Скардзіўся на паклёпнікаў — выклікалі за парнаграфію

Леанід Судаленка

Гомельскага праваабаронцу, старшыню рэгіянальнага аддзяленьня РГА «Прававая ініцыятыва» Леаніда Судаленку выклікаюць 13 траўня ў якасьці сьведкі ў абласную ўправу Сьледчага камітэту — у крымінальнай справе аб распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаньнем сеткі Інтэрнэт. Пра гэта напярэдадні паведаміў праваабаронцу сьледчы Юры Зенчанка.

У красавіку Леаніда Судаленку ўжо дапытвалі з гэтай нагоды ў гарадзкім аддзеле СК. Зь невядомых прычынаў справу перадалі ў абласную ўправу, якая й выклікае цяпер праваабаронцу на новы допыт.

Крымінальная справа паводле часткі 2 артыкула 343 (распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў з выкарыстаньнем сеткі Інтэрнэт) распачатая па факце распаўсюду парнаграфічных ролікаў нібыта з электроннай скрынкі праваабаронцы (sudalenko@mail. ru) і IP-адраса, зарэгістраванага за Гомельскім аддзяленьнем грамадзкага аб’яднаньня «Прававая ініцыятыва».

Леанід Судаленка паведаміў, што падаў сьледчым шэраг доказаў сваёй недатычнасьці да злачынства. У прыватнасьці, ліставаньне з тэхнічнай службай Mail. ru пра тое, што згаданую электронную скрыню ўзламалі яшчэ ў сьнежні 2014 году — ад таго часу праваабаронца яе не кантралюе.

Судаленка заявіў таксама, што сёлета ў лютым пісьмова патрабаваў ад УУС Гомельскага аблвыканкаму вызначыць IP-адрас і тых людзей, якія на адным з гомельскіх сайтаў сумнеўнага паходжаньня ня толькі пэрыядычна абражаюць яго, але й пагражалі забойствам ягоным дзецям.

Ні IP-адраса, ні тых асобаў, якія зьмяшчалі пагрозы, міліцыя не ўстанавіла.

Затое 8 красавіка міліцыянты ў межах крымінальнай справы аб парнаграфіі правялі ператрус у кватэры Леаніда Судаленкі — забралі сыстэмны блёк кампутара і ноўтбук. У гэты ж дзень у грамадзка-палітычным цэнтры на Палескай, 52, дзе зарэгістравана Гомельскае аддзяленьне РГА «Прававая ініцыятыва», зроблены ператрус, падчас якога міліцыя забрала для праверкі чатыры сыстэмныя блёкі кампутараў.