Эўрапейскі парлямэнт у сераду падтрымаў «у прынцыпе» ідэю прызнаньня палестынскай дзяржавы на базе мірнага суіснаваньня з Ізраілем у межах 1967 году. Ерусалім павінен стаць сталіцай абедзьвюх дзяржаваў.
У рэзалюцыі, якая ня носіць абавязковага юрыдычнага характару, падкрэсьліваецца, што такое рашэньне павінна грунтавацца на праве нацый на самавызначэньне і поўным выкананьні міжнародных законаў.
У дакумэнце падкрэсьліваецца важнасьць кансалідацыі палестынскіх палітычных сілаў, уключаючы ХАМАС, а таксама гаворыцца аб незаконнасьці габрэйскіх паселішчаў.
Пры гэтым дэпутаты рашуча асудзілі акты тэрарызму і гвалт у рэгіёне. Эўрапарлямэнт выступіў з ініцыятывай правесьці сустрэчу ізраільскіх і палестынскіх заканадаўцаў.