, а памылкі 10-гадовай даўніны.

Цяпер, я лічу, яны непад’ёмныя — гэтыя галіны эканомікі, якія былі калісьці маяком Беларусі. Таму што яны загінулі ўжо 10 год таму, а ня сёньня. Сёньня мы толькі бачым канчатковую іх гібель.

Цыганкоў: З улікам таго, што адбылося за апошнія паўтара-два гады з курсам, з падзеньнем вытворчасьці — на які ўзровень мы адкаціліся? Людзі, вядома, перш за ўсё арыентуюцца на ўзровень заробкаў, паводле якога мы адкаціліся недзе на 2008 год. А вось у цэлым эканамічнае разьвіцьцё Беларусі наколькі адступіла?

Багданкевіч: У сэнсе эфэктыўнасьці яно ўпала дзесьці ў 2 разы. А падзеньне эфэктыўнасьці, рэнтабэльнасьці — усё гэта адлюстроўваецца ў такім зводным паказчыку, як вартасьць нацыянальнай валюты. Гэта якраз сьведчаньне такога абвальнага падзеньня ўсёй эканомікі, нізкай канкурэнтаздольнасьці, нізкай рэнтабэльнасьці, якіх улады не заўважалі. Мы мелі вялізныя датацыі з Расеі па коштах энэрганосьбітаў. Мы павінны былі накіроўваць іх не на спажываньне, а якраз на набыцьцё найноўшых тэхналёгіяў, новага абсталяваньня, новай тэхнікі, перанавучаньня кадраў. Я б сказаў, сёньня нават гэтыя грошы дадатковыя на выратуюць беларускую эканоміку, таму што няма канкурэнцыі...

Цыганкоў: Але ж інвэстыцыі былі, Беларусь займала даволі высокае месца па долі інвэстыцыяў у валавым унутраным прадукце. Адбывалася мадэрнізацыя, тая ж знакамітая мадэрнізацыя дрэваапрацоўчай прамысловасьці, якая завяршылася скандалам і пасадкамі. Чаму такія вялікія грошы, мільярды даляраў, былі ўкінуты ў мадэрнізацыю, а ў выніку нічога ня выйшла?

Багданкевіч: Я думаю, што першапрычына ў адсутнасьці палітычнай канкурэнцыі ў краіне. Павінны быць некалькі праграмаў, прапанаваных грамадзкасьці, бізнэсу. Носьбіты лепшых праграмаў, кадры і патэнцыял павінны прыходзіць да ўлады. Патрэбен быў конкурсны адбор кіраўніцтва. Але нічога ж гэтага няма. Перасаджваньне аднаго неэфэктыўнага кіраўніка ў іншае крэсла. Мы бачым, што пастаянна гэта адбываецца. Ніякай праграмы, ніякага абмеркаваньня, як будзем выходзіць з глябальнага крызісу. А што тычыцца інвэстыцыяў, то я вам скажу, за мінулы год прыток і набыцьцё абсталяваньне скарацілася на 25,2%.

Цыганкоў: Ужо некаторыя аглядальнікі параўноўваюць гэтую сытуацыю, паколькі яна сапраўды досыць унікальная, з пачаткам і сярэдзінай 90-х, бо такога падзеньня не было ў Беларусі з 96-га году. Па-вашаму, ці дапушчальна ўжо ўжываць такія аналёгіі?

Багданкевіч: 90-я гады — гэта гады развалу мадэляў кіраваньня эканомікай. У 1991 годзе 40% эканомікі працавала па замовах Міністэрства абароны былога Савецкага Саюзу. Гэта былі аб’ектыўныя прычыны абвалу. Сёньня прычыны суб’ектыўныя, прычыны кіраўніцкага пляну ў вялізнай ступені.

Цыганкоў: Я пра тое і кажу, што пры ўсёй трагічнасьці 90-х перавод эканомікі на новыя рэйкі адбыўся, стала менш ваеннай прамысловасьці, паўстаў прыватны бізнэс. А цяпер гляджу апошнюю статыстыку: тэлевізараў выпусьцілі 2% ад 2014 году ў 2015 годзе. Камбайнаў — 19%. Цяперашнія падзеі могуць дапамагчы пачаць шырокія рэформы? Ці баіцца Лукашэнка пераарыентаваць эканоміку на больш канкурэнтныя і рэнтабэльныя рэйкі?

«Лукашэнка мае пункт гледжаньня бальшавіцкіх артадоксаў»

Багданкевіч: Цяжка сказаць. Мяне бянтэжыць заява кіраўніка дзяржавы, які мае пункт гледжаньня бальшавіцкіх артадоксаў, якія лічаць, што праблемы створаныя ўвядзеньнем элемэнту рынкавай эканомікі, а не наадварот. Абвінавачваюць сёньня лібэралаў, апазыцыю, якія якраз крытыкавалі гэтую адміністратыўна-камандную мадэль, якая прывяла да такога разбурэньня. Няма высноваў, няма ацэнкі праўдзівай сытуацыі, аналізу прычын, якія прывялі да сёньняшняга стану эканомікі. Галоўная наша праблема, што наша эканоміка па віне ўлады не ўлілася ў сусьветную эканоміку.

Наша буйная прамысловасьць не была паглынутая сусьветнымі канглямэратамі, таму яна асуджаная на гібель. Тое самае можна сказаць пра станкабудаваньне, трактарабудаваньне і гэтак далей.

Цыганкоў: Любую размову з вамі варта скончыць такой няўдзячнай справай, як прагноз. З улікам таго, што кошт нафты падае да 30 і далей, як можа выглядаць курс беларускага рубля, напрыклад, на канец 2016 году? Натуральна, што пры розных умовах: дасьць МВФ крэдыт ці не — Расея ўжо ня дасьць, што відавочна — чаго тады можна чакаць ад нашай валюты?

Багданкевіч: Няма праграмы пад’ёму эканомікі. Няма праграмы стабілізацыі і росту, хоць бы на невялікі працэнт. Няма праграмы антыкрызіснай. Я на пачатку году ацэньваў, што будзе ня больш за 20 тысяч, бо я меркаваў, што будзе такая праграма. Сёньня я думаю, што дапусьціў буйную памылку, улічваючы тое, што нічога ня робіцца. Таму я думаю, што валютны курс — недзе парадку 30 тысяч. Гэта з улікам таго, што ў насельніцтва ня будзе грошай. Ужо сёньня мы назіраем падзеньне ашчаджэньняў, намінальных ашчаджэньняў, якія ляжаць у банках. Таму, здаецца, няма падстаў, каб гэты курс абвальны рос, таму што і рублёвых сум ужо няма — ні ў эканоміцы, ні ў грамадзян. Пры ўмовах больш ці менш узважанай манэтарнай палітыкі, якую праводзіць сёньняшняе кіраўніцтва Нацыянальнага банку.

Цыганкоў: І тым ня менш вы кажаце пра 30 тысяч?

Багданкевіч: Тым ня менш, таму што Нацбанк нешта робіць, а ў кіраўніцтва краіны мы ня бачым праграмы ажыўленьня эканомікі. Праграмы, якая б не шукала нейкага павелічэньня падаткаў, нейкай лоўлі блох сярод бізнэсу і насельніцтва, а скарачала б неэфэктыўныя дзяржрасходы, чынавенства і гэтак далей. Гэтага няма, таму я мяркую, што цалкам магчыма 30 тысяч.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG