Расея пра працяг санкцыяў: Эўразьвяз абраў курс на абвастрэньне

Міністэрства замежных справаў Расеі адрэагавала на рашэньне кіраўнікоў дыпляматычных ведамстваў краінаў Эўразьвязу працягнуць санкцыі супраць шэрагу расейцаў і прарасейскіх сэпаратыстаў.

У апублікаваным на сайце МЗС Расеі камэнтары гаворыцца, што «Эўразьвяз стаў у чарговы раз закладнікам агрэсіўнай меншасьці, для якой украінскі крызыс толькі падстава для навязваньня русафобскіх падыходаў».

У зьнешнепалітычным ведамстве Расеі лічаць, што эскаляцыю канфлікту на паўднёвым усходзе Ўкраіны «ініцыяваў Кіеў акурат пад мерапрыемствы ў Эўразьвязе, што, дарэчы, нікога ў Брусэлі не зьбянтэжыла».

Санкцыі ў заяве назвалі «беспэрспэктыўным падыходам, які толькі шкодзіць народам і эканомікам краін».

Напярэдадні на сустрэчы ў Брусэлі міністры замежных справаў краінаў ЭЗ дамовіліся працягнуць цяперашнія санкцыі супраць Расеі на паўгода. Між тым, новыя абмежаваньні працягваюць абмяркоўваюць. Гэтак, у Эўразьвязе цягам тыдня, да 9 лютага, мусяць вызначыць і дадаць новыя імёны ў «чорны сьпіс» тых, на каго распаўсюджваюцца візавыя абмежаваньні і замарожваньне актываў. Гаворка ідзе таксама пра эмбарга ў дачыненьні да расейскіх кампаніяў, якія маюць дачыненьне да канфлікту на Данбасе.

Міністры правялі экстраныя перамовы пасьля таго, як прарасейскія сэпаратысты пачалі новы наступ на ўсходзе Ўкраіны.