Саўчанка абскарджвае псыхіятрычную экспэртызу

Надзея Саўчанка, архіўнае фота

Басманны суд Масквы сёньня разгледзіць скаргу абароны ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанка на пастанову аб прызначэньні ёй стацыянарнай псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы.

Лётчыца Надзея Саўчанка абвінавачваецца расейскім бокам у датычнасьці да гібелі расейскіх журналістаў пад Луганскам.

На мінулым тыдні Саўчанка перадала ў Басманны суд Масквы заяву з просьбай аб асабістай яўцы на пасяджэньне па абскарджаньню правядзеньня псыхоляга-псыхіятрычнай экспэртызы. Як паведаміў яе адвакат Мікалай Полазаў, Саўчанка будзе хадайнічаць аб разглядзе скаргі абароны ў адкрытым рэжыме.

У канцы верасьня Надзею Саўчанка даставілі ў Маскву з СІЗА Варонежа для правядзеньня комплекснай псыхалягічнай экспэртызы.

Абарона ня згодная з рашэньнем Сьледчага камітэта Расеі аб правядзеньні псыхіятрычнай экспэртызы ў стацыянары. Раней Саўчанка праз сваіх адвакатаў адмовілася адказваць на пытаньні псыхіятраў, забараніла праводзіць любыя абсьледаваньні, аказваць на яе любое фізычнае, псыхічнае і маральнае ўзьдзеяньне.

У суботу Мікалай Полазаў паведаміў, што Сьледчы камітэт Расеі адмовіўся далучыць да справы Саўчанка доказы яе невінаватасьці.

Адвакат Марк Фейгін напісаў у нядзелю ў твітэры, што абарона рыхтуе звароты ў міжнародныя арганізацыі з заклікам прысвоіць Надзеі Саўчанка статус «вязьня сумленьня».

Паводле зьвестак сьледзтва, у чэрвені Надзея Саўчанка нібыта выконвала функцыі карэкціроўшчыцы агню пры абстрэле, які вялі ўкраінскія вайскоўцы пад Луганскам, і ў выніку якога загінулі два журналісты расейскага тэлебачаньня. Усе абвінавачваньні Саўчанка адхіляе і сьцьвярджае, што была захоплена сэпаратыстамі ў Данбасе, а затым перапраўлена ў Расею.