ЗША пацьвярджаюць перакідку ў Данбас расейскай цяжкай ваеннай тэхнікі

10 сакавіка 2015 году.

Памочнік дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Вікторыя Нуланд пацьвердзіла ў аўторак факт перакіданьня ў Данбас расейскай цяжкай ваеннай тэхнікі.

Нуланд выступіла ў камітэце па замежных справах Сэнату ЗША на слуханьнях па ўкраінскай палітыцы і супрацьстаяньню Расеі.

Your browser doesn’t support HTML5

Нуланд: на Ўсходзе Ўкраіны загінулі таксама сотні маладых расейцаў

У Чорным моры ў аўторак пачаліся ваенна-марскія вучэньні НАТО.

У іх удзельнічаюць амэрыканскі ракетаносец Vicksburg і караблі шасьці саюзьнікаў — Турцыі, Румыніі, Баўгарыі, Канады, Нямеччыны і Італіі.

Прадстаўнік ВМС Баўгарыі заявіў, што ў пляне вучэньняў — адпрацоўка супрацьпаветранай і супрацьлодкавай абароны, баявых манэўраў буйных караблёў.

Паўночнаатлянтычны альянс ужо правёў сэрыю вучэньняў ва Усходняй Эўропе — у мэтах падтрымаць саюзныя краіны, занепакоеныя магчымымі агрэсіўнымі памкненьнямі Расеі — пасьля анэксіі ёю Крыма ў сакавіку 2014 года.

У панядзелак ЗША перакінулі ў Латвію каля 750 адзінак баявой тэхнікі — танкаў, бронемашын, верталётаў.

На мінулым тыдні Міністэрства абароны Расеі абвясьціла аб пачатку маштабных ваенных вучэньняў на поўдні краіны, а таксама ў далучаным Крыму і самаабвешчанай Рэспубліцы Абхазія.