Магілёўскія прадпрымальнікі дамагліся сустрэчы з чыноўнікамі

Сход прадпрымальнікаў на Віленскім рынку

У Магілёўскім аблвыканкаме пагадзіліся сустрэцца зь мясцовымі прадпрымальнікамі. Бізнэсоўцы на сваім сёньняшнім сходзе сабралі больш за сотню подпісаў пад зваротам да старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Даманеўскага, каб той, як гаворыцца ў лісьце да яго, «пахадайнічаў у разглядзе пытаньня працы прадпрымальнікаў па рэгуляваньні ўказу № 222 і мараторыя на праверкі кантрольных органаў на паўгода». Пра сустрэчу з чыноўнікамі прадпрымальнікі дамаўляліся праз тэлефон. Яна адбудзецца а 15 гадзіне.

На Віленскі рынак на трэці сход прыйшлі больш за сотню гандляроў таварамі расейскага легпраму. Гэтым разам за сходам назіралі людзі ў цывільным. Здымалі на відэа.

Грамада прадпрымальнікаў, якія спынілі працу, праводзіла сход насупраць палатак, якія працуюць

На пачатку сходу было заяўлена, што рыхтуецца зварот да гарадзкіх уладаў, каб сустрэцца з чыноўнікамі і патлумачыць ім сытуацыю, у якой апынуліся дробныя бізнэсоўцы.

«Панясем зварот адміністрацыі гораду. А калі гэтага ня ўдасца зрабіць, то паедзем у Менск на плошчу. Няхай ужо нешта вырашаюць, бо колькі можна цярпець? У нас няма за што сядзець дома. Няма сродкаў», — казалі прадпрымальнікі на сваім сходзе.

Зварот да ўладаў

Калі зварот быў падрыхтаваны, пад ім актыўна пачалі падпісвацца. Адна з удзельніц сходу казала, што ўлада мусіць пачуць прадпрымальнікаў:

«Я ў гэта заўжды веру, бо пакінуць гэткую частку насельніцтва бяз працы, дзяржаву без падаткаў — дык уладзе ж нявыгадна. Улада сваімі ўказамі завяла сябе ў тупік і цяпер ня ведае, як прыгожа зрабіць крок назад і, самае галоўнае, прызнаць сваю неправату. Улада гэта разумее. Мы просім аб сустрэчы з чыноўнікамі, прыпыненьні 222 указу і мараторыі на праверкі», — казала бізнэсоўка.

Прадпрымальнікі падпісваюцца пад зваротам

Суразмоўніца выказала спадзеў, што абмеркаваньне сытуацыі зацікаўленымі бакамі дасьць плён і будзе знойдзены разумны кампраміс.

Пакуль прадпрымальнікі праводзілі сход, за ім назіралі іхныя калегі, якія выйшлі на свае працоўныя месцы, а таксама гандляры сэканд-хэндам на рынку.

На Віленскім рынку