Магілёў. Управа юстыцыі будзе судзіцца з праваабаронцамі

Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму накіравала пазоў у абласны суд, каб прыпыніць на тры месяцы дзейнасьць Магілёўскага праваабарончага цэнтру нібыта за «грубае парушэньне заканадаўства».

У пазове гаворыцца, што аб’яднаньне «не прадстаўляла ва ўстаноўлены час дакумэнты, неабходныя для рэгістрацыі зьменаў юрыдычнага адрасу». Як вынікае з пазову, суполцы былі вынесены два папярэджаньні, якія не абскарджваліся. А выяўленыя парушэньні заканадаўства не выпраўляліся.

У праваабарончым цэнтры заяўляюць, што ў іх ёсьць сядзіба зь юрыдычным адрасам. Дакумэнты зь ёй падаваліся ва ўпраўленьне юстыцыі, аднак зьмены ў статут не зарэгістравалі. Чыноўнікі ўгледзелі ў дакумэнтацыі недакладнасьці ў мэтражы памяшканьня і запатрабавалі яе перааформіць.

Паводле праваабаронцаў, гаспадар памяшканьня, які спачатку пагадзіўся даць прытулак няўрадавай арганізацыі, пасьля вяртаньня дакумэнтаў з упраўленьня юстыцыі адмовіўся паўторна падпісваць дадатак да дамовы з новымі парамэтрамі сядзібы.

«На яго быў аказаны ціск, — адзначае кіраўнік праваабарончай арганізацыі Ўладзімер Краўчанка. — Гэта распаўсюджаная практыка ўзаемадачыненьняў улады і такіх арганізацыяў, як наша. Навошта ім аб’яднаньні, якія аказваюць юрыдычную дапамогу грамадзянам, якія больш яе нідзе ня могуць знайсьці, ці такая дапамога матэрыяльна задарагая для іх. А яшчэ мы фіксуем факты карупцыі».

Магілёўскаму праваабарончаму цэнтру 16 гадоў. Гэта адзінае ў Беларусі зарэгістраванае рэгіянальнае праваабарончае аб’яднаньне.

Яе прадстаўнік узначальвае камісію пры ўпраўленьні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму па грамадзкім наглядзе за функцыянаваньнем у рэгіёне турмаў і калёніяў. Праваабаронцы робяць маніторынг парушэньняў падчас судовых пасяджэньняў.

Калі абласны суд задаволіць пазоў упраўленьня юстыцыі, то праваабарончаму цэнтру будзе дазволена дзейнасьць толькі па выпраўленьні парушэньняў заканадаўства.