Эўразьвяз падаўжае санкцыі супраць Расеі яшчэ на шэсьць месяцаў

Такое рашэньне прынялі ў Брусэлі сталыя прадстаўнікі 28 краінаў ЭЗ.

Яно матывавана адсутнасьцю істотнага прагрэсу ў выкананьні Расеяй ўсіх умоваў Менскіх пагадненьняў аб мірным урэгуляваньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны, у якім, як лічыць ЭЗ, Масква актыўна падтрымлівае сэпаратыстаў. Расея гэта катэгарычна адхіляе.

Абмежаваньні тычацца энэргетычнай і банкаўскай сфэраў, а таксама абароннай прамысловасьці Расеі. Рашэньне стане канчатковым 21 сьнежня пры ўмове, што ніхто з краінаў Эўразьвязу не прадставіць пісьмовых пярэчаньняў.

Раней сумнеў у мэтазгоднасьці санкцый супраць Расеі неаднаразова выказвала Італія, аднак пад ціскам меркаваньня большасьці краінаў ЭЎ яна далучылася да цяперашняга рашэньня.

Дзейсныя санкцыі ЭЗ заканчваюцца 31 студзеня 2016 года.