«Беларусь ніколі не адмаўлялася ад таго, каб даць пляцоўку для ўрэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне.
Мы будзем рады, калі гэта дазволіць арганізаваць паўнавартасны дыялёг», — заявіў карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзьмітры Мірончык.
Першае пасяджэньне трохбаковай кантактнай групы прайшло ў Кіеве 8 чэрвеня. 23 чэрвеня ў Данецкай аблдзяржадміністрацыі прайшлі першыя шматбаковыя кансультацыі, у якіх узялі ўдзел дэпутат Рады Нестар Шуфрыч, амбасадар РФ у Кіеве Міхаіл Зурабаў, прадстаўніца дзейнага кіраўніка АБСЭ Гайдзі Тальявіні, экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Ўкраінскі выбар» Віктар Медзьвядчук, лідэр руху «Паўднёвы Ўсход» Алег Цароў, прадстаўнікі самаабвешчаных ЛНР і ДНР.
Кансультацыі трохбаковай кантактнай групы з прадстаўнікамі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» таксама адбыліся 27 чэрвеня.
У аўторак упаўнаважаная прэзыдэнта па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны Ірына Герашчанка заявіла, што новая сустрэча кантактнай групы Ўкраіна — АБСЭ — Расея можа адбыцца ў Менску.
Камэнтуючы гэтую прапанову, першы віцэ-прэм’ер самаабвешчанай ДНР Андрэй Пургін адзначыў: «Тэарэтычна гэта магчыма, але практычна гэта зрабіць будзе складана, бо перамоўшчыкам ад ДНР у гэтым выпадку прыйдзецца спачатку перайсьці на тэрыторыю Ўкраіны, а потым ляцець у Менск, бо аэрапорт у Данецку не функцыянуе — там разьбіта ўзьлётна-пасадачная паласа», — цытуе Інтэрфакс Пургіна.
Беларусь згодная прапанаваць пляцоўку для пасяджэньня трохбаковай кантактнай групы па сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны.