Ізраільскіх палітыкаў ня будзе на Парадзе 9 траўня ў Маскве

На парадзе на Краснай плошчы будзе прысутнічаць толькі амбасадар Ізраіля ў Маскве Дорыт Голендэр.

Ніводзін з высокапастаўленых ізраільскіх палітыкаў ня будзе прысутнічаць на Парадзе Перамогі ў Маскве. Пра гэта паведаміў у нядзелю ізраільскі телеканал ІТВ. Афіцыйнай прычынай, па якой ня будзе прадстаўніка габрэйскай дзяржавы ў расейскай сталіцы падчас сьвяткаваньня 70-годдзя перамогі над фашысцкай Нямеччынай, зьяўляецца тое, што ні ў каго з апытаных не аказалася вольнага часу.

Асабістае запрашэньне на сьвяткаваньне Дня Перамогі ў Маскве атрымаў прэзыдэнт Ізраіля Рэўвэн Рыўлін, аднак ён паведаміў, што ня зможа прыляцець, паколькі 9 траўня выпадае на суботу. Рыўлін выконвае габрэйскія традыцыі і ня можа парушаць «Шабат». Акрамя таго, у названыя даты ён будзе знаходзіцца ў Нямеччыне, дзе будзе адзначацца 50-годзьдзе дыпляматычных адносін паміж краінамі.

Па розных прычынах адмовіліся ляцець у Маскву былы прэзыдэнт Ізраіля Шымон Перэс, а таксама кіраўнік МЗС Авігдор Лібэрман. Некалькі дзён таму адмяніла візыт у расейскую сталіцу дэпутат Кнэсэту і міністар абсорбцыі Софа Ландвэр. Паводле інфармацыі тэлеканала, ад Ізраіля на парадзе будзе прысутнічаць амбасадар Ізраіля ў Маскве Дорыт Голендэр.

Пры гэтым тэлеканал выказаў здагадку, што сапраўднай прычынай, па якой Ерусалім вырашыў практычна праігнараваць сьвяткаваньне Дня Перамогі ў Маскве, стала зьняцьце эмбарга на пастаўкі Ірану зэнітна-ракетных комплексаў С-300. Хоць афіцыйна гэтая прычына не была названая.

Тэлеканал адзначае, што расейскія СМІ асудзілі Ізраіль, назваўшы адмову даслаць высокапастаўленага прадстаўніка ўрада «ізраільскай аплявухай».