У Баранавічах апаганілі крыж ахвярам камуністычных рэпрэсіяў

Крыж усталяваны каля былой сталінскай турмы Крывое кола

Невядомыя вандалы спалілі вянок каля мэталічнага крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Баранавічах.

Як распавёў Свабодзе баранавіцкі грамадзкі дзеяч Віктар Сырыца, гэта ня першы выпадак вандалізму каля крыжа памяці:

«І раней зрывалі вянкі, стужкі нашы бел-чырвона-белыя, кветкі псавалі ды раскідалі... Мы ж традыцыйна зьнічкі там запальваем на Дзяды, на Радуніцу, то часта і гэтыя лямпадкі раскідаюць па тэрыторыі. Але вось каб вянок спаліць, такое першы раз. Вянок, дарэчы, мы штогод увесну і ўвосень новы ставім. Падобныя зьявы ў нас бываюць і ў іншых месцах. Найперш — ва ўрочышчы Гай, дзе ўсталяваны помнік памяці расстраляных у 1942 годзе габрэяў. Гэты мэмарыяльны комплекс апаганьваецца зь яшчэ большай рэгулярнасьцю».

Спалены вянок каля Крыжа ахвярам гвалту 1939-1953 гг

Віктар Сырыца распавёў, што рыхтуе і заўтра панясе ў міліцыю заяву аб апаганьваньні помніка:

Трэба, каб знайшлі гэтых вандалаў. Але я ні разу ня чуў, каб кагосьці знайшлі і пакаралі за гэта.

«Трэба, каб знайшлі гэтых вандалаў. Але я ні разу ня чуў, каб кагосьці знайшлі і пакаралі за гэта. Калі яны захочуць, то знойдуць, але ў мяне такое ўражаньне, што ня надта яны хочуць шукаць...»

Крыж-помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў быў усталяваны актывістамі ў 1992 годзе ў цэнтры Баранавічаў, кажа Віктар Сырыца:

«Але потым КДБ уначы патаемна ад нас перавёз яго на тэрыторыю былой турмы. Каб далей ад людзкіх вачэй. Але ня выкінулі яго, а пераўсталявалі. Па кнізе Татаранкі, там расстралялі НКВДшнікі з 1939 па 1941 год некалькі тысяч чалавек».