У Армэніі на рэфэрэндуме адмовіліся ад прэзыдэнцкай рэспублікі

Мэр Ерэвану Тарон Маргаран, падчас галасаваньня на рэфэрэндуме. Ерэван, 6 сьнежня 2015 году

Яўка на рэфэрэндуме аб зьмене Канстытуцыі Армэніі склала больш за 50 працэнтаў. Апазыцыя абвінаваціла ўлады ў фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня.

У Армэніі на рэфэрэндуме больш за 63 працэнты выбарцаў падтрымалі зьмены ў Канстытуцыю краіны, якія прадугледжваюць пераход да парлямэнцкай формы кіраваньня. За захаваньне прэзыдэнцкай рэспублікі выказаліся каля 33 адсоткаў грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаваньні.

Яўка на рэфэрэндуме, які адбыўся ў нядзелю, перавысіла 50 працэнтаў. Гэтыя зьвесткі ў панядзелак раніцай паведаміла Цэнтральная выбарчая камісія пасьля падліку галасоў ад усіх 1997 выбарчых камісій.

Апазыцыянэры, якія выступаюць супраць рэфэрэндуму, зь 1 сьнежня праводзяць кругласутачныя акцыі пратэсту ў Ерэване. У нядзелю, у дзень галасаваньня апазыцыя абвінаваціла ўлады ў масавых фальсыфікацыях. У ЦВК прызналі парушэньні, аднак сказалі, што яны ня могуць паўплываць на вынікі рэфэрэндуму.

На думку апазыцыянэраў, пераход да парлямэнцкай рэспублікі выгадны ў першую чаргу прэзыдэнту краіны Сержу Саргсяну, які ня зможа балятавацца на новы тэрмін у 2018 годзе. Зьмяненьне Канстытуцыі дазволіць яму застацца ва ўладзе ў якасьці прэм’ер-міністра, які фактычна стане першай асобай у дзяржаве. Паўнамоцтвы прэзыдэнта цяпер будуць істотна зрэзаныя.