Даведнік «Композиторы Беларуси» — без Уладзімера Мулявіна

У Менску выйшаў даведнік «Композиторы Беларуси», складзены на замову і пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі.

Зьмест даведніка склалі артыкулы пра айчынных творцаў — сябраў Саюзу кампазытараў Беларусі, якія працуюць у розных жанрах акадэмічнай музыкі. Такім чынам, па-за ўвагай складальнікаў даведніка апынуліся кампазытары, якія працавалі ў песенным жанры. Сярод іх і Ўладзімер Мулявін.

Аўтары кнігі Тацяна Мдывані і Вера Гудзей-Каштальян сабралі пад адной вокладкай інфармацыю пра больш як 90 кампазытараў, даўшы характарыстыку творчасьці кожнага зь іх і склаўшы сьпісы іх асноўных твораў. Першы такога кшталту даведнік выдаваўся амаль дваццаць гадоў таму.

Вядома, што да пэўнага часу сябрамі Саюзу кампазытараў Беларусі маглі стаць толькі тыя творцы, якія мелі ў даробку творы акадэмічных жанраў. Кампазытары-песеньнікі пры гэтым ігнараваліся. Тым ня менш у 1986 годзе Ўладзімер Мулявін стаў сябрам гэтай арганізацыі, працуючы ня толькі як кампазытар-песеньнік, але і як аўтар твораў вялікіх формаў: опэры-прытчы «Песьня пра долю», музычнага спэктакля «На ўвесь голас», вакальнага цыклю «Я — не паэта».

У прадмове да даведніка складальнікі прыводзяць крытэры, згодна зь якімі той ці іншы творца лічыўся вартым іх увагі. Сярод іх — наяўнасьць ганаровых званьняў «Народны артыст» (Мулявін — народны артыст БССР і СССР), дзяржаўных узнагарод (Мулявін — кавалер ордэна і мэдаля Францыска Скарыны).

Музыка Валер Дайнека, колішні ўдзельнік гурту «Песьняры», гэтак пракамэнтаваў сытуацыю:

— Ня думаю, што Мулявін, калі б быў жывы, пакрыўдзіўся на гэта. Валодзя быў самабытным музыкантам-песеньнікам, ягоныя задумы рупліва, па драбку, увасаблялі калегі-музыканты, і з гэтага нараджалася нешта!

— Ня думаю, што Мулявін, калі б быў жывы, пакрыўдзіўся на гэта. Валодзя быў самабытным музыкантам-песеньнікам, ягоныя задумы рупліва, па драбку, увасаблялі калегі-музыканты, і з гэтага нараджалася нешта!

У тым жа духу выказаўся і Алег Аверын, які таксама ў свой час працаваў з Уладзімерам Мулявіным:

— Для кожнага даведніка існуюць свае крытэрыі адбору. Думаю, Мулявін бы проста махнуў рукой. Гэта не такі істотны факт.