Расейскі «Мэмарыял» абвінавацілі ў «падрыве канстытуцыйнага ладу»

Сябар рады "Мэмарыялу" Алег Арлоў ля будынку арганізацыі, на фасадзе якога невядомыя зрабілі надпіс "Замежны агент". Архіўнае фота 2012 году

Міністэрства юстыцыі Расеі абвінаваціла праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» у тым, што яго сябры «падрывалі асновы Канстытуцыйнага ладу РФ, заклікаючы да зьвяржэньня дзейнай улады і зьмены палітычнага рэжыму ў краіне».

Пра гэта паведаміла газэта «Коммерсант». Газэта спасылаецца на атрыманы ёю акт праверкі, праведзенай Галоўнай управай Міністэрства юстыцыі: вывучыўшы сайт «Мэмарыялу», чыноўнікі зрабілі выснову, што ён «займаецца палітычнай дзейнасьцю ў мэтах фармаваньня нэгатыўнай грамадзкай думкі адносна дзяржаўнай палітыкі, якая праводзіцца вышэйшымі органамі дзяржаўнай улады, выказвае нязгоду з рашэньнямі і дзеяньнямі інстытутаў улады, вынікамі папярэдняга сьледзтва і судовымі прысудамі па рэзанансных крымінальных справах».

Як працягвае «Коммерсант», у акце ёсьць два прыклады: цытата з заявы міжнароднага «Мэмарыялу»: «дзеяньні Расеі супраць Украіны падпадаюць пад вызначэньне агрэсіі», і апублікаванае на сайце меркаваньне «аб нязгодзе з прысудам, вынесеным Замаскварэцкім раённым судом горада Масквы па так званай «балотнай справе». У выніку, на думку Мін’юста, гэта азначае, што сябры «Мэмарыялу» «падрывалі асновы Канстытуцыйнага ладу РФ, заклікаючы да зьвяржэньня дзейнай улады, зьмене палітычнага рэжыму ў краіне», — паведамляе «Коммерсант».

У Мін’юсце Расеі не змаглі апэратыўна пракамэнтаваць дакумэнт.

Сябар рады «Мэмарыялу» Алег Арлоў заявіў «Коммерсанту», што гэта была першая плянавая праверка пасьля ўнясеньня арганізацыі ў сьпіс замежных агентаў. Паводле яго слоў, гаворка ідзе «не аб юрыдычным, а чыста палітычным абвінавачваньні».