Андрэй Паротнікаў перакананы, што толькі пасьля зьяўленьня тэксту ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб адстаўцы Мяжуева можна будзе з пэўнай дакладнасьцю казаць пра тое, сапраўды яна выкліканая сямейнымі абставінамі ці гэта толькі прыкрыцьцё іншай прычыны.
Пры гэтым асабістую ролю экс-дзяржсакратара Савету бясьпекі Аляксандра Мяжуева вайсковы аналітык Андрэй Паротнікаў ня лічыць адметнай:
«Ён быў на гэтай пасадзе абсалютна тэхнічным выканаўцам, скажам так, не „полісімэйкерам“, і таму ніякіх асабістых дасягненьняў, як і правалаў, у яго не было. Што яму казалі, тое выконваў, не казалі — не выконваў. Ня быў самастойнай фігурай абсалютна. Таму адносна яго, калі прэсавая служба дае тлумачэньні аб прычынах адстаўкі, што па сямейных абставінах, то, можа, так і ёсьць».
Андрэй Паротнікаў, сам былы вайсковец, параіў уважліва сачыць за тэкстам указаў аб адстаўках ваеннаслужачых.
«Прыкладам, калі дзейнага генэрала адпраўляюць у адстаўку бяз права нашэньня вайсковай формы, гэта азначае, што яго прыбралі з пасады за нейкія грахі. Альбо калі ёсьць фармулёўка пра залічэньне ў рэзэрв міністра — таксама, значыць, нейкая правіна як прычына для адхіленьня ад пасады. А калі будзе ўказаньне пра тое, што з правам нашэньня генэральскай формы, значыць, нічога асабліва няма. Прычынай можа быць і ўзрост, і стан здароўя».