Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Космас, жанчыны, нацыянальна-вызваленчы патас. Распачаўся фэстываль беларускіх аўтарскіх паштовак


Belarus - banner belarusian postcard, Courtesy
Belarus - banner belarusian postcard, Courtesy

Музэй гісторыі беларускага кіно сумесна зь Беларускім саюзам дызайнэраў запачаткавалі Першую беларускую выставу-фэстываль аўтарскай паштоўкі «Post Scriptum». Імпрэза прымеркаваная да Дня Сьвятога Валянціна і 8 сакавіка.

Напярэдадні, 14 лютага, пачалося галасаваньне за найлепшую паштоўку — кожны з наведнікаў разам з уваходным квітком атрымлівае «бюлетэнь». Як паведамілі арганізатары, грошы за квіткі пойдуць у прызавы фонд, а вынікі будуць абвешчаныя 7 сакавіка.

Ягор Сурскі
Ягор Сурскі

Як адзначае куратар выставы Ягор Сурскі, у часы інтэрнэту і электронных ліставаньняў традыцыйная паштоўка губляе сваю былую папулярнасьць. Тым ня меней, яна ўвасабляе сабой значны пласт разьвіцьця мастацкай культуры. Таму сёньня паштоўка ёсьць важным як элемэнтам іміджавай рэпрэзэнтацыі пэўных суполак, так і асабістага пасланьня. Паводле спадара Сурскага, замяніць электронным аналягам дотыкавую адчувальнасьць паштоўкі, матэрыялізаваную памяць аб тым, хто яе падпісаў, сучасныя інфармацыйныя тэхналёгіі пакуль ня ў стане. Са стратай традыцыі дасылаць віншавальную паштоўку чалавек незаўважна губляе пэўную часьціну самога сябе, свайго індывідуалізму.

Як кажа Ягор Сурскі, першы нацынальны фэстываль аўтарскай паштоўкі мае на мэце спрыяць адраджэньню гэтага жанру. У экспазыцыі рэпрэзэнтаваныя як гістарычныя ўзоры паштовак пачатку ХХ стагодзьдзя, так і працы вядомых беларускіх аўтараў. Асобнай часткай праекту — конкурсныя працы, адмыслова распрацаваныя беларускімі дызайнэрамі і мастакамі. Таксама ў межах выставы пройдуць майстар-клясы самаробнай паштоўкі, этагамі і каліграфіі, пройдуць тэматычныя вечарыны.

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

З нагоды адкрыцьця імпрэзы мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі падрыхтаваў храналёгію ўзьнікненьня аўтарскай паштоўкі на тэрыторыі Беларусі. Ён адзначае, што першыя паштоўкі з мастацкімі выявамі беларускіх сюжэтаў зьявіліся прыканцы 1860-х у расейскіх выдавецтвах. Перадусім — з рэпрадукцыямі «Беларускіх малюнкаў» слыннага ілюстратара Міхаіла Мікешына, які часта адведваў родны край. Малюнкі, зробленыя ў ваколіцах Клімавічаў, — «Беларуская дзяўчына», «Жанiх i нявеста», «Дзед i баба», «Банкiр i шляхцiч» ды іншыя — шырока рэпрадукаваліся ў тагачасным друку.

У 1906 годзе пецярбурская суполка «Загляне сонца і ў наша ваконца» выдала першую, уласна беларускую, паштоўку ў гонар Янкі Лучыны, дзе побач з партрэтам паэта былі зьмешчаныя радкі яго твору. Агулам суполка выдала звыш двух дзясяткаў паштовак, сярод якіх былі і маляваныя: «Вінцук Марцінкевіч», «Двор Касьцюшкі ў Мерачоўшчыне», «Апостал Скарыны» ды іншыя.

Акурат 100 гадоў таму, піша далей Сяргей Харэўскі, «Таварыства імя Францыска Скарыны» выдала паштоўкі і плякаты з выявай беларускага кнігадрукара. Увогуле, матывы старадрукаў — «Беларуская Біблія», «Беларускае Эвангельле», «Беларускі псалтыр» — самая значная частка беларускіх ілюстраваных паштовак пачатку ХХ стагодзьдзя. Унікальная паштоўка невядомага аўтара з выяваю беларускіх дзяцей ды надпісам «Белоруссы» напачатку ХХ стагодзьдзя выйшла ў Парыжы.

Асобную групу аўтарскіх мастацкіх паштовак складаюць нямецкія паштоўкі часоў Першай усясьветнай вайны, на якіх выяўлены беларускія краявіды і жанравыя сцэнкі. Ад часу той вайны беларускі сьвет падзяліўся напалам: па заходні бок па-ранейшаму выдаваліся паштоўкі з рэлігійнай і нацыянальна-вазваленчай тэматыкай, па ўсходні — нарастала савецкая прапаганда.

Першыя мастацкія паштоўкі Беларускай Народнай Рэспублікі адлюстроўвалі нацыянальную сымболіку. Варта найперш згадаць бэрлінскую паштоўку з гербамі беларускіх гарадоў, а таксама выдадзеную ў Коўне Беларускім таварыствам імя Скарыны паштоўкі з Нацыянальным беларускім штандарам. Былі паштоўкі БНР з партрэтамі беларускіх дзеячаў — Цёткі, Алеся Гаруна, Івана Луцкевіча. У 1922 годзе, пасьля Рыскага міру, у Бэрліне выйшла чорна-белая паштоўка, на якой выяўлена жаночая постаць, якая нясе крыж з надпісам «Беларусь». Яе бізуном паганяе польскі пан, трымаючы ланцуг, да якога прывязана жанчына.

