Беражкова пакінулі пад вартай прынамсі на два месяцы

Уладзімер Беражкоў

Пра гэта паведамляе спартовая газэта «Прэсбол». 13 кастрычніка прайшло два месяцы, як выканаўца абавязкаў гендырэктара хакейнага клюбу «Дынама-Менск» быў арыштаваны. Яго абвінавачваюць у крадзяжы сродкаў клюбу.

Паводле закону праз два месяцы папярэдняга сьледзтва альбо падсьледны павінен быць вызвалены альбо прынятае адмысловае рашэньне аб працягу сьледзтва на 3 альбо на 6 месяцаў.

Сёньня начальнік аддзелу інфармацыі сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч паведаміў «Прэсболу»: «Сьледзтва працягваецца. Мера стрыманьня пакінутая бязь зьменаў».

Як нагадвае газэта «КП у Беларусі», Уладзімер Беражкоў «не адно дзесяцігодзьдзе змагаўся з карупцыяй у спорце, на яго падавалі ў суд, ён з гонарам выходзіў з розных няпростых сытуацый».

У юнацтве ён быў хакеістам, 8 гадоў — віцэ-прэзыдэнтам Нацыянальнай фэдэрацыі хакею, у 1991 годзе стварыў і на працягу 19 гадоў узначальваў папулярную газэту «Прэсбол».

Пасаду генэральнага мэнэджэра хакейнага клюбу «Дынама-Менск» Беражкоў узначаліў 3 гады таму.

У ліпені сёлета, пасьля фінансавай праверкі дзейнасьці клюбу, быў арыштаваны тагачасны гендырэктар «Дынама-Менск» Максім Суботкін, Беражкоў быў прызначаны выканаўцам абавязкаў гендырэктара, але праз 3 тыдні таксама арыштаваны.