Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве прадпрымальнікі выступілі за прыпыненьне ўказу № 222 і дыстанцыяваліся ад палітыкі


Прадпрымальнікаў на сходзе было няшмат
Прадпрымальнікаў на сходзе было няшмат

У Магілёве тры дзясяткі прадпрымальнікаў сабраліся на найвялікшым рынку гораду — Віленскім.

Прадстаўнікоў адміністрацыі рынку і ўлады на прадпрымальніцкім сходзе не было заўважана. Самі бізнэсоўцы выказваліся за прыпыненьне прэзыдэнцкага ўказу № 222 і за мараторый на праверкі, пры гэтым дыстанцыяваліся ад палітыкі. На Віленскім рынку гандлюе не адна сотня прадпрымальнікаў.

Невялікая група прадпрымальнікаў сабралася каля ўваходу на рынак. За сьпінамі тых хто наважыўся выказаць нязгоду з прэзыдэнцкім указам 222, — вялікая пляцоўка, на якой да 1 студзеня выстаўляліся гандлёвыя палаткі.

Цяпер яна пустуе. Сваю незадаволенасьць прадпрымальнікі выказвалі журналістам недзяржаўных мэдыяў. Бізнэсоўцы заявілі, што сабраліся, каб іх пачула ўлада і дазволіла ім працаваць.

Гандлёвая пляцоўка Віленскага рынку
Гандлёвая пляцоўка Віленскага рынку

«Цяпер вельмі складаная эканамічная сытуацыя ў краіне, таму нам, прадпрымальнікам, трэба палёгку даваць, каб, хоць неяк эканоміку падтрымаць», — заявіў першы з выступоўцаў.

«Але нас ня чуюць, — казаў бізнэсовец журналістам і сваім калегам. — Мы ня можам канкурыраваць з буйнымі бізнэсоўцамі, у якіх ёсьць грошы. Для таго каб зрабіць усе дакумэнты, трэба мець вялікі абарот. Мы зарабляем сабе на хлеб. У дзяржавы ня просім дапамогі. А да таго ж плацім немалыя падаткі. У кожнага з нас па два пэнсіянэры на плячах. Двум пэнсіянэрам плацім пэнсіі».

Прадпрымальнік: «Мы забясьпечваем пэнсіі двум пэнсіянэрам»
Прадпрымальнік: «Мы забясьпечваем пэнсіі двум пэнсіянэрам»

З выказваньняў прадпрымальнікаў вынікала, што калі ня будзе скасаваны прэзыдэнцкі ўказ, то краіна вернецца ў часы дэфіцыту. На іхную думку, зноў расквітнее чорны рынак, людзі будуць выяжджаць за мяжу і адзявацца там, вывозячы зь Беларусі валюту. Бізнэсоўцы націскалі, што ўлада пазбаўляе людзей выбару, дзе ім адзявацца.

«Чалавек мае сам выбраць, дзе яму купляць тавар. Альбо прыйсьці на рынак, альбо ў супэрмаркет, альбо ў дарагі буцік. Увядзеньне сэртыфікацыі ў разы павялічыць кошт тавару. Мы ня супраць плаціць падаткі. Мы хочам працаваць», — выказваўся яшчэ адзін прадпрымальнік.

На ягоную думку, указ 222 вядзе да разбурэньня бізнэсу многіх гандляроў на рынках. Знайсьці іншы занятак у Беларусі будзе няпроста, даводзіў ён.

Паводле схемы на стэндзе, гандлюе на Віленскім рынку не адна сотня прадпрымальнікаў
Паводле схемы на стэндзе, гандлюе на Віленскім рынку не адна сотня прадпрымальнікаў

«Вы самі ведаеце, якія справы цяпер з працаю ў Беларусі. Не працуюць прадпрыемствы. Нехта гуляе за свой кошт. Нехта на дзьве траціны пайшоў у адпачынак».

Прадпрымальнікі-пратэстоўцы, гаворачы пра праблемы, выкліканыя ўказам прэзыдэнта, аднак, дыстанцыяваліся ад палітыкі.

«З палітыкай мы не зьвязаныя. Мы вырашаем толькі эканамічныя пытаньні ды просьбы», — адказалі гандляры Віленскага рынку на пытаньне, ці ня лічаць яны ўказ прэзыдэнта праявай унутранай палітыкі дзяржавы.

«Першае, што неабходна, — гэта ўвесьці мараторый на праверкі хаця б на бліжэйшыя паўгода ды прыпыніць дзеяньне ўказу 222», — канкрэтызавалі тое, чаго яны чакаюць ад улады, магілёўскія прадпрымальнікі.

«Лепей было б даць нам палёгку, каб мы маглі нармальна працаваць, як раней — плацілі падатак, — даводзіў адзін з гандляроў. — На дадзены момант усе прадпрымальнікі Беларусі лічаць, што ўвядзеньне сэртыфікацыйнай сыстэмы заўчаснае. Няма базы, каб гэты зрабіць усё хутка і нядорага».

Уваход на рынак. Наведнікаў адзінкі. Гандлю няма
Уваход на рынак. Наведнікаў адзінкі. Гандлю няма

Прадпрымальнікі ня супраць, як яны заявілі, працаваць зь беларускім таварам, але ён дарагі. Акрамя таго, улада ня выканала абяцаньня стварыць гуртавыя базы для закупу тавару прадпрымальнікамі.

«Нам прапануюць беларускі тавар па той цане, па якой мы прадаём прывазны. Таму нявыгадна закупляць тавар на беларускіх гуртавых складах. На сёньняшні дзень беларускі тавар неканкурэнтаздольны», — заявілі прадпрымальнікі на сваім сходзе.

Паводле іх, апошнія гады назіраецца падзеньне спажывецкай актыўнасьці. У людзей няма грошай, за што купляць патрэбныя ім рэчы, зазначылі гандляры Віленскага рынку.

Пакуль прадпрымальнікі праводзілі сход, нямала наведнікаў рынку зьбянтэжана аглядалі яго, не разумеючы, чаму няма гандлёвых палатак.

«Я прыйшла купіць дачцэ пухавічок, — зьдзіўлена адрэагавала на пустэчу на рынку сталага веку жанчына. — Што гэта робіцца? Нашто ж усё пазакрывалася? Нам рынак дужа падабаўся. Вялікі выбар тавару быў, і цэны даступныя. Як для такіх, як я, пэнсіянэраў. Жыцьцё без такіх рынкаў зьменіцца ў горшы бок. Калі трэба, мы гатовыя каму трэба пісаць. Толькі скажыце каму, каб адкрылі гэты рынак», — сказала наведніца Віленскага рынку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG