Учора за сем вечаровых гадзінаў плошча пажараў у Забайкальлі павялічылася на траціну — амаль да 57 тысяч гектараў. Усяго ў Забайкальскім краі шугаюць 112 пажараў у 18 раёнах.
Агонь дабраўся да прыгарадаў сталіцы краю — Чыты. Мясцовыя ўлады пачалі адтуль эвакуацыю жыхароў. Горад пакутуе ад смогу.
«Раслясгас» паведаміў, што вырашыў узмацніць групоўку авіялесааховы — у дадатак да 145 пажарных, якія ўжо працуюць у рэгіёне, накіроўваецца яшчэ 100 чалавек. Ведамства таксама папракае мясцовых жыхароў, якія ігнаруюць забарону на выкарыстаньне агню на прыродзе.
Зьявілася інфармацыя, што пажары з Расеі перакінуліся ў Кітай.
Тым часам у іншым сібірскім рэгіёне Расеі — Хакасіі — колькасьць ахвяраў пажараў павялічылася да 23 чалавек. Больш за 900 чалавек там пацярпелі, каля 5 тысяч чалавек засталіся бяз даху над галавой.