Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі рэжысэр: Ніхто з маіх беларускіх сяброў не расказваў пра фашыстаў, пра бандэраўцаў — толькі падтрымка


Спэктакль кіеўскіх актораў «Кураж» на міжнародным моладзевым тэатральным форуме «Март-кантакт»
Спэктакль кіеўскіх актораў «Кураж» на міжнародным моладзевым тэатральным форуме «Март-кантакт»

Воклічамі «Слава Ўкраіне» ды працяглымі авацыямі віталі ў Магілёве спэктакль кіеўскіх актораў «Кураж» на міжнародным моладзевым тэатральным форуме «Март-кантакт». Спэктакль паводле п’есы Бэртольда Брэхта паставілі за год да трагічных падзеяў ва Ўкраіне выпускнікі Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту тэатру, кіно і тэлебачаньня імя Карпенкі-Карага. Пастаноўка антываенная. Перад паказам спэктакля яго рэжысэр-пастаноўшчык Аляксей Склярэнка адказаў на пытаньні беларускай Свабоды.

— Украіна перажывае няпросты пэрыяд свае гісторыі. Як рэагуе на яго тэатральная супольнасьць? Ці зьяўляюцца пастаноўкі з адлюстраваньнем выпрабаваньняў, якія выпалі на долю ўкраінцаў?

— Я ня памятаю, каб былі пастаноўкі, зьвязаныя з гэтымі падзеямі — хутчэй кіно і разавыя акцыі, пэрформансы.

Калі я працаваў са студэнтамі, то мне даводзілася шмат і доўга гаварыць зь імі пра вайну. Пра тое, што людзі перажываюць падчас вайны, пра страты, пра жанчын на вайне. Я прыносіў студэнтам фатаздымкі жаночых твараў. Прасіў чытаць больш літаратуры пра вайну, бо студэнты меліся быць пераканаўчымі. І, на мой жах, усё, пра што мы зь імі гаварылі да пастаноўкі, прыйшло ў іхнае жыцьцё.

Цяпер яны маюць дужа сур’ёзную адказнасьць, бо ня могуць быць проста праўдападобнымі. Яны павінны быць дужа пераканаўчымі, бо людзі, якія прыходзяць у залю, ужо ведаюць, што такое вайна, не па чутках — у некага бацька ваюе, а ў кагосьці брат. Тыя, хто прайшоў Майдан, — я не бяруся параўноўваць яго з тымі падзеямі, якія адбываюцца на ўсходзе Ўкраіны, але і на ім было страшна, калі гарэла плошча, забівалі людзей. Таму тут дужа важная грамадзянская пазыцыя, далучанасьць і пераканаўчасьць.

Аляксей Склярэнка
Аляксей Склярэнка

— Ці зьменяць гэтыя падзеі кірунак мысьленьня тэатральнай супольнасьці?

— Так, вядома ж. Любыя падобныя падзеі адлюстроўваюцца ў культуры, у мастацтве. Я думаю, што будзе нямала і каньюнктуры. Тое, як творча праяўляюць сябе людзі ў жыцьці, не дае права мастакам ставіцца да гэтага ўсяго легкадумна. Гэта вялікая адказнасьць.

Творчы прарыў, які быў падчас Майдану ў мастакоў ды простых людзей, — яны тварылі сваё жыцьцё. І цяпер гэта працягваецца ў валянтэрскім руху, малюнках, якія пастаянна рассылаюцца. Я маю сувязі з тымі, хто ваюе, дык яны кажуць: «Тое, як мы рагочам, цяжка ўявіць. Сьмяемся ўвесь час, але пры гэтым нехта гіне». Вось гэтая творчая энэргія ў нейкай ступені ратуе нас.

Мы на парозе пераменаў, у тым ліку і творчых.

Фрагмэнт спэктаклю «Кураж»
Фрагмэнт спэктаклю «Кураж»

Летась я гутарыў з вашым калегам зь Львова Яраславам Федарышыным. Ён казаў, што тады быў неспакой, што можа пачацца буйнамаштабная вайна. Што для ўкраінца цяпер страшнае? Ці ёсьць боязь, што нешта можа зьмяніцца катастрафічна і вы ніяк ня зможаце на сытуацыю паўплываць?

— Гэта і цяпер актуальна. Цяпер ніхто ня можа прадказаць разьвіцьцё падзеяў. Усё, што адбывалася на Майдане, мусіла і скончыцца на ім. Яго маглі разагнаць, раздушыць, але ўсё ж і тады разьвіцьцё падзеяў было непрадказальнае. Прагназаваць нешта цяпер бессэнсоўна. Можа быць што заўгодна. Прызнаюся, што веру ўва ўсё. Ад гэтага і страшна.

