Пуцін павіншаваў Лукашэнку тэлеграмай

Уладзімер Пуцін накіраваў Лукашэнку пісьмовае віншаваньне з нагоды пераабраньня на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

У тэлеграме, перадае прэс-служба Крамля, Уладзімер Пуцін падкрэсьліў, што пераканаўчая перамога Аляксандра Лукашэнкі на выбарах сьведчыць аб высокім палітычным аўтарытэце і даверы з боку насельніцтва, а таксама аб актыўнай падтрымцы курсу на далейшае сацыяльна-эканамічнае разьвіцьцё краіны.

Пуцін выказаў упэўненасьць, што дзяржаўная дзейнасць Аляксандра Лукашэнкі будзе спрыяць разьвіцьцю расейска-беларускага стратэгічнага партнёрства, ўмацаванню Саюзнай дзяржавы, нарошчваньню супрацоўніцтва ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу, СНД і іншых міжнародных структураў. Кіраўнік расійскай дзяржавы таксама пацьвердзіў настрой на працяг канструктыўнай супольнай працы на карысьць братніх народаў.

Два з трох праціўнікаў Лукашэнкі на выбарах, Мікалай Улаховіч і Сяргей Гайдукевіч, павіншавалі Лукашэнку зь перамогай яшчэ 11 кастрычніка, празь дзьве гадзіны пасьля закрыцьця выбарчых участкаў. Тацяна Караткевіч не віншавала Лукашэнку зь перамогай, яна выказала недавер лічбам ЦВК.