Ідэоляг «русского мира» Старыкаў заяўляе, што супраць яго арганізаваная «інфармацыйная атака»

Мікалай Старыкаў

Адзін зь лідэраў расейскага «Антымайдану» Мікалай Старыкаў заяўляе, што супраць яго арганізаваная «інфармацыйная атака».

У звароце на сваім пэрсанальным сайце Старыкаў піша, што «рускія, беларусы і ўкраінцы — гэта адзін народ».

«Праамэрыканскія і нацыяналістычныя сілы, што зрабілі ў Кіеве дзяржаўны пераварот, у Беларусі, ня маючы такой магчымасьці, вырашылі ня даць нам з вамі сустрэцца», — сьцьвярджае Старыкаў.

Візыт Мікалая Старыкава ў Менск арганізуюць інфармацыйны партал «Русь Молодая» і міжнародны мэдыяклюб «Формат А3».

«Шматпалярны сьвет і асяродкі нестабільнасьці» — так пазначана тэма размовы з расейскім госьцем.

За апошнія два гады Мікалай Старыкаў напісаў кнігі «Сталін. Успамінаем разам», «Геапалітыка: як гэта робіцца», «Украіна. Хаос і рэвалюцыя — зброя даляра», «Расея. Крым. Гісторыя», «Улада».

Мадэратарам сустрэчы мае быць беларускі тэлевядучы Вадзім Гігін.

Напярэдадні была адменена сустрэча зь Мікалаем Старыкавым у «Доме кнігі „Сьветач“». На афіцыйным сайце «Белкнігі» паведамляецца пра «тэхнічныя прычыны»:

«Прызначаная на 15 лістапада 2015 году ў 17:00 у кнігарні „Дом кнігі „Сьветач““ творчая сустрэча зь Мікалаем Старыкавым адмяняецца з тэхнічных прычын».

Адмена сустрэчы ў «Сьветачы» адбылася пасьля таго, як беларускія карыстальнікі сеціва пачалі пісаць скаргі. Яны заклікалі адмовіць Старыкаву, бо ён падтрымлівае сэпаратыстаў ва Ўкраіне і вядомы сваімі антыбеларускімі выказваньнямі.

Студэнты БДУІР у сацыяльных сетках паведамляюць, што ім прапаноўваць наведаць лекцыю Мікалая Старыкава ў Менску. За гэта абяцаюць вызваленьні ад заняткаў.