Майму сыну тры з паловай гады. Усе падзеі, якія адбываюцца вакол нас, ужо ўвайшлі ў ягонае жыцьцё. Ён ужо рэагуе на ваенных пэўным чынам. Ён разумее, што гэты дзядзька на вайне, а гэты з вайны і нешта яму падарыў.

— Расьце пакаленьне вайны?

— Мне падаецца, што так. Гэта ўвайшло ў жыцьцё, і я баюся нешта прагназаваць. Мне нават гаварыць пра гэта цяжка, бо мы насамрэч у жаху жывём.

— Чаго чакаюць украінцы ад краінаў, якія дапамагаюць ім выстаяць?

— Ёсьць чаканьне, што ў прынцыпе дапамогуць. Што будуць нейкія рашучыя крокі. Вера ў гэта ёсьць. Аднак, як мне падаецца, у людзях больш веры становіцца ў саміх сябе. Ужо вялізная колькасьць людзей разумее, што яны могуць зрабіць нешта самі, каб выстаяць. Валянтэрскі рух жыве на крок, на два, на тры, на чатыры наперад. Людзі сталі хутчэй думаць.

— Стаўленьне да Расеі мяняецца? Украінцы, як і раней, расейцаў успрымаюць як братоў?

— Дужа складанае пытаньне. Я пятнаццаць гадоў пражыў у Расеі. Пятнаццаць гадоў адпрацаваў у тэатры Рамана Вікцюка. Я меў гонар ставіць харэаграфічныя пастаноўкі ў Малым тэатры, у Тэатры сатыры. У Расеі ў мяне дужа шмат сяброў і знаёмых. Дужа шмат эмацыйных прывязак.

З многімі блізкімі сябрамі ў мяне сапсаваліся адносіны, а з многімі наадварот. З тымі, з кім я ня меў узаемінаў, яны завязаліся. Тут, відаць, варта гаварыць пра стаўленьне да расейскай улады. Хаця, шчыра вам скажу, у працэнтных суадносінах дужа мала людзей у Расеі, зь якімі можна знайсьці агульную мову на гэтую тэму. Яны ёсьць, але, будзем шчырымі, іх дужа мала. З многімі празь несупадзеньне поглядаў спыніліся стасункі. У нас не было сварак — проста перасталі пісаць адзін аднаму, тэлефанаваць — неяк само сабой выйшла. Я тэарэтычна разумею, што чалавек зойме такую пазыцыю, і я зь ім ня маю стасункаў.

Калі пачаліся падзеі ў Кіеве... Калі б такія ж падзеі пачаліся ў Маскве з маімі сябрамі, я б сарваў тэлефон і не выказваў бы свайго палітычнага погляду, а толькі запытаўся, ці жывыя яны, здаровыя. А ў мяне многа людзей проста зьнікла з майго жыцьця. Так у многіх. Многія вярнуліся адтуль, адмовіўшыся ад сур’ёзных заробкаў, бо гэта ўсё цяжка.

— А беларусы для ўкраінцаў — яны хто? Браты ці няясна хто?

— Я думаю, што браты. Прынамсі, з маіх беларускіх сяброў мне ніхто не расказваў пра фашыстаў, пра бандэраўцаў — наадварот, толькі падтрымка. Нехта ставіўся нэўтральна. Мы прыехалі сюды, сустракаемся зь людзьмі і абсалютна камфортна сябе адчуваем. Дарэчы, адзін зь першых, хто загінуў на Майдане, быў беларусам. І колькі беларусаў тады прыяжджала да нас...

Спэктакль кіеўскіх маладых актораў паводле п’есы Бэртольда Брэхта «Матухна Кураж і яе дзеці» — пра тое, як жанчына ідзе праз вайну ды жыве з вайны. Вайна — сэнс яе жыцьця. На гэтым шляху яна губляе ўсё: сваю сям’ю, сваіх дзяцей. Здаецца, губляе сэнс свайго існаваньня, але працягвае ісьці далей. У спэктаклі няма ніводнага слова, толькі мова плястыкі цела. Шмат музыкі. Больш кранальныя фрагмэнты пастаноўкі суправаджаюцца фальклёрнымі ўкраінскімі песьнямі. Гледачы на іх рэагавалі воплескамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG