Чаму мяса ў Беларусі ў 3 разы даражэйшае, чым у суседняй Польшчы?

Цэны на мяса ў Менску як павысіліся месяц таму амаль у два разы, так і працягваюць трымацца, хоць ахвотных выкласьці 15 даляраў за кіляграм сьвініны і 11 даляраў — за кіляграм сала стала істотна менш.
Роўна месяц таму ў гіпэрмаркеце «Гіпа» ў сталічным мікрараёне Ўручча сьвініны не было наагул, ялавічына была па 111 тысяч. Цяпер паліцы літаральна заваленыя і сьвінінай, і ялавічынай. Сьвіны філей і шыя — па 130 тысяч, кумпяк — па 116, грудзінка і рэбры — па 78. Цэны на ялавічыну не зьмяніліся — 111 тысяч. Істотна падаражэлі куры: філе — па 75 тысяч, сьцягно — па 55. Людзі купляюць у асноўным грудзінку па 78 тысяч.

На сталічнай Камароўцы на цэньніках кошты адны, але як толькі патэнцыйны пакупнік зірне на мяса, гандляры пачынаюць прапаноўваць значна таньней, чым напісана. На цэньніках шыя — па 160 тысяч, філей — 150, кумпяк — 130, грудзінка — 110. Звычайнае салёнае сала — таксама па 110 тысяч. Людзі часьцяком праходзяць міма, толькі ўбачыўшы цэньнікі.

Карэспандэнтка: «У прынцыпе, сьвініна можа каштаваць 15 даляраў за кіляграм?»

Спадар: «Ды не, канечне. Гэта палітыка была такая, што павыразалі ўсіх сьвіней у прыватных падворках, потым схамянуліся і зьнішчылі яшчэ і ў пяцікілямэтровай зоне ад сьвінакомплексаў. Зразумела, што трэба гэтыя комплексы берагчы, а то зусім бязь мяса застанемся».

Карэспандэнтка: «А вы чулі, што прэзыдэнт загадаў да 2015 году пагалоўе аднавіць, а зараз будзем з Канады імпартаваць?»

«Так, я разумею — 600 тысяч сьвіней не хапае, і чытаў, што з Канады будзем вазіць. Але беларусаў загналі ўжо ў кут, пэнсіянэраў загналі. Абястлушчваюць з усіх бакоў цэнамі, што ж тут казаць. Поўнымі ня будзем».

Карэспандэнтка: «Як вам кошты мяса?»

Спадарыня: «Жахлівыя. На маю пэнсію не пражывеш і ня купіш мяса».

Карэспандэнтка: «А наагул, сьвініна можа каштаваць 15 даляраў за кіляграм?»

«Не, канечне. Я мяркую, што ўзьвінцілі цэны з-за хакею. Столькі грошай пайшло на гэты чэмпіянат, дык трэба ж папоўніць казну. Але на мяса цэны непад’ёмныя, проста жахлівыя. І ня толькі на мяса. На ўсё цэны вырасьлі. Вельмі цяжка выжыць».

Размаўляю з прадавачкамі мяса на Камароўцы, якія сумуюць без пакупнікоў. І якія, як і пакупнікі, добра ведаюць, чаму так рэзка ўзьляцелі кошты:

Карэспандэнтка: «А скажыце, народ менш стаў купляць мяса?

Гандлярка: «Менш, канечне. Нашмат менш. Усе кажуць нам, і масквічы таксама, што мяса ў нас даражэйшае, чым паўсюль».

Карэспандэнтка: «А як вы думаеце, мяса можа патаньнець?»

«Канечне, можа. Гэта залежыць ад вышэйстаячых органаў»

«Са сьпісу сацыяльна значных тавараў мяса — сьвініну і ялавічыну — выключылі наагул. Адпусьцілі цэны на гэтую прадукцыю, і ўсё. Калгасы адразу і ўзьнялі кошты. Адпускная цана проста шалёна высокая, яна зашкальвае. А ў цану на рынку закладаецца арэнда, транспартныя выдаткі, кляймо. Вось і выходзіць проста непад’ёмная цана. Калі кошты закупу былі прымальныя, на рынку 55 тысяч каштаваў кумпяк, 85 тысяч каштавала шыя. А зараз як адпусьцілі цэны — калгасы „ад балды“ і ўзьнялі кошты. Я ня ведаю, якія ў іх павінны быць выдаткі, калі адпускная цана ў іх — 68 тысяч. Ну, гэта рэальна?»

Для параўнаньня: у суседняй Польшчы ў крамах лапатка бяз косьці каштуе 9 злотых 90 грошай — 33 тысячы на беларускія, альбо крыху больш за 3 даляры. Філей і шыя — прыкладна 5 даляраў. Чаму ў Беларусі мяса ўтрая даражэйшае, чым у той жа Польшчы, пытаюся ў былога міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава:

«У Польшчы ёсьць рынак, існуе свабода прадпрымальніцтва, ёсьць воля. У Беларусі гэтага няма. Я ня ведаю, што далей будзе рабіць урад. Калі будуць працягваць рабіць так, як зараз — то будзе яшчэ горш. Прабачце, але я не кірую гэтым працэсам. Ёсьць міністры, віцэ-прэм’еры, прэм’ер, прэзыдэнт — яны кіруюць. Я ня ведаю, што яны будуць рабіць. Я ведаю, што трэба рабіць, але гэтага рабіць, я думаю, яны ня будуць».

Сёлета ў сярэдзіне красавіка Аляксандар Лукашэнка ў пасланьні да народу і парлямэнту параіў беларусам «менш жэрці бульбы зь мясам». Падобна, кіраўніцтва краіны знайшло, як дапамагчы людзям: цэны на мяса ўзьнялі так, што людзі амаль перасталі яго купляць.

Цэны на Камароўскім рынку