Незалежных журналістаў з Глыбокага дапыталі ў міліцыі і рыхтуюць справы ў суд

Тацяна Смоткіна

Сябраў БАЖ Тацяну Смоткіну і Зьмітра Лупача вінавацяць у супрацы з замежнымі СМІ без акрэдытацыі.

25 чэрвеня журналістаў апыталі ў Глыбоцкім райаддзеле міліцыі. Позву ў міліцыю давялося патрабаваць, апавяла Тацяна Смоткіна:

«Учора да мяне дахаты прыйшоў міліцыянт, назваўся ўчастковым інспэктарам. Сказаў, што ў іх ёсьць зьвесткі, нібыта я, ня маючы адпаведных дакумэнтаў, разьмяшчаю нешта на інтэрнэт-сайтах. І што з гэтае нагоды мушу зьявіцца ў міліцыю. Я сказала, што бяз позвы не пайду, і супрацоўнік міліцыі выпісаў яе проста ў мяне дома. А сёньня старшы інспэктар аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла паведаміў мне, што да іх прыйшла папера з раённай пракуратуры, датаваная 11 чэрвеня. Там пазначана, што, на думку пракурораў, я парушыла заканадаўства аб СМІ, і паводле артыкула 22.9 ч.2 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) мяне будуць судзіць».

Дату суду Тацяне Смоткінай пакуль не назвалі. Міліцыянт заявіў, што бракуе дакумэнтаў для яе справы, і таму ён чакае пісьмовага пацьверджаньня, што журналістка не акрэдытаваная. Тацяна Смоткіна мае зьявіцца ў міліцыю ў наступны панядзелак — каб працягнуць размову са старшым інспэктарам Барылам і каб склалі пратакол пра правапарушэньне.

«Спадар Барыла нават прызнаўся, што ўзор, якія дакумэнты трэба зьбіраць і як складаць, ім даслалі «зьверху» — у якасьці прыкладу загадана выкарыстоўваць справу берасьцейскай журналісткі Аліны Літвінчук», — дадала Тацяна Смоткіна.

Глыбоцкую журналістку вінавацяць у парушэньні адміністрацыйнага заканадаўства за матэрыял «Дарогі ў Глыбокім стануць пазытыўнымі», разьмешчаны 9 чэрвеня на сайце Радыё Рацыя. У тэксьце вялося пра тое, што навучэнцы Глыбоцкай мастацкай школы імя Язэпа Драздовіча размалявалі каналізацыйныя люкі. Быў у матэрыяле і камэнтар галоўнага спэцыяліста аддзелу ідэалягічнай працы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкаму Тацяны Працук, якая сказала, што «гэта адзін з тых праектаў, які робіць наш горад яшчэ больш прывабным».

Гутарка ў міліцыі з журналістам Зьмітром Лупачам тычылася матэрыялу «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасьня 1939 года», разьмешчаным на сайце «Эўрарадыё».

Зьміцер Лупач

«Інспэктар Вячаслаў Барыла паказаў мне раздрукоўку гэтага матэрыялу з сайта, дзе выстаўлены тэкст без пазначэньня аўтарства, а таксама ксэракопію з газэты „Вольнае Глыбокае“, дзе пад артыкулам стаіць маё прозьвішча. Паводле міліцыянта, аўтарства артыкула ў газэце — гэта доказ таго, што я супрацоўнічаю і з замежным СМІ. Спадар Барыла паведаміў, што даслаў запыт, ці маю я акрэдытацыю як журналіст „Эўрарадыё“, і цяпер чакае адмоўнага адказу», — апавёў Зьміцер Лупач.

Яго таксама выклікаюць у міліцыю ў наступны панядзелак, каб скласьці пратакол правапарушэньня і скончыць падрыхтоўку справы для суду. Паводле часткі 2 артыкула 22.9 ч.2 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ) журналістам пагражаюць штрафы памерам ад 20 да 50 базавых велічынь.