Беларус, які ваюе за «Правы сэктар». Новы дакумэнтальны фільм ВІДЭА

«Я прыехаў на Майдан, калі забілі Міхаіла Жызьнеўскага. Менавіта празь ягоную сьмерць і прыехаў», — кажа жаўнер-добраахвотнік з пазыўным «Беларус».

Ён стаў героем новага фільма рэжысэра Антося Цялежнікава, які прадстаўляе тэлеканал Белсат.

Хлапец паходзіць з Усходняй Беларусі, а цяпер ваюе каля Данецка ў шэрагах «Правага сэктару».

У Беларусі яму пагражае турма за ўдзел у вайсковых дзеяньнях, таму хлопец хоча атрымаць украінскае грамадзянства.

Цялежнікаў паказвае звычайнае вайсковае жыцьцё беларускага добраахвотніка: хлопец добра гаворыць па-ўкраінску, карыстаецца вайбэрам, цытуе Каліноўскага, даглядае зброю і ваюе.

У фільме гучыць песьня «Не здавайся», напісаная бардам і беларускім валянтэрам-капэлянам Алесем Чаркашыным, зь якім рэжысэр пазнаёміўся на фронце.

У вайсковым канфлікце на баку Ўкраіне прымае ўдзел каля 100 беларускіх добраахвотнікаў.

Месяц таму на тэлеканале Белсат адбылася прэм’ера фільму «Добраахвотнікі» рэжысэра Антося Цялежнікава, які паказвае жыцьцё добраахвотніцкага батальёну «Правы сэктар».