У Расеі вызначылі сьпіс замежных арганізацыяў, якія пагражаюць інтарэсам Расеі

Уладзімір Пуцін і Валянціна Матвіенка

Савет Фэдэрацыі Расеі вызначыў так званы «патрыятычны стоп-ліст» — сьпіс замежных некамэрцыйных арганізацыяў, якія пагражаюць інтарэсам Расеі.

Кіраўнік верхняй палаты расейскага парлямэнту Валянціна Матвіенка заявіла, што ў «патрыятычны стоп-ліст» уключаныя 12 арганізацый, аднак пералічваць іх ня стала. Паводле яе, сёньня сьпіс будзе перададзены ў Генэральную пракуратуру і міністэрства замежных справаў.

Пасьля праверкі гэтыя ведамствы павінны будуць прыняць рашэньне аб уключэньні арганізацыяў у сьпіс «непажаданых арганізацый», калі будуць знойдзеныя парушэньні закону.

Паводле інфармацыі агенцтва РИА-Новости, ў сьпіс трапілі Фонд Сораса, Нацыянальны фонд дэмакратыі, Міжнародны рэспубліканскі інстытут, Нацыянальны дэмакратычны інстытут па міжнародных пытаньнях, Фонд МакАртураў, Freedom House, Фонд Чарльза Сьцюарта Мота, Фонд «Адукацыя для дэмакратыі», Усходне-Эўрапейскі дэмакратычны цэнтар, Сусьветны кангрэс украінцаў, Украінская Сусьветная каардынацыйная рада і Крымская палявая місія па правах чалавека.

У чэрвені ў Расеі ўступіў у сілу закон аб «непажаданых арганізацыях». Закон дазваляе забараняць дзейнасьць любой міжнароднай няўрадавай арганізацыі, калі ўлады палічаць, што яна «ўяўляе пагрозу асновам канстытуцыйнага ладу Расеі, абараназдольнасьці краіны ці яе бясьпекі».