Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) завяла новую крымінальную справу аб узурпацыі ўлады супраць былога прэзыдэнта краіны Віктара Януковіча, яго высокапастаўленых паплечнікаў і судзьдзяў Канстытуцыйнага суду.
Пра гэта ў сваім Facebook паведаміў намесьнік старшыні працоўнай групы пры Мін’юсьце па дапрацоўцы закону аб люстрацыі Карл Волах.
Як падкрэсьліў Волах, гэтая крымінальная справа «лёсавызначальная для Ўкраіны» і «ня мае аналягаў ва ўкраінскай юрыспрудэнцыі».
У дачыненьні да Януковіча ва Ўкраіне заведзена ўжо некалькі крымінальных спраў. Пячэрскі раённы суд Кіева завочна арыштаваў былога прэзыдэнта краіны. Яго абвясьцілі ў міжнародны вышук па лініі Інтэрполу. У лютым мінулага году Вярхоўная рада Ўкраіны пастанавіла, што Януковіч самаўхіліўся ад выкананьня сваіх абавязкаў, а паводле закону аб люстрацыі ён «узурпаваў уладу і прывёў да падрыву асноваў нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны».
Кіеў мае намер дамагчыся экстрадыцыі Януковіча, які знаходзіцца ў Расеі.