Са сканчэньнем савецка-польскай вайны матывы і вобразы беларускіх паштовак сталі больш разнастайныя, але па-ранейшаму ў іх прэваляваў нацыянальна-вызваленчы патас. Цэнтральнае бюро аб’яднаньня беларускіх пісьменьнікаў «Маладняк» выдадавала ілюстраваныя паштоўкі з партрэтамі Кастуся Каліноўскага, Янкі Купалы, Скарыны і г. д. Наагул 1920-я — эпоха росквіту мастацкіх паштовак у Беларусі, што выдаваліся рознымі выдавецтвамі і арганізацыямі — Беларускі Чырвоны Крыж, Беларускае кіраўніцтва сувязі, Беларускае дзяржаўнае выдавецтва, краязнаўчыя таварыствы, рэдакцыі газэтаў.

У Заходняй Беларусі «Беларускае выдавецкае Таварыства імя Ф. Скарыны» ды іншыя нацыянальныя арганізацыі выдавалі ня толькі паштоўкі з партрэтамі клясыкаў беларускай культуры розных часоў, але і з аўтарскімі малюнкамі, рэпрадукцыямі твораў беларускіх мастакоў. Выдавецтва беларускага студэнцкага саюзу ў Вільні выдала ў выглядзе паштовак рэпрадукцыі карцінаў Язэпа Драздовіча «Пажар гарадзішча», Пётры Мірановіча «Зіма на Дзьвіншчыне», Пётры Сергіевіча «У буру».

Сяргей Харэўскі ўдакладняе, што ў паваенны час мастацтва паштовак перажывала супярэчлівы пэрыяд, дзе з аднаго боку былі магутныя паліграфічныя магчымасьці, а зь іншага — адбывалася няўхільная ўніфікацыя вобразаў і тэмаў. Да 1960-х беларускія паштоўкі з партрэтамі дзеячаў культуры, савецкай улады, герояў вайны, з выявамі помнікаў гісторыі культуры выходзілі ў друкарнях Кіева, Ленінграда і Масквы. Пасьля паштоўкі, у тым ліку аўтарскія, пачалі выдаваць у Дзяржаўным выдавецтве БССР, выдавецтвах «Звязда» і «Беларусь».

Тым часам на эміграцыі выходзіла багата аўтарскіх паштовак на рэлігійную тэматыку і з нацыянальна-вызваленчымі матывамі. Вялікая ўвага надавалася нацыянальнаму пантэону.

Беларуская паштоўка, выдадзеная на Захадзе
Беларуская паштоўка, выдадзеная на Захадзе

Над аўтарскімі паштоўкамі працавалі і творцы, якія атрымалі на Захадзе мастацкую адукацыю — напрыклад, добра вядомыя аўтарскія паштоўкі працы Івонкі Сурвілы, якая атрымала прафэсійную адукацыю ў Парыжы, а таксама Пётры Мірановіча, Віктара Жаўняровіча, Галіны Русак, Мікалая Пашкевіча.

Паштоўка Івонкі Сурвілы
Паштоўка Івонкі Сурвілы

Да 1970-х сфармаваліся каноны савецкай беларускай паштовачнай тэматыкі, якія перадусім тычыліся каляндарнага цыклю савецкіх сьвятаў — Новы Год, 23 лютага, 8 сакавіка, 9 мая, 7 лістапада.

Новай тэмай сьвяточных паштовак у БССР стаў Космас. Зьдзяйсьненьні касманаўтаў, фантастычная літатаратура захапілі зорнай тэматыкай і многіх беларусаў. Традыцыйна вялікі пласт займалі прынагодныя сюжэты да савецкіх сьвятаў — «мужчынскага» 23 лютага і «жаночага» 8 сакавіка. Гэтыя сьвяты сталі сьвятамі, адпаведна — усіх мужчынаў і ўсіх жанчынаў незалежна ад узросту. Тым часам у алімпійскім 1980 годзе ў Менску выйшла легендарная аўтарская паштоўка «1000 год Беларусі» з выяваю Пагоні. Яна была зроблена і адціснута Яўгенам Куліком у ягонай майстэрні «На паддашку».

Сяргей Харэўскі згадвае, што ў галіне аўтарскай паштоўкі ў другой палове ХХ стагодзьдзя працавалі самыя розныя беларускія мастакі: Алег Арлоў, Уладзімер Басалыга, Яўген Бусел, Мікола Гаўрыловіч, Уладзімер Пашчасьцеў, Янка Раманоўскі, Канстанцін Хацяноўскі, Арнольд Хількевіч ды іншыя. У часы «перабудовы» тэматыка аўтарскіх паштовак пашырылася, зьявіліся першыя недзяржаўныя выдаўцы. З развалам СССР, калі над Беларусьсю зазьзяла Пагоня, падзел на айчынныя і эміграцыйныя тэндэнцыі і вобразы зьнік. Але ня зьнікла плойма сюжэтаў, што былі запачаткаваныя яшчэ ў далёкія савецкія часы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG