Пра гэта пішуць украінскія крыніцы TCN і Уніан.
Расейскі канал тэлеканал «Звезда» паведамляе, што цела Януковіча ўжо накіравалі на анэксаваны паўвостраў спэцрэйсам у Сімфэропаль.
Дарадца кіраўніка МУС Украіны Антон Герашчанка распавёў расейскай службе Бі-бі-сі, што сын экс-прэзыдэнта Украіны Віктара Януковіча загінуў падчас прыватнай паездкі ў Сібір. Пазьней украінская Партыя рэгіёнаў пацьвердзіла факт гібелі. У заяве гаворыцца, што Януковіч-малодшы загінуў 20 сакавіка ва ўзросьце 33 гадоў.
Раней у СМІ зьявіліся непацьверджаныя зьвесткі аб тым, што Віктар Януковіч-малодшы загінуў, праваліўшыся на аўтамашыне пад лёд на возеры Байкал. Па словах Герашчанкі, які не называе свае крыніцы, Януковіч і яго пасажыры наехалі на тонкі лёд, і машына ўпала на той бок, дзе сядзеў Януковіч.
«Ён быў прышпілены, хоць звычайна пры язьдзе ў небясьпечных, гарыстых мясцовасцях і па лёдзе не рэкамэндуецца прышпільвацца. Калі ён стаў адшпільвацца, каб выйсьці з машыны, ён ужо не мог адкрыць дзьверы, а іншыя людзі вылезьлі з другога боку і засталіся жывыя», — растлумачыў Герашчанка у гутарцы з bbcrussian. com.
Віктар Януковіч быў дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны сёмага скліканьня. Пасьля адхіленьня бацькі ад улады ён пакінуў Украіну і, як паведамляецца, жыў у Расеі.
BBC, спасылаючыся на Герашчанку, піша, што сакрэтным указам Пуціна уся сям’я Януковічаў атрымала расейскае грамадзянства. Януковіч-малодшы хутчэй за ўсё узяў дзявочае прозьвішча сваёй жонкі і жыў у Расеі па пашпарце на імя Віктар Давыдаў. Ва ўкраінскіх уладаў да яго не было прэтэнзій і зьмена прозьвішча была выклікана хутчэй за ўсё жаданьнем жыць больш прыватна.